Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае Эўразьвяз «карты», каб ціснуць на Расею? Аналіз Свабоды


Лідэры ​​Нямеччыны, Францыі, Украіны, Вялікай Брытаніі й Польшчы на сустрэчы ў Кіеве 10 траўня 2025 году
Лідэры ​​Нямеччыны, Францыі, Украіны, Вялікай Брытаніі й Польшчы на сустрэчы ў Кіеве 10 траўня 2025 году

Эўрапейскія лідэры ​​пагражалі «маштабнымі» санкцыямі супраць Расеі, калі яна не пагодзіцца на 30-дзённае спыненьне агню, прапанаванае прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Расея не пагадзілася, і эўрапейскія краіны заяўляюць, што зараз працуюць над пакетам санкцыяў. Але аналітыкі настроеныя скептычна.

Яшчэ ня высахла чарніла на сьвежанадрукаваным 17-м пакеце санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу супраць Расеі і Беларусі, але ўжо ідзе праца над наступным крокам, які, з словаў эўрапейскіх лідэраў, будзе «маштабным», пішуць карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг і эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Але некаторыя аналітыкі папярэджваюць, што ў многім ЭЗ ужо разыграў найлепшыя карты і ў яго іх засталося няшмат, асабліва ў час, калі Вашынгтон, выглядае, ня надта хоча далучацца да гэтага, бо прасоўвае мірныя перамовы паміж Кіевам і Масквой.

«Карты, якія нам яшчэ трэба разыграць, у асноўным уключаюць захады, для якіх нам спатрэбяцца Злучаныя Штаты», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Бэнджамін Гільґеншток, старшы эканаміст Кіеўскай школы эканомікі.

«У прыватнасьці, ідзецца пра выключэньне расейскіх нафты і газу з сусьветных рынкаў у вялікіх аб’ёмах», — сказаў ён, дадаўшы, што такія краіны, як Індыя, Кітай і Турэччына, не перастануць купляць расейскае выкапнёвае паліва па-за межамі другасных санкцыяў ЗША.

10 траўня эўрапейскія лідэры пагражалі Расеі «маштабнымі» санкцыямі, калі Масква не пагодзіцца на 30-дзённае спыненьне агню, прапанаванае Вашынгтонам. Яны заявілі, што вылучылі гэтае патрабаваньне пасьля ўзгадненьня з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.


European Leaders Urge Russia To Agree To Cease-Fire
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00


Гэта мела выглядаць як пераломны момант, але відавочная трансатлянтычная згода хутка пайшла наперакасяк.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не абяцаў спыненьня агню падчас тэлефоннай размовы з Трампам 19 траўня, аднак Трамп высока ацаніў размову і, здавалася, ня быў гатовы абвясьціць новыя санкцыи ЗША, заявіўшы, што іх увядзеньне зараз можа паставіць пад пагрозу перамовы і «значна пагоршыць» сытуацыю.

Каб было зразумела: пагроза «маштабнымі» санкцыямі ня мела нічога супольнага з 17-м пакетам санкцыяў ЭЗ, абвешчаным 20 траўня, бо яго ўжо некаторы час рыхтавалі.

Пустая пагроза?

Эўрапейскім лідэрам, магчыма, прыйдзецца зрабіць нешта вялікае самастойна, без удзелу ЗША, іначай выявіцца, што іхная пагроза была пустая.

Ці змогуць яны гэта зрабіць?

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс лічыць, што так. Ён заявіў Радыё Свабода, што ЭЗ можа падвоіць свае намаганьні стасоўна экспарту энергарэсурсаў з Расеі.

«Мы маем спыніць асноўны даход бюджэту Расеі і асноўныя паступленьні для іхнай ваеннай машыны. Гэта экспарт газу, нафты, звадкаванага прыроднага газу. Мы мусім спыніць гэта», — сказаў ён.

Але на практыцы такія краіны, як Гішпанія, Нідэрлянды і Бэльгія, імпартуюць больш звадкаванага прыроднага газу, чым год таму. Будрыс сьцвярджае, што на глябальным рынку ёсьць шмат альтэрнатываў.

«Ёсьць галасы, якія кажуць: «О, яны занадта дарагія, гэта будзе каштаваць нам зашмат, мы ня можам сабе гэтага дазволіць». Глядзіце, мы (Літва) ужо зрабілі гэта», — дадаў ён.

Але спрэчкі аб цане паказваюць, што шкодныя для ініцыятараў наступствы такіх санкцыяў стрымлівалі ЭЗ у мінулым і могуць стрымліваць яго ў будучыні.

Санкцыі будуць «маштабнымі толькі тады, калі мы будзем гатовыя пайсьці далей, чым хацелі б», — сказаў Радыё Свабода Том Кітынг зь лёнданскага Каралеўскага аб’яднанага інстытуту дасьледаваньняў абароны (RUSI).

«Пад гэтым я маю на ўвазе гатоўнасьць увесьці санкцыі, якія ў пэўнай ступені нанясуць зваротны ўдар па нашых уласных эканоміках», — дадаў ён.


Танкер даставіў звадкаваны газ у тэрмінал порту Сьвінауйсьце, Польшча
Танкер даставіў звадкаваны газ у тэрмінал порту Сьвінауйсьце, Польшча

Удар па экспарце энэргіі

Гільґеншток адрозьнівае краіны, якія выкарыстоўваюць расейскі звадкаваны газ з эканамічных прычынў, ад такіх краін, як Вугоршчына і Славаччына, якія выступаюць супраць забароны на яго імпарт праз свае шчыльныя палітычныя адносіны з Масквой.

Нават калі пераадолець эканамічныя пярэчаньні, палітычныя меркаваньні таксама могуць затрымаць або ўскладніць значнае ўзмацненьне санкцыяў у гэтай галіне.

Эўрапейскія лідэры прапанавалі ў наступны пакет санкцыяў уключыць энэргетычны сэктар, але гэта шырокі тэрмін. Некаторыя таксама прапанавалі фінансавыя меры.

«Даволі незразумела, пра што яны насамрэч гавораць», — сказаў Гільґеншток, які таксама ёсьць асацыяваным навуковым супрацоўнікам Нямецкай рады міжнародных дачыненьняў.

«Ці не перабольшваюць яны тое, што могуць зрабіць? Я думаю, што перабольшваюць».

Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен крыху намякнула на тое, што можа адбыцца далей, у сваім выступе 16 траўня. «Сюды ўвойдзе праца для ўключэньня ў сьпіс расейскага ценевага флёту большай колькасьці караблёў», — сказала яна, маючы на ўвазе вадаплавы без выразна акрэсьленых уласьнікаў, якія выкарыстоўваюць для абыходу абмежаваньняў на расейскую нафту і нафтапрадукты.

У 17-ы пакет санкцыяў разам з брытанскімі рашэньнямі, абвешчанымі ў той жа дзень, ужо ўпісаныя дзясяткі караблёў у дадатак да папярэдніх санкцыйных пакетаў. Такое дадаваньне новых караблёў будзе выглядаць хутчэй як далейшыя кумуляцыйныя дзеяньні, чым як нешта выразна новае.


Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен зьявілася на сустрэчу ў сядзібе ЭЗ у Брусэлі. 20 траўня 2025 г.
Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен зьявілася на сустрэчу ў сядзібе ЭЗ у Брусэлі. 20 траўня 2025 г.

«Рашучыя толькі на словах»

Фон дэр Ляен таксама згадала зьніжэньне ліміту цэн на расейскую нафту — яшчэ адну карную меру, уведзеную пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Але каб яна мела глябальную сілу, таксама патрэбная згода ЗША.

Тры гады санкцыяў аказалі вялікі ўплыў на расейскую эканоміку, але не спынілі агрэсію Масквы. Тым ня менш, абвяшчаючы найноўшыя меры, эўрапейскія палітыкі былі рашучымі.

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі назваў Пуціна «падпальнікам вайны», заклікаючы яго пагадзіцца на 30-дзённае спыненьне агню і дадаўшы, што «адтэрмінаваньне мірных намаганьняў толькі падвоіць нашу рашучасьць дапамагчы Ўкраіне абараніць сябе і ўжыць нашыя санкцыі для паўстрыманьня ваеннай машыны Пуціна».

Кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Кая Калас напісала ў сацыяльных сетках, што «распрацоўваюцца дадатковыя санкцыі супраць Расеі».

Кітынг папярэджвае, што той, хто не выконвае сапраўды эфэктыўных санкцыяў, рызыкуе падрывам даверу да сябе.

«Гэта дае выдатную падставу міністру замежных справаў Расеі Лаўрову і іншым, каб сказаць, што эўрапейцы рашучыя толькі на словах».

Гільґеншток падзяляе гэтую заклапочанасьць.

«Мы бачым рэакцыю, а дакладней, брак рэакцыі Ўладзіміра Пуціна на гэты ўльтыматум, — кажа ён, маючы на ўвазе заяву ад 10 траўня аб «маштабных» санкцыях. — Гэта праясьняе, што думае расейскі бок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG