Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды Зінаіды Бандарэнкі


Ад 7 па 11 студзеня грамадзкім рэдактарам Радыё Свабода будзе народная артыстка Зінаіда Бандарэнка. Як яна адзначае Каляды?


Уліцёнак:
“Спадарыня Зінаіда, чым адметныя для Вас Каляды?”

Бандарэнка: “Тут, як кажуць, два ў адным: і Каляды, і Дзень нараджэньня Хрыста – яны традыцыйна, гістарычна побач”.

Уліцёнак: “А што менавіта сьвяткуюць у Вашай сям’і?”

Бандарэнка: “Раство Хрыстова. Але як завітае нехта, ці калі пачуем калядоўшчыкаў у двары, то выходзім і далучаемся да вясёлых сьпеваў. З Калядамі я больш сустракалася падчас свайго жыцьця на Гомельшчыне. Цяпер гэтага сьвята, падаецца, стала меней”.

Уліцёнак: “Тут, у Менску, даводзілася быць калядоўшчыцай?”

Бандарэнка: “Аднойчы… Але дзе? На вуліцы Камуністычнай падчас СССР і КПСС!”

Уліцёнак: “Вы падзяляеце Каляды на праваслаўныя і каталіцкія?”

Бандарэнка: “У нас сьвяты настолькі побач, да таго ж мы так здаўна гістарычна зьвязаныя з суседнімі Польшчай ды Літвой, што Каляды мне падаюцца аднолькавымі”.

Уліцёнак: “Ці ходзіце Вы на Каляды ў царкву або касьцёл?”

Бандарэнка: “Абавязкова: ну як жа бяз гэтага?!”

Уліцёнак: “Ці ёсьць у Вас звычка рабіць калядныя падарункі?”

Бандарэнка: “Канечне! Напрыклад. у мяне ёсьць унучка – яна ўжо дарослая дзяўчына, студэнтка. Патэлефанавала: для цябе ўжо ляжыць падарунак!”

Уліцёнак: “Што менавіта – ня самая вялікая сямейная тайна?”

Бандарэнка: “Прыгожая шапачка і такія даўгія пальчаткі вышэй лакатка і з голымі пальчыкамі – моладзевы такі набор, які вельмі сучасна выглядае. Думаю, наша Марыя будзе задаволеная”.

Уліцёнак: “І напрыканцы: Вашы калядныя пажаданьні слухачам Свабоды?”

Бандарэнка: “Як калядныя, дык, зразумела, дабрабыту, радасьці, вясельля. Каб мы лягчэй перажывалі тыя цяжкасьці, якія з кожным днём усё больш набліжаюцца да нас. Але беларускі народ годны лепшай долі. Яе і жадаю ўсім, хто жыве ў нас на Беларусі”.

У абавязкі грамадзкага рэдактара ўваходзіць: штодня вызначаць пяцёрку лепшых матэрыялаў сайту Свабоды, рабіць крытычны агляд творчасьці журналістаў, даваць ім парады, а напрыканцы сплянаваць і прааналізаваць пятнічную вечаровую праграму, падсумаваць у наўпроставым этэры вынікі свайго рэдагаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG