Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе ў панядзелак патлумачыў апошнія кадравыя рашэньні і паставіў задачы перад новымі кіраўнікамі. Ці стаў пасьля гэтага больш зразумелым кадравы ператрус? Ці змогуць новыя кіраўнікі вывесьці эканоміку з крызісу? Чаму прэзыдэнт нават не ўзгадаў пытаньне дэвальвацыі беларускага рубля?
Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і эканаміст Сяргей Чалы.
Навошта спатрэбіўся кадравы ператрус?
Валер Карбалевіч: «Лукашэнка прадставіў новага прэм’ера Андрэя Кабякова і трохі патлумачыў сэнс сваіх кадравых рашэньняў. Ці стала вам больш зразумела, навошта прэзыдэнт памяняў кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта, Нацбанку, ураду?»
Аляксандар Класкоўскі: «Новы ўрад (адносна новы, бо там шмат знаёмых, старых пэрсонаў) створаны дзеля таго, каб у крызіснай фінансавай сытуацыі неяк утрымаць хоць бачнасьць адноснай стабільнасьці да прэзыдэнцкіх выбараў.
Я зьвярнуў увагу, што Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў: маўляў, зьмена ўраду — гэта не спантаннае рашэньне, ён яго доўга ўзважваў. Думаю, у яго назапашваліся прэтэнзіі да ўраду, да Нацбанку і пэрсанальна да Мясьніковіча. І ў час, калі зьявіліся валютныя забурэньні, народ стаяў на вушах, узьнікла добрая падстава паказаць, што мудры і справядлівы цар убачыў гэтую сытуацыю і адхіліў тых, хто вінаваты ў гэтых узрушэньнях. Хоць трэба адзначыць: шмат хто з тых, хто пайшоў у адстаўку, атрымалі някепскія пасады».
Карбалевіч: «Але зьмена ўраду і кіраўніцтва Нацбанку ў пэрыяд грамадзкай напружанасьці — гэта дадатковы элемэнт нестабільнасьці».
Класкоўскі: «У іншых краінах зьмена ўраду азначае зьмену палітыкі. У Беларусі ўсе разумеюць, што палітыку вызначае Лукашэнка. Таму прозьвішча кіраўніка ўраду ня надта моцна ўплывае на грамадзкія настроі».
Сяргей Чалы: «Відавочна, што кадравыя зьмены — гэта ня пошук ахвярных казлоў. З выступу Лукашэнкі вынікае, што ён ня лічыць дзеяньні старога складу ўраду і кіраўніцтва Нацбанку няправільнымі. Фактычна, папярэдніх кіраўнікоў узнагародзілі новымі пасадамі. Таму і незразумела, навошта было мяняць іх.
Думаю, што згаданыя кадравыя рашэньні — гэта жэст адчаю Лукашэнкі. Увесь 2014 год прайшоў пад знакам устаноўкі Лукашэнкі ўраду і Нацбанку: рабіце што заўгодна, толькі захавайце стабільнасьць, абы не было дэвальвацыі. Хоць з самага пачатку было відавочна, што гэтая задача невыканальная. Бо трэба было альбо знайсьці шмат вонкавых рэсурсаў — па гэтым шляху ішлі, але таго, што дала Расея, ужо аказалася недастаткова. Альбо скараціць намінальныя заробкі, што непрымальна ў перадвыбарчы год.
У выніку давялося ісьці на, няхай і прыхаваную, дэвальвацыю. Што прывяло Лукашэнку ў адчай. У яго існуе нясьмелая надзея, што новыя кіраўнікі знойдуць, як ён казаў, новыя крэатыўныя крокі і ўсё само рассмокчацца. У наказах Лукашэнкі новаму ўраду не было канкрэтыкі. Былі агульныя словы пра падтрымку стабільнасьці».
Ці змогуць новыя кіраўнікі вывесьці эканоміку з крызісу?
Карбалевіч: «Выходзіць, што перад новымі (адносна новымі) кадрамі Лукашэнка ставіць усё тыя ж задачы: павысіць эфэктыўнасьць гэтай старой сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Ці ён не разумее, што гэтая задача нерэальная, і спадзяецца выціснуць зь яе з новымі кадрамі нейкую эфэктыўнасьць? Ці ён усё разумее, і гэты кадравы ператрус — гульня на публіку і мае толькі піяраўскі сэнс?»
Класкоўскі: «Лукашэнка альбо іншых мэтадаў ня ведае, альбо ён іх не прымае. Паказальна, што ён адразу заявіў новаму прэм’еру: ніякай балбатні пра прыватызацыю. Напэўна, ягоныя дарадцы прапануюць яму і лібэральныя шляхі. Але Лукашэнка з палітычных меркаваньняў іх адмятае.
Лукашэнка прызвычаіўся, што ўсе пытаньні трэба вырашаць праз закручваньне гаек і тасаваньне кадраў
Ён прызвычаіўся, што ўсе пытаньні трэба вырашаць праз закручваньне гаек і тасаваньне кадраў. І пэўны сэнс у гэтым ёсьць — ня толькі рытуальны ці піяраўскі, ня толькі дзеля таго, каб паказаць электарату, што ён ня сьпіць у шапку.
Фактычна, гэта сталінскі падыход. Па-першае, калі пастаянна ператрэсваеш кадры, то рвуцца нейкія сувязі, прадухіляецца стварэньне пэўных груповак са сваімі інтарэсамі, якія могуць пагражаць уладзе Лукашэнкі.
Па другое, існуе эфэкт „новай мятлы“. Нават калі чалавека з старой абоймы перакінуць на новае месца, то чыста псыхалягічна напачатку ён рве жылы, стараецца паказаць, што недарэмна яго сюды прызначылі. І гэта дае пэўны эфэкт, няхай сабе і абмежаваны».
Чалы: «Асаблівых і піяраўскіх мэтаў тут ня бачна. Я настойваю на тым, што ўсе гэтыя дзеяньні — ад адчаю. Крызіс 2011 году аказаўся сур’ёзным псыхалягічным ударам для Лукашэнкі. Той крызіс паклаў канец унікальнай беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Аказалася, што яна бяз крызісаў існаваць ня можа, у яе няма пэрспэктываў. Ідэя мадэрнізацыі была спробай апошні раз прымусіць бегчы гэтую дохлую клячу. Прычым сталінскімі мэтадамі. І адначасова — спадзяваньне на нейкі цуд, на нейкія крэатыўныя хады ўраду».
Чаму прэзыдэнт ня ўзгадвае пытаньня дэвальвацыі?
Карбалевіч: «Лукашэнка падчас многіх выступаў апошніх дзён нічога ня кажа пра галоўнае пытаньне, якое хвалюе цяпер грамадзтва: дэвальвацыю беларускага рубля. Чаму? Калі не казаць пра праблему, то яе нібыта і няма? Здаецца, гэтая тактыка нагадвае пазыцыю Лукашэнкі ў крызіс 2011 году».
Класкоўскі: «Паказальна, што галоўнае пытаньне, якое хвалявала ўчора журналістаў дрэсіраванага пулу, — гэта пытаньне пра тое, што расейская газэта „Ведомости“ прызнала Лукашэнку „Чалавекам году“.
Па-першае, гэта лёгіка ўсіх недэмакратычных дзяржаў. Гэта савецкая завядзёнка — замоўчваць вострыя праблемы. Як вядома, у СССР і самалёты ня падалі, і не было недахопаў. Паказальна, што з пачаткам валютнага крызісу ўлады сталі блякаваць незалежныя інфармацыйныя сайты.
Па-другое, ён сапраўды ня ведае, што рабіць з гэтымі валютнымі праблемамі. Думаю, у яго ёсьць спадзевы на тое, што, магчыма расейскі рубель пачне мацнець. Ёсьць спадзяваньні на дапамогу Расеі. Паказальна, што Мясьніковіч у апошнія часы свайго прэм’ерства прасіў кіраўніка расейскага ўраду Мядзьведзева аб фінансавай дапамозе.
Па-трэцяе, сапраўды, Лукашэнка спадзяецца на цуд. Ён ня раз праскокваў між Сцылай і Харыбдай, яму моцна шанцавала».
У цяперашніх валютных праблемах галоўны віноўнік — гэта Лукашэнка
Чалы: «Таму што ў цяперашніх валютных праблемах галоўны віноўнік — гэта Лукашэнка. Нагадаю, год таму ён казаў, што ёсьць нягоднікі, незалежныя эканамісты, якія кажуць пра неабходнасьць і непазьбежнасьць дэвальвацыі беларускага рубля, а я, маўляў, загадаў яе адмяніць, не парушаючы аб’ектыўных эканамічных законаў. І якраз напярэдадні „чорнай пятніцы“ ён казаў нешта падобнае.
Задача, якая ставілася Лукашэнкам перад урадам і Нацбанкам, была невырашальная і шкодная. Тая палітыка прывяла толькі да павелічэньня дысбалянсаў у эканоміцы. Ня самай правільнай была тактыка прывязкі беларускага рубля да даляра. Амэрыканская валюта пачала ўмацоўвацца — у выніку ўмацаваўся і беларускі рубель. І ўся гэтая бурная дзейнасьць па зьмене кадраў павінна была замаскаваць ягоную памылковую эканамічную палітыку».