Фотагалерэя. Частка 1
Фотагалерэя. Частка 2
15.25 Акцыя прадпрымальнікаў завяршаецца. Людзі разыходзяцца.
15:14 Ля ГУМу міліцыянты затрымалі моладзевага актывіста Міхаіла Субача. Яму паведамілі, што ён падазраецца ў крадзяжы мабільнага тэлефона, і прапанавалі праехаць у міліцыю.
Людзей выціснулі з Кастрычніцкай плошчы на вуліцу Інтэрнацыянальную. Некалькі чалавек затрыманыя.
15:00 Спэцназ міліцыі ў адказ на крыкі прадпрымальнікаў "Фашысты!" скандуюць "Спэкулянты!".
14:58 Спэцназ выціскае людзей з Кастрычніцкай плошчы ў бок плошчы Свабоды. Ёсьць затрыманьні. Затрыманых завозяць у Маскоўскі РАУС.
14:57 Некалькі дзясяткаў дэманстрантаў выціскаюць з плошчы Незалежнасьці па вуліцы Энгельса ў бок Траецкага прадмесьця. Спэцназ міліцыі не выпускае дэманстрантаў з ачапленьня.
14:55 Спэцназаўцы выціскаюць людзей з Кастрычніцкай плошчы.
На Кастрычніцкай плошчы значна менш дэманстрантаў. Да людзей набліжаецца спэцназ.
14:45 Частка дэманстрантаў зноў дайшла да Кастрычніцкай плошчы.
14:40 Каля Цэнтральнай кнігарні па ходніку калёна ідзе ў бок Кастрычніцкай плошчы ў суправаджэньні спэцназу. Другая частка дэманстрантаў заблякаваная каля гатэлю "Мінск".
14:35 Уладзімер Навумаў асабіста камандаваў разгонам удзельнікаў акцыі з плошчы Незалежнасьці. Ён адмовіўся ад камэнтароў для “Свабоды”.
14:30 Дэманстранты накіроўваюцца ў бок Кастрычніцкай плошчы. Спэцназ грукае дубінкамі ў шчыты, запалохваючы дэманстрантаў.
14:27 Кола спэцназаўцаў сьціскаецца вакол людзей. Людзі скандуюць "Фашысты!", "Акупанты!"
14:25 Пачалася зачыстка. Людзей выцясьняюць з плошчы. Паведамляе Любоў Лунёва:
14:22 Спэцназ міліцыі і байцы ўнутраных войскаў абкружаюць дэманстрантаў. Паведамляе Любоў Лунёва:
14:21 Байцы спэцназу міліцыі з дручкамі і шчытамі выстройваюцца перад Домам ураду
14:21 Навумаў заявіў, што супраць удзельнікаў акцыі ўзбудзяць крымінальныя справы
14:20 Да дэманстрантаў выйшаў міністра ўнутраных справаў Уладзімер Навумаў. Ён папярэдзіў, што калі ўдзельнікі акцыі не разыдёцца, да іх ужывуць спэцсродкі.
14:17 На прыступках Дому ўраду спэцназ міліцыі ўтварыў жывы ланцуг і не прапускае прадпрымальнікаў у будынак.
14:15 Калёна дайшла да плошчы Незалежнасьці, міліцыя папярэджвае, што будзе ўжытая сіла.
14:10 Каля Цэнтральнай кнігарні затрымалі трох чалавек.
14:02 Калёна працягвае рух па ходніках. Аўтазакі суправаджаюць калёну.
14:00 Аўтазакі выцясьняюць коламі людзей з праезнай часткі. Паведамляе Любоў Лунёва:
13:55 Людзі выйшлі на праезную частку праспэкту і рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасьці. Пад'яжджаюць аўтазакі.
13:50 Удзельнікі акцыі рух па ходніку ў бок плошчы Незалежнасьці. Яны трымаюць расьцяжку "Не -- падатковым рэпрэсіям". Міліцыянты выстраіліся ланцугом і ахоўваюць праезную частку.
13:45 Удзельнікі мітынгу зьбіраюцца ісьці на плошчу Незалежнасьць і патрабаваць, каб да іх выйшаў кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі.
13:35 На плошчу прыехала машына Беларускага тэлебачаньня. Людзі скандуюць "Ганьба!" Міліцыя просіць, каб людзі разыходзіліся. Народ разышоўся па ўсёй плошчы.
13:30 Народ застаецца на Кастрычніцкай плошчы: частка на прыступках, некаторыя каля праезнай часткі. Паводле ацэнак, на плошчы - каля тысячы чалавек.
13:20 Скончыўся мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Людзі гуртуюцца ў калёны. Міліцыя папярэджвае, што нельга выходзіць на праезную частку.
13:25 Сьветлагорск. Суд над старшынём Кардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі Анатолем Зьмітровічам перанесены на 16 гадзінаў. Судзьдзя Натальля Белайчук патлумачыла, што дзеля разгляду адміністрацыйнай справы супраць прадпрымальніка няма вольнай залы.
Міліцыянты затрымалі Анатоля Зьмітровіча 18 студзеня ўвечары. На яго склалі пратакол паводле артыкулу нібыта за парушэньне парадку правядзеньня мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 10 сьнежня 2007 году.
На знак пратэсту Анатоль Зьмітровіч аб'вясціў галадоўку.
Сёнья Спадар Зьмітровіч зьбіраўся ўдзельнічаць у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску.
13:20 Бабруйск. На плошчы Леніна - 500 прадпрымальнікаў. Грамадзкі актывіст Алесь Чыгір паведаміў, што прадпрымальнікі сфармавалі ініцыятыўную групу, якая выправілася на перамовы з чыноўнікамі.
13:25 Магілёў. Прадпрымальнікі разыходзяцца з плошчы. Яны выходзілі, каб нагадаць чыноўнікам пра свае праблемы і абяцаюць рабіць гэта рэгулярна. Наступным разам прадпрымальнікі зьбіраюцца выйсьці 25 студзеня да ізалятара часовага ўтрыманьня, калі на волю выйдзе грамадзкі актывіст Валадар Цурпанаў.
13:10 Людзі скандуюць "Свабоду!" У сваім выступе прадпрымальнік з Салігорску Аляксандар Цацура прапанаваў прысутным сабрацца зноў 18 лютага. Цацура таксама заклікаў Аляксандра Лукашэнку сысьці ў адстаўку.
13:00 Пад'ехала машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, міліцыя заклікае народ разысьціся, пагражае пакараньнем. На плошчы вельмі моцна гучыць радыё, трансьлюецца канцэрт - спрабуюць заглушыць выступоўцаў.
12:55 На прыступках Палацу Рэспублікі выступае прадпрымальнік Віктар Крываль. Патрабаваньні: вызваліць усіх арыштаваных, адмяніць дзеяньне Ўказу №760. Плошча напалову запоўненая людзьмі.
12:50 У мітынгу ўдзельнічае каля тысячы чалавек.
12:45 Пачаўся мітынг. Выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які заклікаў вызваліць усіх зьняволеных актывістаў і прадпрымальніткаў і скасаваць Указ №760. Ад імя Эўрапейскай кааліцыі выступіў Мікола Статкевіч.
12:45 Паведамленьне ад Эўрапейскага радыё для Беларусі: “Дамэн www.belradio.fm па незалежных ад нас тэхнічных прычынах часова не працуе. Даступны новы дамэн Эўрапейскага радыё для Беларусі www.euroradio.fm. Як толькі збой будзе ліквідаваны, запрацуюць абодва дамены".
12:43 Віцебск. Другія суткі міліцыянты блякуюць кватэру, дзе жыве грамадзкі актывіст Павал Севярынец.
12:40 Пінск. Ля будынку гарвыканкаму сабралося болей за 100 гандляроў з рэчавых рынкаў. Грамадзкі актывіст Канстанцін Чувак паведамляе, што за ўдзельнікамі акцыі пратэсту назіраюць міліцыянты і супрацоўнікі КДБ у цывільным.
12:45 Ля Палацу прафсаюзаў людзі ў цывільным затрымалі маладога чалавека, які нёс тронак для транспаранту. Яго зьбілі і зацягнулі ў будынак. Колькасьць людзей на плошчы павялічваецца.
12:35 На Кастрычніцкай плошчы прысутнічаюць прадпрымальнікі з Салігорску, Узды, Барысава. Некаторыя людзі назіраюць за прадпрымальнікамі здалёк, хтосьці далучаецца.
12:30 Бабруйск. Да будынку гарвыканкаму выйшла прыкладна 200 чалавек. Да прадпрымальнікаў выйшлі загадчык ідэалягічнага аддзелу спадар Кавалевіч і ягоны намесьнік спадар Маркачоў. Яны прапанавалі людзям разысьціся і папярэдзілі, што інакш будуць складацца пратаколы. На будынку падцягваецца міліцыя.
12:20 На Кастрычнікай плошчы - прыкладна 200 чалавек.
12:15 Магілёў. На плошчы Леніна пачынаюць зьбірацца прадпрымальнікі. Іх каля 70 чалавек. На плошчы 3 міліцыянты ў форме, але бяз бэджаў: палкоўнік і падпалкоўнік. Пазаўчора ў Магілёве выпаў сьнег, але плошчу не расчысьцілі.
12:00 На Кастрычніцкай плошчы пачынаюць зьбірацца прадпрымальнікі. Праз гукаўзмацняльнікі гучыць Дзяржаўнае радыё.
11:30 На плошчы Свабоды - 6 аўтобусаў зь міліцыянтамі, 5 аўтазакаў стаіць за Палацам Рэспублікі.
11:20 Супрацоўнікі ДАІ забараняюць прыватным аўтамашынам спыняцца на Кастрычніцкай плошчы.
11:15 На подступах да Кастрычніцкай плошчы – некалькі аўтобусаў зь міліцыяй. Супрацоўнікі ДАІ правяраюць машыны.
11:00 У Беларусі ўскладнёны доступ да сайту Радыё Свабода, Наша Ніва, Эўрапейскае радыё для Беларусі, Хартыя-97.
Сёньня а 12-й гадзіне дробныя бізнэсоўцы праводзяць акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Адно з патрабаваньняў – скасаваньне пункту 1.1 указу прэзыдэнта №760, які ад 1 студзеня забараніў наймаць на працу кагосьці, апроч блізкіх сваякоў.
Мінулая акцыя пратэсту адбылася 10 студзеня. Калі прадстаўнікі ўладаў ня выйшлі на плошчу да дэманстрантаў, тыя наладзілі шэсьце, а потым перакрылі рух транспарту па праспэкце Незалежнасьці ў Менску.
Аднак на саступкі прадпрымальнікам улады пакуль не пайшлі. Каля 40 актывістаў апазыцыі і прадпрымальніцкага руху арыштаваныя і знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна.