Алекс Бут і Ен Хэдварт, якія ўдзельнічалі ў беспарадках у Марсэлі, асуджаныя да двух і трох месяцаў зьняволеньня адпаведна за парушэньне грамадзкага парадку. Пра гэта паведамляе Associated Press.
Бацька Бута назваў прысуд «памылкай» і запатрабаваў ад францускіх уладаў знайсьці «сапраўдных галаварэзаў».
Як інфармуе расейскае выданьне Slon, два расейскія фанаты атрымалі абвінавачваньні паводле адміністрацыйных артыкулаў. Паводле словаў прэс-аташэ амбасады Расеі ў Парыжы Сяргея Парынава, празь некалькі дзён іх адправяць у Расею і часова забароняць ўезд у Шэнгенскую зону.
Раней паведамлялася, што аднаму з грамадзян Расеі пагражае турма за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў ангельскаму заўзятару. Пазьней расейца выпусьцілі на свабоду, калі стан пацярпелага стабілізаваўся.
Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЭФА) пачаў дысцыплінарнае расьсьледаваньне супраць Расейскага футбольнага саюзу за выкарыстаньне піратэхнікі і расісцкія лёзунгі. Рашэньне будзе прынятае 14 чэрвеня.