Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўра-2016: жанчыны і дзеці — лепшае, што ёсьць у беларускім футболе


Дэлегатка УЭФА Сьвятлана Грынкевіч, рэфэры Аляксей Кульбакоў і Віталь Малюцін, а таксама дзеці зь Менску і Століну — Свабода адшукала беларускія сьляды на французскіх арэнах 15-га чэмпіянату Эўропы па футболе.

Упершыню ў кантынэнтальных спаборніцтвах бяруць удзел 24 зборныя. З улікам, што да нядаўняга часу колькасьць фіналістаў абмяжоўвалася 16 калектывамі, а дагэтуль і ўвогуле васьмёркай мацнейшых, шанцы на паездку ў Францыю аўтаматычна падвышаліся. Праўда, беларуская каманда ўнікальнай магчымасьцю не скарысталася і засталася па-за бортам Эўра-2016.

А вось іншыя, каго гэтаксама не аднясеш да грандаў эўрапейскага футболу, свой шанец не ўпусьцілі, і з розным посьпехам на францускіх арэнах ужо дэбютавалі. Так, у Бардо днямі ў гістарычным для сябе паядынку сышліся каманды Славаччыны і Ўэльсу (выніковы лік 1:2). Апроч таго, што абедзьве дружыны ўпершыню выступалі на спаборніцтвах такога ўзроўню, варта адзначыць і ўскосную беларускую прысутнасьць — рэзэрвовым арбітрам быў беларус Аляксей Кульбакоў, а дэлегатам УЭФА — прадстаўніца Беларусі Сьвятлана Грынкевіч.

Чатыры матчы, якія арганізуе беларуска

У апошнія дні мінулага году галоўны спэцыяліст міжнародна-прававога дэпартамэнту Беларускай фэдэрацыі футболу Сьвятлана Грынкевіч атрымала паведамленьне са штаб-кватэры УЭФА, што ўключаная ў пашыраны сьпіс кандыдатаў на абслугоўваньне матчаў фінальнай стадыі Эўра-2016. Упершыню Эўрапейскі футбольны саюз пастанавіў задзейнічаць у гэтай ролі жанчын на мужчынскім топ-турніры. Сёлета ў сакавіку ў «шорт-лісьце» пакінулі дзесяць кандыдатаў на абслугоўваньне матчаў эўрапейскага першынства. Адзінай жанчынай у сьпісе аказалася прадстаўніца Беларусі. Астатнія дзевяць пазыцый дасталіся мужчынам.

Сьвятлана Грынкевіч
Сьвятлана Грынкевіч

У функцыі дэлегата ўваходзіць досыць вялікі абʼём працы: кантактаваньне з прадстаўнікамі органаў улады, паліцыі, пажарнай бясьпекі, мэдычнай службы; каардынацыя іх дзейнасьці і праверка выкананьня рэглямэнтаў УЭФА. Адным словам, арганізацыя і правядзеньне канкрэтнага матчу.

Такім чынам, на чэмпіянаце Эўропы беларуска прызначана дэлегатам УЭФА на чатыры сустрэчы, якія праходзяць на гарадзкім стадыёне Бардо: апроч згаданай гульні Славаччына-Уэльс, яна таксама адказвае за паядынкі Аўстрыя — Вугоршчына, Бэльгія — Паўночная Ірляндыя, Харватыя — Гішпанія.

Як удакладнілі ў Беларускай фэдэрацыі футболу, Сьвятлана Грынкевіч скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, валодае ангельскай і францускай мовамі. Спартовага ці трэнэрскага досьведу ня мае, але дэманструе выдатныя арганізатарскія якасьці, якія годна ацэненыя на міжнародным узроўні.

Сэлфі: Сьвятлана Грынкевіч у Парыжы
Сэлфі: Сьвятлана Грынкевіч у Парыжы

Дэлегатам УЭФА зацьверджана ў 2009 годзе. За прамінулы час адпрацавала блізу паўсотні матчаў сярод жаночых футбольных камандаў, уключна з паўфіналамі жаночай Лігі чэмпіёнаў і гульнямі фінальных турніраў чэмпіянатаў Эўропы сярод юніёрак. У 2014-м увайшла ў лік некалькіх жанчын-дэлегатаў, якім упершыню ў гісторыі УЭФА была даверана абслугоўваць эўракубкавыя сустрэчы сярод мужчын, а таксама моладзевых зборных. Назапашаны аўтарытэт падмацаваны дэбютам на Эўра-2016.

Судзьдзя ў рэзэрве: арбітры на лаўцы запасных

Выправіліся ў Францыю і два беларускія футбольныя арбітры — Аляксей Кульбакоў і Віталь Малюцін. Праўда, у выніку, на полі ніводзін можа так і не зьявіцца, бо статус абодвух — запасныя ці рэзэрвовыя рэфэры.

Спачатку на абслугоўваньне матчаў Эўра-2016 былі запрошаныя 112 судзьдзяў з розных краінаў Старога сьвету. 18 зь іх пасьля трэніровачнага збору пад Парыжам у красавіку былі забракаваныя. Кульбакоў і Малюцін па выніках здачы нарматываў пакінутыя ў рэзэрве. Гэта значыць, будуць працаваць, калі здарыцца нейкі форс-мажор з асноўнымі арбітрамі.

Пасьля таго, як завяршыў карʼеру судзьдзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук, прысутнасьць беларусаў на важнейшых спаборніцтвах пад эгідай ФІФА і УЭФА істотна скарацілася. Тым ня меней, нараджэнец Гомелю Аляксей Кульбакоў мае адпаведную кваліфікацыю і ўсё часьцей прыцягваецца на адказныя матчы эўракубкаў. У 2014-м ён стаў першым за 18 гадоў беларусам, прызначаным на матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.

Яшчэ ў 2008-м Кульбакоў патрапіў у лік двух дзясяткаў удзельнікаў праграмы УЭФА «Таленты і настаўнікі», арганізаванай для пэрспэктыўных эўрапейскіх арбітраў. Цягам двух наступных гадоў абслугоўваў матчы пад эгідай УЭФА пад кіраўніцтвам судзейскага назіральніка са Швайцарыі Андрэаса Шлюхтэра. Ад сэзону 2009/2010 рэгулярна працуе на групавым этапе Лігі Эўропы, дэбютнай для яго стала сустрэча паміж румынскім «Клужам» і дацкім «Капэнгагенам».

Летась Кульбакоў пасьпяхова скончыў судзейскія курсы УЭФА ў Атэнах, адкуль адразу быў кінуты ў бой. Паслужны сьпіс міжнародных сустрэчаў атрымаўся салідным. Матч трэцяга туру Лігі чэмпіёнаў паміж мадрыдзкім «Атлетыка» і «Астаной» з Казахстану, а таксама супрацьстаяньні паміж нямецкай «Баварыяй» і харвацкім «Дынама», галяндзкім «Аяксам» і ўкраінскім «Дняпром», швайцарскім «Янг Бойз» і англійскім «Эвэртанам».

Сёлета Аляксей Кульбакоў судзіў матч 1/16 фіналу Кубку Эўропы паміж гішпанскім «Атлетыкам» і францускім «Марсэлем». Дарэчы, асыстэнтамі былі таксама беларусы — усё той жа Віталь Малюцін і Алег Масьлянка. У арсэнале беларускага рэфэры праца на матчах «Бэнфіка» (Партугалія) — «Баер» (Нямеччына), «Інтэр» (Італія) — «Карабах» (Азэрбайджан), «Ювэнтус» (Італія) — «Трабзанспор» (Турэччына), «Гановэр» (Нямеччына) — «Твэнтэ» (Нідэрлянды), «Герта» (Нямеччына) — «Спортынг» (Партугалія).

Любіш футбол зь дзяцінства — будзе францускі бонус

Ёсьць на Эўра-2016 яшчэ два беларускія прадстаўнікі — школьнікі Дарʼя Агафонава і Даніла Басавец. Абое — пераможцы конкурсу Player Escort, які ад 2002 году ладзіць карпарацыя McDonaldʼs. За гэтым час блізу 12 тысяч дзяцей з 35 краін сьвету былі ўганараваныя паездкамі на буйныя спаборніцтвы, уключна з чэмпіянатамі Эўропы па футболе і міні-футболе, Кубкі канфэдэрацый, эўрапейскія першынствы сярод жанчын. Асноўная місія — суправаджэньне прафэсійных гульцоў у часе перадматчавай цырымоніі і далучэньне да актыўнага ладу жыцьця.

Даніла Басавец і Дарʼя Агафонава
Даніла Басавец і Дарʼя Агафонава

Сёлета да Эўра-2016 McDonaldʼs выбіраў больш за 1100 дзяцей з 26 эўрапейскіх краін. Двое зь іх па выніках нацыянальнага адбору пад назвай «Пажадай перамогі, прынясі ўдачу» выправіліся ў Францыю зь Беларусі. Так, 7-гадовая жыхарка Менску Даша зьдзівіла журы «скульптуркай» футбаліста з палімэрнай гліны, якую назвала «Супэр Віктар», а трэцяклясьнік са Століну Даніла абʼяднаў Эйфэлеву вежу зь мячом, назваўшы канструкцыю «Сымбаль любві да футболу». Вырашана, што менавіта гэтыя талісманы лепш за ўсё пасуюць эўрапейскаму першынству.

Футбольны Парыж ад Данілы Басаўца
Футбольны Парыж ад Данілы Басаўца

Супэр Віктар» Дарʼі Агафонавай
Супэр Віктар» Дарʼі Агафонавай

Пераможцы конкурсу і іх працы

Упершыню беларускі хлопчык, пераможца конкурсу Player Escort, стаў сьведкам фінальных баталіяў падчас аналягічнага футбольнага сьвята чатыры гады таму. Падчас Эўра-2012 мянчук Віталь Селядцоў быў у эскорце гульца зборнай Англіі Скота Паркера. Тады ў тым ліку яго віталі больш за паўсотні тысяч гледачоў «Данбас Арэны» у Данецку. Прайшло зусім няшмат часу, і ад ультрасучаснага стадыёну засталіся толькі руіны, а ў горадзе цяпер гаспадараць самапрызначаныя ўлады так званай ДНР.

У 2014-м права наведаць легендарны стадыён «Маракана» ў Рыё-дэ-Жанэйра атрымаў 8-гадовы менскі школьнік Ягор Янкавенка. На футбольным чэмпіянаце сьвету ён суправаджаў гульцоў зборнай Расеі.

Палітычнае заўзятарства: Украіна ці Расея?

У адсутнасьць на Эўра-2016 каманды Беларусі няма і арганізаванай беларускай тарсыды на арэнах Францыі. Наведваньне матчаў збольшага залежыць ад памераў кашалька і найперш прадыктавана асабістымі сымпатыямі канкрэтнага аматара спорту № 1. Як мінімум, існуе альтэрнатыва ў выглядзе краін-суседзяў: за выхад у стадыю плэй-оф пачалі змаганьне Польшча, Расея і Ўкраіна. Ня трэба забываць, што публічнае далучэньне да фанацкай групоўкі азначае ня толькі геаграфічную, але і палітычную салідарнасьць. Найперш гэта тычыцца зборных Расеі і Ўкраіны: дзяржавы фактычна ў стане вайны на Данбасе і стаўленьне да тых падзеяў радыкальна падзяліла грамадзкую думку.

На папярэднім этапе калектывы разьведзеныя па розных квартэтах і вочная сустрэча можа здарыцца толькі на пазьнейшых этапах. Аднак гэта не выключае сутычак заўзятараў — тым больш, сваю агрэсіўнасьць расейцы ўжо прадэманстравалі на стадыёне падчас матчу Расея — Англія, а таксама напярэдадні ў Марсэлі. Некалькі дзясяткаў чалавек чакаюць дэпартацыі. Нават загартаваныя ў бітвах брытанскія «прафэсійныя хуліганы» гаварылі, што «напады рускіх былі жорсткімі і добра арганізаванымі».

Інцыдэнты былі і падчас папярэдняга чэмпіянату Эўропы ў Польшчы: тады палякі рашуча спынілі спробы расейскіх фанатаў учыніць «марш пераможцаў» па Варшаве. Вялікая верагоднасьць, што сёлета польскія аматары футболу салідарызуюцца з украінцамі — нягледзячы на тое, што іх зборныя гуляюць у адной групе.

Зрэшты, як лічыць вядомы футбольны агент Валеры Ісаеў, праблема ўзаемадачыненьняў заўзятараў не была б такой вострай, каб яе не распальвалі СМІ ды «радыкалізаваныя палітыкі»:

«Калі ня ўмешваюцца прэса і палітыкі, то людзі знаходзяць агульную мову.

Безумоўна, могуць быць канфліктныя моманты паміж украінцамі і расейцамі. Хоць, зноў жа, прыклад. У мяне сын жыве далёка за межамі краіны, хлопцы здымаюць адно памяшканьне на траіх. Як думаеце, які інтэрнацыянальны склад? Беларус, украінец і расеец. Гэта так, я не прыдумляю. Жывуць ужо цягам трох гадоў, у іх няма савецкага тэлевізара, няма савецкіх газэт, суіснуюць абсалютна нармальна. І на курортах разам адпачываюць украінцы і расейцы, вельмі рэдка здараюцца нейкія эксцэсы. Канфлікты бываюць паміж людзьмі, у якіх няма мазгоў. І калі меней будуць умешвацца палітыкі і прэса, ня думаю, што дойдзе да сутычак. Само сабой, ёсьць рэакцыйна настроеныя аматары Зь іх боку могуць быць правакацыі. Але для гэтага ў Францыі ёсьць паліцыя».

Для менскіх заўзятараў, якім паездка ў Францыю не па кішэні, у парку Перамогі арганізаваная фан-зона. Тут у кампаніі сяброў можна паглядзець матчы на вялікіх экранах. Ужо першыя дні чэмпіянату Эўропы засьведчылі, што беларускія заўзятары заклапочаныя ня столькі глябальнымі прыярытэтамі, колькі лякальнымі сымпатыямі: у выходныя ў зоне пабіліся тутэйшыя аматары ангельскіх клюбаў «Арсэнал» і «Лівэрпуль».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG