Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курортная ракіроўка. Грэцыя стала для беларусаў даступнай, а Крым — не


Пляж у Грэцыі
Пляж у Грэцыі

Беларускія турысты не баяцца крызіснай Грэцыі, але асьцерагаюцца акупаванага Расеяй Крыму.

Фінансавая сыстэма Грэцыі застаецца ў «замарожаным» стане — насуперак абяцаньням аднавіць дзейнасьць банкаў ад 6 ліпеня, тыя маюць запрацаваць толькі ад наступнага тыдня.

Пакуль грэкам дазволена абнаяўліваць у банкаматах толькі 60 эўра на суткі, лімітаваныя і астатнія апэрацыі плацёжнай сыстэмы.

Як абмежаваньні адаб’юцца на замежных турыстах? Ці не асьцерагаюцца неакрэсьленасьці беларусы?

На навінах пра няздольнасьць Атэнаў дамовіцца з крэдыторамі эўрапейская валюта працягвае абясцэньвацца ў адносінах да амэрыканскага даляра. Цяпер іх суадносіны вагаюцца ў межах 1,10 на карысьць эўра.

Між тым такая тэндэнцыя збольшага на карысьць гасьцям Грэцыі, якія прыяжджаюць з па-за межаў эўразоны: канвэртаваць у эўра ім цяпер ня так шкада, як раней, пры курсе 1,5:1.

Кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстэр удакладняе, што сёлета міжземнаморскае ўзьбярэжжа Грэцыі перацягнула на сябе нават некаторыя баўгарскія напрамкі, якія традыцыйна лічыліся бюджэтнымі:

«Нашых турыстаў цяперашняя сытуацыя ня толькі не палохае — хутчэй, наадварот. Грэцыя ў гэтым годзе з курсам эўра ўтварыла такую нішу, якая схіліла ў свой бок нават некаторыя кірункі Баўгарыі. Зразумела, што ў адным выпадку — Міжземнамор’е, у другім — чарнаморскае ўзьбярэжжа, розныя сытуацыі, розныя магчымасьці. Але Грэцыя нарэшце стала для беларусаў даступнай. Вядома, нельга казаць, што ў масавым парадку пойдзе адмова ад традыцыйна прывабных курортаў іншых краінаў, але ў Грэцыю нашы людзі ляцяць досыць актыўна. То бок сытуацыя збольшага пазытыўная. А калі да канца году яшчэ дачакаемся і абяцанага перагляду кошту візаў да 35 эўра, пра што казалі на саміце ў Рызе, то ў такім выпадку можам падарожнічаць яшчэ больш актыўна».

Грэцыя нарэшце стала для беларусаў даступнай

Пры насельніцтве ў 10 мільёнаў чалавек Грэцыя штогод прымае на адпачынак больш за 20 мільёнаў замежнікаў. У турыстычнай галіне занятыя дзясяткі тысяч мясцовых жыхароў, і любыя палітычна-эканамічныя ўзрушэньні могуць павялічыць і без таго крытычную статыстыку беспрацоўя. Таму, абмяжоўваючы фінансавыя магчымасьці грэкаў, улады намагаюцца захаваць камфортныя ўмовы для турыстаў. Як кажа Валянцін Цэхмэйстэр, для іміджу турыстычнай краіны гэта надзвычай важна:

«Так, паведамляюць, што ў банкаматах можна здымаць толькі па 60 эўра на дзень. Але гэта распаўсюджваецца толькі на мясцовых, замежнікі такіх праблемаў нібыта ня маюць. Што тычыцца беларусаў, то гэта ўвогуле не пытаньне, бо наш чалавек у масе сваёй прызвычаіўся да наяўных грошай, а да картак, асабліва за мяжой, ставіцца з пэўным падазрэньнем. Так, „прасунутыя“ грамадзяне бяруць, здымаюць, але можа здарыцца рознае. Сам згадваю, як гады тры ці ўжо чатыры таму хадзіў па Тбілісі, скрыпеў зубамі, бо пад чарговы крызіс беларускія банкі заблякавалі карткі — і рабі што хочаш. А цяпер калі хто трошкі і пацерпіць, то ня думаю, што гэта будзе надта адчувальна. Прынамсі, не такая ўжо вялікая праблема».

Банкамат у Салоніках
Банкамат у Салоніках

У той час як фінансавы крызіс у адных краінах адчыняе новыя магчымасьці для турыстаў, палітычныя амбіцыі іншых дзяржаў прымушаюць згортваць папулярныя колісь маршруты. У прыватнасьці, так здарылася з Крымам, які пасьля расейскай анэксіі фактычна перастаў быць украінскім і ператварыўся ў тэрыторыю-ізгоя.

Цяпер крымскія санаторыі, у якія яшчэ колькі гадоў таму трапіць было досыць праблематычна, запаўняюцца згодна з разнарадкай расейскіх прафсаюзаў. Такім жа чынам выжывае і здраўніца Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Белоруссия» ў Місхоры, якая шукае кліентаў на заводах і фабрыках па ўсёй Расеі.

Пляж у Крыме
Пляж у Крыме

У добраахвотным парадку ў Крым ня едуць нават расейцы: Украіна не дазваляе праезд па мацерыковай частцы, керчанскі абходны шлях вымагае дадаткова ледзь ня сутак у дарозе. Хоць, як кажа кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстэр, па старой памяці некаторыя беларусы ідуць і на гэта. Але галоўнае, што аднаўляецца цікавасьць да традыцыйных рэгіёнаў Украіны, якія летась былі праваленыя з-за вайны на Данбасе:

«Крым для беларусаў неактуальны, прынамсі пакуль. Зрэшты, калі летась ня толькі Крым, але і тая ж Адэская вобласьць практычна цалкам выпала, то сёлета туркампаніі „ланцужком“ на Адэсу адзін аўтобус грузяць, сяк-так, ёсьць ахвотныя адпачыць у тым рэгіёне. То бок, калі ва Ўкраіну ўсё ж едуць, то Крым „замарожаны“ — можа, яшчэ і таму, што туды цяпер нашмат складаней дабрацца. Значыць, усё трэба разглядаць у такім ключы, што паўвостраў актыўнай турыстычнай падтрымкі мець ня будзе. Праўда, некаторыя турфірмы спрабуюць туды беларусаў адпраўляць, але ёсьць свае нюансы, бо неабходна ехаць праз Расею. Вяртаньне праз Украіну, зноў жа, таксама немагчымае, таму і назад давядзецца ехаць празь вялікае кола. Зразумела, такое падарожжа прад’яўляе пэўныя патрабаваньні да турыста, які ня вельмі свабодны ў сваім волевыяўленьні».

Паводле новастворанага Міністэрства курортаў і турызму Рэспублікі Крым, летась на паўвостраў прыехала ўтрая больш расейцаў, чым за часамі Ўкраіны. Менавіта яны і забясьпечылі асноўную статыстыку наведваньня — блізу 3 мільёнаў чалавек (за ўкраінскім часам у Крыме адпачывалі 6 мільёнаў гасьцей). Да мінулага году ў агульнай масе шматлікасьцю традыцыйна вызначаліся беларусы — звыш чвэрці мільёна турыстаў за сэзон. Летась на акупаваную тэрыторыю адважыліся даехаць некалькі тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG