Паводле інфармацыі беларускага замежнапалітычнага ведамства, альжырскі чыноўнік, які таксама працуе сустаршынём двухбаковай міжурадавай камісіі гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы, выказаў цікавасьць да паставак зь Беларусі дзіцячага харчаваньня і росту паставак сухога малака, мясной прадукцыі з халяльным сэртыфікатам.
Бакі дамовіліся падпісаць пагадненьне міжурадавае пагадненьне ў галіне вэтэрынарыі і мэмарандум аб супрацы ў сельскай гаспадарцы, піша Позірк.
Паводле Максіма Рыжанкова, Беларусь як «буйны вытворца сельгастэхнікі», краіна з «шырокімі кампэтэнцыямі і тэхналёгіямі ў сфэры сельскай гаспадаркі» гатовая «зрабіць унёсак у гарантаваньне харчовай бясьпекі Альжыру».
«У гэтым кантэксьце бакі абмеркавалі патрэбу мэханізацыі сельскай гаспадаркі ў рамках маштабнага праекту асваеньня новых зямель у пустэльні плошчай да 1 млн га, які рэалізуе альжырскі бок, — гаворыцца ў паведамленьні. — Альжырскі бок таксама праявіў зацікаўленасьць працягваць працу над праектамі сыстэмаў захоўваньня збожжа».
У выніку сустрэчаў бакі дамовіліся, што 3 лістапада прадстаўнікі МТЗ, МАЗ, прадпрыемстваў «Бабруйскаграмаш» і «Амкадор» наведаюць Альжыр для «практычнай дэталізацыі кірункаў далейшага ўзаемадзеяньня ў галіне паставак беларускае тэхнікі», а таксама «ўмоваў для стварэньня» на тэрыторыі Альжыру «супольных вытворчасьцяў трактароў і камунальнай тэхнікі, навяснога абсталяваньня і сэрвісных цэнтраў».
Дыпляматычныя стасункі паміж Беларусьсю і Альжырам завязаныя 24 кастрычніка 1995 году. Але яны ніколі не былі надта актыўнымі.
Паводле зьвестак на сайце МЗС, таваразварот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн даляраў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт. У асноўным Менск пастаўляў калійныя ўгнаеньні, тэкстыльныя матэрыялы, пакрытыя плястмасамі або з утрыманьнем плястмасаў, газэтную паперу і канцылярскія вырабы. У наступныя гады беларускі МЗС нічога пра аб’ёмы ўзаемнага гандлю з паўночнаафрыканскай дзяржавай не пісаў.
На перамовах альжырскаму боку перадалі «бачаньне» далейшых двухбаковых дачыненьняў дзяржаваў Аляксандра Лукашэнкі.
Форум