Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграсядзібы — без гасьцей, госьці — бяз грошай


Аграсядзіба ў вёсцы Гожа
Аграсядзіба ў вёсцы Гожа

На Гарадзеншчыне гаспадары аграсядзібаў скардзяцца, што практычна ня стала кліентаў. Не спадзяюцца нават на сэзон адпачынкаў, які мае неўзабаве распачацца.

На Гарадзеншчыне, паводле афіцыйных дадзеных, звыш трохсот аграсядзібаў. Амаль паўсюль, дзе даводзілася бываць, зробленыя яны з густам, як правіла, у маляўнічых мясьцінах. Шмат у якіх, акрамя лазьні і застольляў, прапануюць і цікавую праграму, зьвязаную зь беларускай гісторыяй, этнаграфіяй.

Цяпер, калі займаесься толькі гэтым бізнэсам, то ногі працягнеш.

Але цяперашняя пара, як кажуць амаль усе ўладальнікі аграсядзібаў, з кім даводзілася размаўляць, ня вельмі ўдалая, бо кліентаў вобмаль. Яшчэ год-два таму на Гарадзеншчыне амаль у любым раёне па аграсядзібах адпачывалі ня толькі беларусы, але і расейцы, палякі, літоўцы, нават французы і гішпанцы. І цэны можна знайсьці самыя розныя — усё выстаўляецца на інтэрнэт-старонках.

У вёсцы Гожа, што ў Гарадзенскім раёне, спадар Юры праводзіць мяне па сядзібе. Тут усё дзеля таго, каб адпачыць. Хата вельмі ўтульная, усё з дрэва. Печ старая, мэбля яшчэ даваенная, могуць пераначаваць 6 чалавек адразу. Гаспадар зьбірае розныя старыя рэчы, каб пазьней асобна зрабіць музэй, прапаноўвае стравы, якія гатавала яшчэ ягоная бабуля. Побач возера, лес, рэчка, можна пахадзіць на байдарках па Нёмане, і гэта далёка ня ўсё... Пасьля гораду адчуваеш сябе ў гэтым месцы цудоўна. Але ў гаспадара зусім няма настрою.

Аграсядзіба ў вёсцы Гожа
Аграсядзіба ў вёсцы Гожа

— Ведаеце, за мінулыя месяцы наагул не было нават тэлефанаваньняў, дый цяпер на выходныя яшчэ ніхто нічога не замовіў, хоць званкі былі. Няма ў людзей грошай, ва ўсіх фінансавыя праблемы. Нават з Расеі цяпер ніхто не турбуе, а раней ужо ўзімку тэлефанавалі. Вельмі крыўдна, бо жывём побач зь мяжой, у мяне раней тут і літоўцы спыняліся, і палякі, і французы былі, і немцы. Я імкнуўся ўвесь час людзям нешта новае прапаноўваць у старых традыцыях, ім так гэта падабаецца. Ну, чаму не спрасьціць хаця б гэты памежны рух, каб маглі езьдзіць з Эўропы людзі? Насамрэч, паехалі б, бо я бачыў, як ім цікава наша жыцьцё, яны непадробна радаваліся нашым лясам, чыстаму харчаваньню, на печку немцы залазілі і фатаграфаваліся, каб потым паказаць на радзіме... Я яшчэ нават не раскладваў свае старыя рэчы на вуліцы, каб паказваць, як некалі нашы продкі хлеб малацілі, ткалі, чым прасавалі... Бо няма дзеля каго.

Аграсядзіба ў вёсцы Гожа
Аграсядзіба ў вёсцы Гожа

Спадар Юры кажа, што амаль усім замежнікам, якія спыняліся ў яго, вельмі падабаюцца стравы, якія ён гатуе ў чыгунках і толькі ў печы. У яго, маўляў, і лазьня зроблена так, што ні ў кога болей ня знойдзеш. Але прымяненьня гэтаму няма. А як заяжджаюць беларусы, кажа, то, як правіла, прывозяць свае харчы, набытыя ў супэрмаркетах, абы таньней. Але апошнім часам і іх няма.

А вось у аграсядзібе ў Бераставіцкім раёне спадар Іван распавядае, што некалькі замоваў атрымаў ад сталых кліентаў, якія наведваюцца да яго з Масквы і Менску. А так, маўляў, некалькі месяцаў без гасьцей.

— Бачыце, масквічы мае — людзі заможныя, ды яшчэ яны прывыклі купляць у нас харчаваньне. Вязуць ад нас ці ня цэлую тушу парсюка, індыкоў, курэй, баранінку, сыры, масла — я спэцыяльна для іх усё рыхтую. Кажуць, што як запасы сканчаюцца, то потым ня могуць есьці харчоў з маскоўскіх крамаў. І менчукі маё сала заўсёды купляюць, бо ў іх на Камароўцы такога няма.

Цікаўлюся ў спадара Івана і ягонай жонкі Валянціны — ці можна пражыць, займаючыся толькі агратурызмам? Спадарыня Валянціна адно ўсьміхаецца:

— Цяпер, калі займаесься толькі гэтым бізнэсам, то ногі працягнеш і дзяцей у школу ня выправіш. Мы з мужам трымаем яшчэ гаспадарку, маем зямлю, дый наагул у нас практычна ўсё сваё. Ввось гадуем, росьцім, а потым прадаём. Людзі цяпер якасныя харчы навучыліся адрозьніваць, і на гэта ёсьць попыт, вось толькі грошай нестае.

Спадар Іван узгадвае, што летась для аграсядзібаў хацелі зьмяніць падаткі. Цяпер яны плоцяць раз на год базавую велічыню — а хацелі, маўляў, увесьці такую аплату раз на тыдзень.

Настолькі адчуваецца зьбядненьне людзей, такога часу нават не прыгадаю

— Утрымацца было б папросту нерэальна, давялося б зачыняцца, бо прыбытку ад гэтага няма ніякага. Раней яшчэ мясцовыя людзі нейкія ўрачыстасьці ў нас адзначалі, нешта сьвяткавалі. А цяпер, калі які дзень нараджэньня ці што іншае, то папросту едуць на лецішча, набіраюць харчоў, і ніякіх табе аграсядзібаў.

А вось спадарыня Натальля мае з мужам аграсядзібу на Аўгустоўскім канале. Яна з сумам заўважае, што такіх часоў ужо даўно не было. У іх прасторная сядзіба, ёсьць дзе справіць урачыстасьць і нават цэлае вясельле. Але цяпер, маўляў, усё замерла. Гаспадары нават ня цешаць сябе надзеяй, што нешта ажыве ўвесну ці ўлетку.

— Настолькі адчуваецца зьбядненьне людзей, такога часу нават не прыгадаю. Цяпер калі і замовяць якую адну ўрачыстасьць правесьці, то нявыгадна, бо потым нават за сьвятло і газ не расплоцісься. Але ніхто і нічога не заказвае. Вось часам, калі палякі плаваюць па канале, то прыходзяць і заказваюць сьняданкі і абеды, а начаваць ніхто ня просіцца. А пра нашых і казаць няма чаго, людзі папросту не заходзяць, бо ня маюць грошай. А прапанаваць у нас шмат што ёсьць, і пра нашы традыцыі не забываем, нават музэй маем старых рэчаў, наведнікі абавязкова тут фатаграфуюцца. Вось цікава, колькі гэты час яшчэ працягнецца?

Паводле афіцыйных дадзеных, апублікаваных у СМІ, за мінулы год уладальнікі аграсядзібаў на Гарадзеншчыне зарабілі амаль 16 мільярдаў рублёў, а падаткаў у бюджэт сплацілі ўсяго 47,5 мільёна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG