Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Праклятыя госьці сталіцы” ў Менску


Прэзэнтацыя новай кнігі празаіка Альгерда Бахарэвіча “Праклятыя госьці сталіцы” адбылася ў музэі Гісторыі беларускай літаратуры ў Менску.


Новы твор Альгерда Бахарэвіча – раман у васьмі частках, які выйшаў у выдавецтве Ігара Логвінава. У часе прэзэнтацыі апроч аўтара выступілі паэты Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч, Вольга Гапеева і Віка Трэнас. Дзеля прэзэнтацыі Альгерд Бахарэвіч прыехаў адмыслова зь Нямеччыны, дзе цяпер стала жыве.

На вокладцы кніжкі годам выданьня пазначаны 2008-ы. Пакуль мала хто чытаў “Праклятых гасьцей сталіцы”, таму найперш слова для самапрэзэнтацыі аўтару – Альгерду Бахарэвічу:

“Гэта мая першая спроба раману. Тэатральны раман. Як і ўсе мае кнігі, яна шматузроўневая, шматслойная, ёсьць некалькі асобных сюжэтаў. Што да зьместу, нічога сказаць не магу. Бо я быў бы занадта кепскім пісьменьнікам, калі б мог адным-двума сказамі сказаць, пра што кніга. Яна, напэўна, больш крытычная ў параўнаньні з астатнімі маімі кнігамі. Бо тут вельмі пазнавальная беларуская рэчаіснасьць. У тым ліку і палітычная беларуская рэчаіснасьць”.

Адным зь першых чытачоў “Праклятых гасьцей сталіцы” стаўся Юрась Барысевіч – рэдактар кнігі:

“Вельмі сучасная, экспэрымэнтальная, але разам з тым чытэльная проза. Дзеяньне адбываецца ў Менску, хоць месца канкрэтна не называецца. Але можна ўгадаць: кінатэатар “Зьмена”, музэй Пятруся Броўкі ды іншыя беларускія рэаліі.

Альгерд неяк прызнаўся, што да напісаньня гэтага раману яго падштурхнула ў тым ліку мая думка: усе мастакі выстаўляюць свае творы. А ці змог бы хто-небудзь выставіць не свае творы, а гледачоў? У прынцыпе, асноўная сюжэтная лінія новай кнігі Бахарэвіча вакол гэтай ідэі і разгортваецца”.

“Праклятыя госьці сталіцы” выйшлі з друку напрыканцы 2007 году, але сам твор быў напісаны у 2004-2005 гадах. Сёлета Альгерд Бахарэвіч паставіў кропку ў напісаньні новай кніжкі прозы – пад назвай “Сарока на шыбеніцы”.

Прэзэнтацыя “Праклятых гасьцей сталіцы” мела працягам пэрформанс “Тэатру псыхічнай неўраўнаважанасьці” на чале зь Ільлём Сінам, які ладзіўся пад акампанэмэнт струннай музыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG