Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ня стане рабіць прэзыдэнцкія выбары датэрміновымі


Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі на выбарчым участку, 11 кастрычніка 2015 году
Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі на выбарчым участку, 11 кастрычніка 2015 году

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам заявіў, што ў Беларусі ня стануць пераносіць прэзыдэнцкія выбары 2020 году праз супадзеньне году іх правядзеньня з парлямэнцкімі, піша БЕЛТА.

«Парлямэнцкія выбары — шмат розных пунктаў гледжаньня, паколькі яны супадаюць з прэзыдэнцкімі выбарамі, — казаў Аляксандар Лукашэнка Ўладзімеру Андэйчанку. — Мы, вядома, афішаваць пакуль ня будзем яго, але тым ня менш у вас пункт гледжаньня свой ёсьць. Якім вы бачыце выйсьце з гэтай сытуацыі?»

Што адказаў Андрэйчанка Лукашэнку, не паведамляецца. Пазьней на БЕЛТА зьявіўся адказ Андрэйчанкі: ён сказаў, што на сёньня «мае сваё меркаваньне» наконт датаў выбараў, але яшчэ «не гатовы сказаць».

Але Лукашэнка заявіў:

«Пры гэтым я хачу сказаць, што мы ні ў якім разе не павінны тут неяк выкручвацца, як некаторыя папісваюць зь пятай калёны ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце, што Лукашэнка тут пойдзе на нейкія датэрміновыя выбары для таго, каб выйграць час, яшчэ нешта. Лухта апошняя. Я ніколі не гуляўся з гэтымі рэчамі і гуляцца не зьбіраюся.

Калі будзе прынятае рашэньне аб тым, каб разьвесьці гэтыя выбары ў часе ці каб праводзіць супольна — мне хацелася б ведаць ваш пункт гледжаньня, — мы пра гэта скажам загадзя, каб органы ўлады і ахвочыя стаць чальцамі парлямэнту і кандыдатамі ў прэзыдэнты падрыхтаваліся да гэтага. Мы тут нікога падманваць ня маем намеру».

Прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе маюць прайсьці не пазьней за 20 жніўня, у Палату прадстаўнікоў — не пазьней за 10 верасьня, у Савет Рэспублікі (выбары непрамыя, яго чальцоў выбіраюць мясцовыя Саветы і прызначае прэзыдэнт) — не пазьней за 11 верасьня. Апошнія прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў 2015 годзе, парлямэнцкія — у 2016-м. Прэзыдэнта выбіраюць на 5 гадоў, дэпутатаў — на 4.

Старшыня Цэнтральнага выбарчага камітэту Лідзія Ярмошына не выключала, што ці парлямэнцкія, ці прэзыдэнцкія выбары могуць прайсьці і ўвосень 2019 году, але калі іх даты «разьнясуць», то яшчэ невядома, якія будуць спачатку.

У 2006 годзе прэзыдэнцкія выбары былі прызначаныя на 4 месяцы раней за «стандартныя» даты (калі сканчаўся б папярэдні прэзыдэнцкі тэрмін), але ў межах тых датаў, што дазваляў закон. Апазыцыйныя палітыкі тады крытыкавалі гэтае рашэньне: казалі, дэмакратычныя сілы ставяцца ў няроўны стан, бо маюць мала часу на падрыхтоўку, ды й тое, што Лукашэнка «адбірае» ў сябе 4 месяцы прэзыдэнцтва, «сьведчыць аб няўпэўненасьці».

Ярмошына пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і 21 год на чале ЦВК

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG