Газэта “Творчество заключённого” на гэтым тыдні 1928 году друкуе эсэ “Кастрычніцкае абуджэньне”: “Зразумела старая турма, што сон яе скончыўся назаўсёды... Змрочныя муры пачалі ўсьміхацца сваёй бельлю, бачачы, як праз іх браму вывозіцца: зіхатлівая новая мэбля, каванае жалеза, брашуры, якія пахнуць сьвежаю фарбаю, — стварэньне рук тых, хто вучыцца жыць, а ў марозныя зімовыя ночы, падміргваючы акаляючаму гораду электрычнасьцю сваіх вокнаў, гаворыць ім: “Глядзіце, тут няма таямніц, — тут таксама віруе жыцьцё!”
“Віцебскі пролетарый” у 1938 годзе друкуе частушкі пра Чырвоную армію. Вось што было запісана ў Бабруйскім раёне:
“Наш магутны Варашылаў
Пойдзе першы ваяваць
З тым, хто нас пасмее
У час работы турбаваць.
Я пайду ў сад зялёны,
Буду слухаць салаўя,
Скора ў Армію Чырвону
Добравольцам пайду я.
Вораг дзесьці робіць планы,
Хоча з намі ваяваць,
Ну, дык знай, буржуй паганы, —
Супроць нас не ўстаяць”.
“Бацькаўшчына” ў 1958 годзе разважае пра наступствы савецкай культуры: “Гэта прывяло, як прыкладам у Савецкай Беларусі, да вынішчэньня матарыяльных і людзкіх нацыянальных вартасьцяў, да замены іх расейскімі, і што найтрагічней — выцясьненьня роднай мовы народу ня толькі з культурна-грамадзкіх установаў і жыцьця, із школаў і клюбаў, але й штодзённага ўжытку. Як зьдзекліва сьмяецца хоць-бы гэты прыклад: адзіны ў рэспубліцы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і ў ім афіцыяльная мова выкладаньня... расейская!”