Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як інцыдэнты ў Балтыйскім моры прыцягнулі ўвагу да «ценявога» флёту Расеі


Судна Vezhen, якое, як мяркуецца, пашкодзіла падводны кабэль паміж Латвіяй і Швэцыяй. На здымку яно стаіць на якары каля швэдзкай вайскова-марской базы каля Карлскруны, 27 студзеня 2025
Судна Vezhen, якое, як мяркуецца, пашкодзіла падводны кабэль паміж Латвіяй і Швэцыяй. На здымку яно стаіць на якары каля швэдзкай вайскова-марской базы каля Карлскруны, 27 студзеня 2025

Падводны кабэль перадачы дадзеных паміж Латвіяй і Швэцыяй быў пашкоджаны раніцай 26 студзеня.

Гэты выпадак стаў апошнім у сэрыі падобных інцыдэнтаў у Балтыйскім моры, падчас якіх, як мяркуецца, крытычна важныя энэргетычныя і камунікацыйныя лініі, пракладзеныя на марскім дне, былі разарваныя суднамі, якія ішлі ў расейскія парты або адгэтуль.

На фоне вайны ва Ўкраіне Балтыйскае мора стала арэнай шэрагу інцыдэнтаў, зьвязаных з пашкоджаньнем ключавых энэргетычных і камунікацыйных ліній, піша карэспандэнт Радыё Свабода Рэд Стэндыш.

Падчас апошняга здарэньня 26 студзеня быў парваны падводны кабэль паміж Латвіяй і Швэцыяй. Падазраюць, што гэта была дывэрсія. Гэты выпадак прыцягнуў увагу да так званага ценявога флёту Масквы і падмацаваў асьцярогі наконт расейскага ўмяшаньня ў справы рэгіёну.

Швэдзкія ўлады падняліся на борт баўгарскага судна, якое ішло з Расеі, і пазьней пачалі расьсьледаваньне дывэрсійных дзеяньняў карабля. І Рыга, і Стакгольм заявілі, што пашкоджаньне падводнага кабэля для перадачы інфармацыі, верагодна, было вынікам зьнешняга ўмяшаньня.

Гэта вынікае зь іншых нядаўніх эпізодаў, калі падводныя трубаправоды і кабэлі былі пашкоджаныя караблямі, якія ішлі ў расейскія порты або адгэтуль.

У сьнежні нафтавы танкер, зьвязаны з расейскім ценявым флётам, падазравалі ў пашкоджаньні якарам падводных кабэляў ля берагоў Фінляндыі. За месяц да таго быў інцыдэнт з кітайскім суднам. Яшчэ адно кітайскае судна, якое ішло з Расеі, пашкодзіла балтыйскі газаправод у кастрычніку 2023 году.

Цяпер ідуць расьсьледаваньні, а тым часам эўрапейскія урады непакояцца, што Масква магла абраць падводную інфраструктуру за мішэнь у рамках шырэйшай кампаніі гібрыдных нападаў.

«Вельмі малаверагодна, каб чатыры падобныя інцыдэнты адбыліся запар. Гэта заканамернасьць», — сказаў Фрэнк Юрыс, супрацоўнік аналітычнага цэнтру Sinopsis з Таліну.

Новая нармальнасьць у Балтыйскім моры

Нядаўняе здарэньне падкрэсьлівае рост напружанасьці ў Балтыйскім моры пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое пачалося амаль тры гады таму.

Пасьля пашкоджаньня кабэля ў сьнежні Эўразьвяз прыгразіў Маскве новымі санкцыямі, а NATO пачала новую апэрацыю патруляваньня і назіраньня.

У інцыдэнце абвінавацілі нафтавы танкер зь ценявога флёту Расеі. Гэты флёт складаецца з караблёў без выразнай прыналежнасьці. Яны перавозяць расейскія нафтапрадукты, якія трапілі пад эмбарга.

Хоць увага сьвету засяроджаная на выкарыстаньні Расеяй ценявога флёту для абыходу заходніх санкцый, сярод такіх караблёў ня толькі танкеры.

Урады краінаў ЭЗ перасьцерагалі, што на моры, з улікам расейскіх суднаў, зьявілася больш пагроз.

Раней у студзені лядашчае судна, загружанае 100 000 тонамі нафты, затрымалася ў дрэйфе ля паўночнага ўзьбярэжжа Нямеччыны. Гэтае судна называюць часткай ценявога флёту Расеі.

Міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак абвінаваціла тады Маскву, што Ўладзімір Пуцін абыходзіць эўрапейскія санкцыі і пагражае эўрапейскай бясьпецы, «няшчадна разгортваючы флёт іржавых танкераў».

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што ў новай Балтыйскай місіі будзе больш авіяпатрулёў, баявых караблёў і дронаў. Ён дадаў, што ёсьць падставы глыбока непакоіцца аб пашкоджаньнях інфраструктуры, дадаўшы, што пры наступных інцыдэнтах альянс будзе абшукваць танкеры ці нават іх канфіскоўваць.

Нямецкія пракуроры дагэтуль дасьледуюць выбухі на газаправодзе «Паўночны паток». Падрывы адбыліся ў верасьні 2022 году.

Што далей?

Швэдзкія ўлады заявілі, што будуць шчыльна супрацоўнічаць з сваімі латвійскімі калегамі, каб расьсьледаваць патэнцыйны сабатаж. Аднак знайсьці, хто за ім стаіць, аказалася складана.

Эўрапейскія чыноўнікі дагэтуль скептычна ставіліся да адмоваў Масквы ад адказнасьці за інцыдэнты. Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс назваў лістападаўскія пашкоджаньні актам «дывэрсіі», а прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб заявіў, што сьнежаньскі інцыдэнт быў зьвязаны з Расеяй. Тым часам расьсьледаваньні яшчэ не закрытыя.

Аляксандар Калчаў, генэральны дырэктар Navibulgar — баўгарскага суднаходнага гіганта, якому належыць карабель, захоплены швэдзкімі ўладамі, — 27 студзеня дапусьціў, што судна пашкодзіла кабэль, але адхіліў любую магчымасьць наўмыснага сабатажу, заявіўшы, што карабель трапіў у «надзвычай дрэннае надвор’е» і пацягнуў якар па дне мора.

Карабель ВМС Эстоніі ў Балтыйскім моры ў рамках узмоцненага патруляваньня NATO ў рэгіёне пасьля меркаванай дывэрсіі супраць падводных кабэляў
Карабель ВМС Эстоніі ў Балтыйскім моры ў рамках узмоцненага патруляваньня NATO ў рэгіёне пасьля меркаванай дывэрсіі супраць падводных кабэляў

Урад Кітаю даў падобнае тлумачэньне Фінляндыі і Эстоніі амаль праз год пасьля інцыдэнту ў кастрычніку 2023 году з удзелам кітайскага карабля, які пашкодзіў падводны трубаправод, цягнучы якар на дыстанцыі сотні марскіх міль.

Большасьць экспэртаў сьцьвярджаюць, што калі карабель кідае якар і цягне яго ўздоўж марскога дна на вялікую адлегласьць, гэта будзе прыкметна для экіпажа і зрушыць карабель з курсу.

«Цягнуць якар так доўга здаецца вельмі малаверагодным, каб гэта засталося незаўважаным», — кажа спадар Юрыс.

Чакаецца, што краіны-чальцы ЭЗ пачнуць абмяркоўваць новы раўнд санкцый супраць Расеі пазьней на гэтым тыдні, калі будуць разглядаць новы пакет такіх санкцый — ужо 16-ы пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Двое чыноўнікаў Эўразьвязу заявілі Радыё Свабода, што сярод іншых захадаў у санкцыйны сьпіс Брусэля могуць быць дададзеныя ад 20 да 30 новых караблёў, якія, як мяркуецца, належаць да ценявога флёту Расеі.

ЭЗ ужо ўвёў санкцыі ў дачыненьні больш як да 70 караблёў меркаванага ценявога флёту. І ЗША, і Вялікая Брытанія таксама ўвялі 10 студзеня новыя санкцыі супраць 180 караблёў, якія, як мяркуецца, уваходзяць у склад расейскага ценявога флёту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG