Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварышы, вучоныя, дацэнты з кандыдатамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чаму эфэктыўнасьць навукі ў Беларусі невялікая? Бо старая, застаўшаяся ад савецкага мінулага форма арганізацыі навуковай дзейнасьці захавалася ў межах такой жа старой сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

У Менску праходзіць ІІ з’езд вучоных Беларусі. Раз на дзесяць гадоў. Мінулы з’езд прайшоў у 2007 годзе. Не часта, калі браць пад ўвагу бясконцыя заявы пра інавацыйную эканоміку, навейшыя тэхналёгіі, ІТ-краіну. Прымаецца чарговая праграма «Навука і тэхналёгіі: 2018-2040». Як звычайна з вялікай прамовай выступіў Аляксандр Лукашэнка.

Традыцыйна на падобных форумах дамінаваў пазытыўны, пераможны тон. Але хваліцца асабліва няма чым. Зьніжаецца доля выдаткаў на навуку ў дзяржбюджэце. У 2007 годзе на гэтую сфэру выдзялялася 0,96% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), а ў 2015-2016 гадах гэтая лічба складала толькі па 0,5%.

Не расьце навукаёмістасьць ВУП. Яна складае 0,5%. Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі вызначае парог гэтага паказьніка на ўзроўні 1%. То бок, калі навукаёмістасьць ВУП ніжэй, то гэта зьяўляецца пагрозай нацыянальнай бясьпецы. У разьвітых краінах гэты паказьнік складае 2,5-3% ад ВУП.

Наяўнасьць вялікіх праблем у гэтай сфэры прызнае і Лукашэнка ў сваім выступе:

«За апошнія гады доля высокатэхналягічных вытворчасьцей вырасла зусім нязначна: з 2,5% у 2010 да амаль 3% у 2016 годзе. А ўдзельная вага нізкатэхналягічных вытворчасьцей па-ранейшаму складае больш за траціну рэальнага сектара эканомікі, павялічыўшыся з 30% у 2010 да 35% ў 2016 годзе».

Пры гэтым доля сапраўды інавацыйнай, новай для сусветнага рынку беларускай прадукцыі нязначная — да 2%.

Інакш і быць не магло. У межах беларускай сацыяльнай мадэлі дамінуюць адміністратыўныя метады кіраваньня навукай. Цікавай ілюстрацыяй на гэтую тэму была ўстаноўка Аляксандра Лукашэнкі на чарговай нарадзе ў лютым гэтага году:

«Калі ты кіраўнік, лічыш, што нейкае навуковае дасьледаваньне патрэбнае для Беларусі — ты галоўны. Ты вызначаеш, што гэта трэба Беларусі, ты вызначаеш, куды гэта трэба. І ні дай Бог, ты дзярмо прынясеш і мы затрацім грошы, асвойваючы і не асвоіў».

Але праблема ў тым, што інавацыі — гэта заўсёды рызыка. У навуцы адмоўны вынік — гэта таксама вынік. Калі перад вучоным ці мэнэджэрам у гэтай галіне увесь час існуе пагроза трапіць у турму, то чакаць сурьёзных адкрыцьцяў цяжка.

Старая, застаўшаяся ад савецкага мінулага форма арганізацыі навуковай дзейнасьці захавалася ў межах такой жа старой сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Не рэфармаваная ні тая, ні другая. Напрыклад, Нацыянальная акадэмія навук у яе цяперашнім выглядзе — гэта рудымент іншай эпохі. Адсюль і ўсе хваробы, якія ў значнай ступені зьяўляюцца спадчынай яшчэ савецкай навукі: бюракратызацыя, прыпіскі і інш. Начыста адсутнічае незалежная экспертыза буйных праектаў, іх грамадзкае абмеркаваньне. Карпаратыўныя лабісты маюць поўную магчымасьць «ўцюхаць» кіраўніку дзяржавы любую «ляльку» ў навуковай абалонцы. Гэта датычыцца і касьмічнага спадарожніка, і будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Напрыклад, такая невырашальная для СССР, але зусім адсутнічаючая ў краінах Захаду праблема, як ўкараненьне распрацовак навукоўцаў у вытворчасьць, цалкам перавандравала ў сёньняшнюю Беларусь. Колькі ўжо было нарадаў на гэтую тэму, і усё безвынікова. Вось і падчас выступу на з’езьдзе Лукашэнка некалькі разоў зьвяртаў увагу на згаданую праблему:

«Некаторыя айчынныя прадпрыемствы дэманструюць недастатковы цікавасць да інавацый, а навуковыя арганізацыі не праяўляюць належнай настойлівасці ў прасоўванні новаўвядзенняў... Вучоныя павінны павылазіць са сваіх лабараторый, апрабаваць усе свае задумы на практыцы. Не будзе гэтага... ізноў збярэмся на новы з’езд і будзем займацца балбатаньнем».

У рамках існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі праблема павышэньня эфэктыўнасьці навукі не мае рашэньня. Галоўная праблема складаецца ў тым, што Акадэмія навук і ўсе астатнія навуковыя ўстановы існуюць у не зусім рынкавым, у неканкурэнтным асяродзьдзі. У такой сітуацыі НАН не можа быць нічым іншым, як тыповай савецкай установай. З плянавым дзяржаўным фінансаваньнем, аплатай вучоных званьняў і г.д. У такой сыстэме ацэнку навуковага прадукту дае ня рынак, а бюракрат, цэніцца ня таленавіты вучоны, а чалавек, зручны для кіраўніцтва.

А новы штуршок развіцьцю прыкладной навукі могуць даць толькі рынкавыя пераўтварэньні. Бо цяперашняя беларуская гаспадарчая сістэма, як і савецкая, неўспрымальная да навукова-тэхнічнага прагрэсу. Рынкавая эканоміка хутка адаптавала б сістэму навуковых устаноў да новых патрабаванняў, вырашыла б нарэшце спрадвечную для Беларусі праблема ўкаранення распрацовак вучоных у вытворчасць.

А з’езд навукоўцаў — гэта звычайнае палітычнае шоў. Ніякага абмеркавання навуковых праблем, як запэўніваюць дзяржаўныя СМІ, тым больш «вызначэньня стратэгіі развіцьця навукі» ў краіне там не магло быць. 2,6 тысячы чалавек за два дні ў прынцыпе нічога абмеркаваць не могуць.

І напрыканцы забойная рэпліка Лукашэнкі:

«Інтэрнэт не заўсёды на карысць Беларусі!». Гэта добрая ілюстрацыя да размоваў пра інавацыі, сучасныя тэхналёгіі і ІТ-краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG