Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцы зноў выйшлі на плошчу


Сёньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбыўся мітынг прадпрымальнікаў. У ім узялі ўдзел каля дзьвюх тысяч чалавек.


Удзельнікі мітынгу патрабавалі вызваленьня арыштаваных пасьля акцыі 10 студзеня, адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760 і распрацоўкі з удзелам лідэраў прадпрымальніцкага руху закону аб малым бізнэсе.

Пасьля дванаццатай гадзіны на Кастрычніцкай плошчы пачаліся выступы палітыкаў. Першым да ўдзельнікаў акцыі зьвярнуўся намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Ён перадаў патрабаваньні да ўладаў ад імя актывістаў, арыштаваных пасьля акцыі 10 студзеня, якія знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна.

“Улада ідзе на адкрытую канфрантацыю з прадпрымальнікамі, з паўмільёнам выбарцаў. Яна лічыць за лепшае абараняць інтарэсы манапалістаў і буйных прадпрыемстваў, а не народны дух прадпрымальніцтва”.

Спадар Міхалевіч ад імя ўдзельнікаў мітынгу выказаў патрабаваньне вызваліць лідэра “Пэрспэктывы” Анатоля Шумчанку і іншых арыштаваных.

Таксама спадар Міхалевіч заклікаў прадпрымальнікаў узяць удзел у чарговых акцыях пратэсту і ў сьвяткаваньні 25 сакавіка.

У сваім выступе адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў і эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч выказаў салідарнасьць з прадпрымальнікамі:

“Вас спрабуюць запалохаць. Вам няма месца ў гэтым калгасе, бо прыватнай ініцыятыве ў калгасе месца няма. У нас ва ўсіх адзін шлях, каб вы мелі працу, каб краіна была нармальнай, — гэта атрымаць свабоду. Я заклікаю вас таксама да салідарнасьці з тымі, хто змагаецца за гэтую свабоду. Будзем разам, і Беларусь будзе нармальнай краінай. Жыве Беларусь!”

Пасьля выступу на плошчы Сяргея Скрабца, які перадаў словы салідарнасьці ад палітвязьня Аляксандра Казуліна, удзельнікі мітынгу вырашылі перайсьці на прыступкі Палацу рэспублікі. Актывіст прадпрымальніцкага руху Віктар Крываль сказаў:

“Патрабаваньні ў нас простыя: свабода нашых сяброў, якія цяпер знаходзяцца на Акрэсьціна. Бяз гэтага ніякіх перамоваў з уладай мы не зьбіраемся весьці. Свабоду!

Што мы можам цяпер проціпаставіць такім паводзінам улады? Такая прапанова – страйк на ўвесь люты. 28 студзеня ўсе дружна выходзім да будынкаў мясцовых адміністрацыяў разам з найманымі працаўнікамі, пакупнікамі, зь людзьмі, якія пазбаўлены сацыяльных гарантыяў”.

У сваім выступе прадпрымальнік з Салігорску Аляксандар Цацура сказаў:

“За зьнішчэньне прадпрымальнікаў і за выкінутыя на вуліцу тысячы найманых работнікаў патрабую адправіць у адстаўку Тура, а разам зь ім і гаранта канстытуцыі, які падпісаў антынародны, антыканстытуцыйны ўказ.

На мой погляд, так маглі зрабіць толькі ворагі народу. Таму галоўныя арганізатары гэтага мітынгу – гэта Лукашэнка і Тур, якія сваімі дзеяньнямі пакінулі нас бяз працы і вымусілі сабрацца на гэтай плошчы”.

Пасьля мітынгу ўдзельнікі акцыі накіраваліся на плошчу Незалежнасьці, каб выказаць свае патрабаваньні прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму. Аднак да ўдзельнікаў акцыі выйшаў міністар унутраных справаў Навумаў:

“Вы паралізавалі ўвесь горад. Вы лічыце, што вы тысяча... Я папярэдзіў усіх удзельнікаў акцыі, што яны будуць несьці крымінальную адказнасьць за дэзарганізацыю ўсяго парадку ў Менску. Калі праз 10 хвілінаў яны не разыдуцца, будзе прыменена фізычная сіла і спэцсродкі”.

Пасьля акцыі ўдзельніцы мітынгу дзяліліся сваімі ўражаньнямі ад дзеяньняў спэцназу і міліцыі:

- “Сорам і ганьба. Пэнсіянэры былі, валялі іх, кідалі шчытамі. Крыўдна за сваю краіну, аж плакаць хочацца”.
- “Мы не чакалі такога ад нашай дзяржавы, што яна пойдзе на нас са шчытамі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG