Як перадае БЕЛТА, Гусакоў заявіў, што быў распрацаваны «партатыўны супэркампутар», які выконвае да 20 трыльёнаў апэрацый на сэкунду і ў 2,5 раза больш магутны за «зыходны супэркампутар „СКИФ“» (ці значыць гэта, што «беларускі супэркампутар» — гэта дапрацаваны клон расейскага, не ўдакладняецца).
Звычайна магутнасьці вылічальнай тэхнікі ацэньваюцца ў флопсах (FLOPS) — гэта паказчык таго, колькі апэрацый з плаваючай коскай можа кампутар выканаць за сэкунду. Калі гаворка ідзе пра сучасныя супэркампутары, звычайна ўжываюць прыстаўкі «тэра-» (трыльён, 10 у 12-й ступені) і «пэта-» (квадрыльён, 10 у 15-й ступені).
Апошняе дзесяцігодзьдзе магутнасьці супэркампутараў вымяраюцца пэтафлопсамі. Так, у 2008 годзе IBM Roadrunner дасягнуў аднаго пэтафлопса, у 2011-м Fujitsu K computer — 10 пэтафлопсаў, у 2016-м кітайскі Sunway TaihuLight крыху не дацягнуў да 100 пэтафлопсаў.
А ў тэрафлопсах цяпер вымяраюцца магутнасьці звычайных кампутараў і гульнявых кансоляў. Так, сучасная Playstation 4 Pro мае магутнасьць 4,12 тэрафлопса, а Xbox One X — 6 тэрафлопсаў.
Ці вылічалі ў Акадэміі навук магутнасьць супэркампутара ў тэрафлопсах (ці ў нейкіх іншых апэрацыях на сэкунду), незразумела: расейскі «СКИФ», як сьцьвярджаецца, мае вылічальную магутнасьць 47 тэрафлопсаў, то бок у 2,5 раза больш (а ня менш) магутны за «беларускія» 20 тэрафлопсаў.