У 2016 годзе ў Беларусі будзе ўведзена на 1 мільён квадратных мэтраў жыльля менш, чым летась. У краіне істотна скарачаюцца аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жыльля, а ў сталіцы сёлета яго ўвогуле не плянуюць будаваць. Гэта пры тым, што ў Беларусі ў чарзе на жытло зарэгістраваныя больш за 740 тысяч грамадзян. У Менску — 231 тысяча.
Прычым калі ў рэгіёнах чарга доўжыцца ад 11 да 20 гадоў, то ў Менску, паводле ацэнак экспэртаў, простаму сьмяротнаму чакаць адносна таннай кватэры давядзецца ад 30 да 70 гадоў.
Але міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны апошнімі дасягненьнямі ганарыцца:
«У 2015 годзе ўведзена 5 мільёнаў 58 тысяч квадратных мэтраў жыльля, нягледзячы на тое, што дзяржпадтрымка зьнізілася на 3 трыльёны рублёў. 1 мільён 612 тысяч квадратных мэтраў з 5 мільёнаў — гэта жыльлё зь дзяржпадтрымкай. Стабілізаваўся кошт 1 квадратнага мэтра жыльля, і цягам двух гадоў амаль ён не вагаўся. Суадносіны кошту квадратнага мэтра і сярэднямесячнай заработнай платы ў 2014 годзе складалі 1,14, а на канец 2015 году суадносіны — 1,07. Сёлета калі і павялічацца цэны на жыльлё, пабудаванае зь дзяржпадтрымкай, то ня больш як на 5%».
Цяпер у Менску невялікі шанец пабудаваць кватэру па дзяржаўных коштах маюць тыя, хто стаў у чаргу ў 1988 годзе. У сталіцы агульная чарга ўжо тры гады ня рухаецца — застопарылася на тых, хто стаіць на ўліку з 1988–1989 гадоў. Бо ўнутры гэтай агульнай чаргі ёсьць яшчэ некалькі чэргаў, якія рухаюцца значна хутчэй — шматдзетныя сем’і, людзі, якія жывуць у аварыйных дамах, чыноўнікі, супрацоўнікі сілавых структураў, судзьдзі, пракуроры ды іншыя. Такім чынам, для простага сьмяротнага чарга можа расьцягнуцца яшчэ на некалькі дзесяцігодзьдзяў.
Эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што народу ня варта разьлічваць на «халяву», на таннае жытло — можна яго і не дачакацца, а лепш самім шукаць шляхі вырашэньня жыльлёвага пытаньня:
«А дзяржава, у сваю чаргу, павінна разьвіваць інструмэнты жыльлёвага крэдытаваньня, ствараць рынак жыльля, выпускаць на гэты рынак розных апэратараў, у тым ліку і замежных. Манаполія дзяржавы да нічога добрага не вядзе. Дзяржава стварае ілюзію, што ўсе людзі павінны глядзець ёй у рот і толькі ад яе чакаць манны нябеснай.
І тое, што дагэтуль на чарзе стаяць яшчэ больш за 700 тысяч сем’яў, — гэта той рэсурс улады, які яна яшчэ мае, гэта тыя людзі, якія развучыліся крытычна думаць і патрабаваць зусім іншых спосабаў вырашэньня жыльлёвага пытаньня.
Неабходная канкурэнцыя і празрыстыя спосабы будаўніцтва. А таксама разьвіцьцё інфраструктуры, каб людзі імкнуліся будаваць ня толькі ў Менску, каб не было эканамічнага і камэрцыйнага сэнсу пераяжджаць з усёй краіны ў Менск. Таму што калі ў сталіцы жыве 2 мільёны з 9,5 мільёна, калі колькасьць жыхароў на сяле стала такой жа, як і ў сталіцы Менску, гэта сьведчыць пра тое, што краіна звужаецца да вялікіх гарадоў і ня мае ніякай рэгіянальнай палітыкі, таму такія перакосы існуюць».
МАПІД і іншыя домабудаўнічыя прадпрыемствы выходзілі на прэзыдэнта з просьбай аб выдзяленьні ім участкаў без правядзеньня аўкцыёнаў паводле заяўнага прынцыпу, каб будаваць жытло для тых, хто мае патрэбу, але па дзяржаўных коштах. Гэта, здавалася б, выгадна і прадпрыемствам, якія правялі мадэрнізацыю і ня маюць іншай загрузкі, акрамя будаўніцтва жыльля, і людзям, якія маюць патрэбу ў жыльлі. МАПІДу выдзелілі ўсяго тры пляцоўкі, і ўсё застопарылася. Чаму так адбываецца? Міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны прызнаецца:
«Складаная кухня ў горадзе Менску. Мне самому не ўдаецца зразумець, што адбываецца з участкамі ў Менску».
Міністар архітэктуры і будаўніцтва распавёў, што неўзабаве плянуецца правесьці рэарганізацыю кіраваньня структурай будаўнічага комплексу гораду Менску, стварыць адзіны камітэт па будаўніцтве, які аб’яднае і архітэктуру, і будаўніцтва, і землеўпарадкаваньне:
«Калі гэта будзе ў адных руках, тады будзе празрыстасьць і зразумеласьць. Вось гэты арганізацыйны пэрыяд зойме няшмат часу, хутка выходзім на кіраўніка дзяржавы з гэтай прапановай».
Яшчэ пару гадоў таму вялікія спадзяваньні былі на арэнднае жыльлё. Аляксандар Лукашэнка падпісаў некалькі ўказаў — № 535 ад 17 лістапада 2014 году, № 258 ад 24 чэрвеня 2015 году. У сталіцы пабудавалі каля дзясятка арэндных дамоў. Арэнднае жыльлё было вельмі папулярнае — старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац на сустрэчы з выбарцамі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў казаў, што на адну арэндную кватэру падаецца да 300 заяў. Але сёньня будаўніцтва арэнднага жытла рэзка скарачаецца, заявіў міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны:
«Выдзяленьне сродкаў на будоўлю арэнднага жыльля сёньня абмежаванае. Максымальны аб’ём быў у 2014 годзе — 224 тысячы квадратных мэтраў, у 2015-м — 176 тысяч квадратных мэтраў. Сёлета плянуецца пабудаваць 127 тысяч квадратных мэтраў — у асноўным гэта абласныя цэнтры.
Менск, на жаль, ня можа дазволіць сабе выдзяляць сродкі на будоўлю арэнднага жыльля».
Эканаміст Яраслаў Раманчук такім чынам пракамэнтаваў сытуацыю з арэндным жыльлём:
«Арэнднае жыльлё — гэта добрая камэрцыйная практыка. Трэба, каб гэтым займаліся звычайныя бізнэсоўцы, а не дзяржава. Ёсьць грошы — будуюць, могуць яго і прадаць. Я ня бачу тут месца для дзяржавы.
Відавочнае рашэньне гэтага пытаньня — гэта свабодны рынак зямлі, свабодная канкурэнцыя ў сфэры жыльлёва-камунальных паслугаў і, безумоўна, празрыстая працэдура дазволу на будаўніцтва са зразумелымі стандартамі будаўніцтва і прыняцьця гэтага жыльля.
Дзяржавы ў жыльлёвым будаўніцтве не павінна быць увогуле.
Вы бачылі, каб сацыяльнае жыльлё дзе-небудзь у Нямеччыне ці Аргентыне будавала дзяржава? Толькі прыватны бізнэс павінен гэта рабіць. А цяпер жыльлёва-камунальныя бароны зрабілі такую манаполію, пабудавалі такія сувязі, празь якія праходзяць сотні мільёнаў даляраў, і яны ня хочуць ламаць гэтую манаполію, спасылаючыся на сацыяльныя стандарты, нешта яшчэ, прымаюць генэральны плян Менску, які прадугледжвае інтарэсы перш за ўсё вось гэтай эканамічнай групы, якая хоча на пяць дзясяткаў гадоў наперад зруйнаваць нармальнае жыцьцё менчукоў».