Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэфэрэндум – фатальная памылка Аляксандра Лукашэнкі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Уся наша пошта апошняга тыдня — на тэму выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка. Ці можна разьлічваць на тое, што ў новым парлямэнце зьявяцца палітычныя фігуры, здольныя скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку? Што можа супрацьпаставіць апазыцыя фальшаваньням і махлярству пры падліку галасоў на выбарчых участках? Слухачы па-рознаму адказваюць на гэтыя пытаньні. Вось якім развагамі дзеліцца ў сваім лісьце на Свабоду настаўнік зь Нясьвіжу Бярнард Пакульніцкі:

“Як законапаслухмяны грамадзянін Беларусі, хачу, каб мая краіна была вольнай і дэмакратычнай, каб голас простага чалавека пачула ўлада, каб яна пачала шанаваць сваіх грамадзянаў, — піша слухач. — Каб менш было хлусьні, якую мы чуем і бачым у дзяржаўных мэдыях, асабліва на тэлебачаньні. Каб не было падзелу на сваіх і чужых, каб публічна не зьневажалі людзей толькі за тое, што яны маюць адрозны ад уладаў і прэзыдэнта Лукашэнкі пункт гледжаньня. Каб чалавек мог спакойна глядзець у будучыню. Каб моладзь мела пэрспэктыву і працу, а пэнсіянэры — годнае жыцьцё, якое заслужылі, і не баяліся, што павялічыцца ўзрост выхаду на пэнсію. Каб жонкі й маці не аплаквалі сваіх мужоў і дзяцей з нагоды апазыцыйнай дзейнасьці, каб у нашай краіне не было палітычных вязьняў. Каб паважаліся правы нацыянальных меншасьцяў.

Радыё Свабода ня раз нагадвала пра тое, што ў Гарадзенскай вобласьці не зарэгістравалі кандыдатам Тадэвуша Гавіна, былога старшыню Саюзу палякаў Беларусі. Але вы чамусьці абышлі ўвагай яшчэ некалькі фактаў — тое, што не зарэгістравалі й Тадэвуша Кручкоўскага, цяперашняга старшыню Саюзу палякаў, і прадстаўніка польскай меншасьці Лёнгіна Матусэвіча (у Валожынскім раёне). Тут і ня пахне дэмакратыяй, улады зрабілі ўсё, каб ня бачыць палякаў у беларускім парлямэнце — хаця яны, як грамадзяне Беларусі, маюць поўнае права прадстаўляць нацыянальную меншасьць”.

Слухач таксама паведамляе, што катэгарычна супраць якіх-небудзь зьменаў Канстытуцыі й працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Мы шмат і падрабязна паведамлялі пра дзясяткі выпадкаў, калі вядомыя ў беларускім грамадзтве асобы, якія хацелі ўдзельнічаць у выбарах, ня здолелі прайсьці этапу рэгістрацыі. Згадвалі мы, спадар Пакульніцкі, і выпадак з Тадэвушам Кручкоўскім. Ня думаю, што на вынікі рэгістрацыі ў якой-небудзь акрузе вырашальным чынам уплывала нацыянальная прыналежнасьць магчымага кандыдата. Пагартайце сьпісы тых, каго адхілілі на этапе рэгістрацыі, спаслаўшыся на рознага кшталту фармальнасьці. У 90% выпадкаў гэта апанэнты ўлады — незалежна ад таго, належаць яны да нацыянальных меншасьцяў, ці — карэнныя беларусы.

Хоць, зрэшты, праблема прадстаўніцтва нацыянальных меншасьцяў у парлямэнце існуе. Гэтаму спрыяе выбарчая сыстэма ў Беларусі, пры якой і палітычным партыям, і грамадзкім арганізацыям надзвычай складана правесьці ў парлямэнт сваіх прадстаўнікоў.

Ліст ад Сяржука Буравога з расейскага гораду Старадуб Бранскай вобласьці. Слухач піша:

“Рэфэрэндум — гэта фатальная памылка Лукашэнкі. Кантралюючы большасьць у парлямэнце і Канстытуцыйны суд, ён мог бы правесьці гэтае рашэньне, не пытаючы народу і не засяроджваючы на гэтым увагі. У яго здалі нэрвы, што цалкам адпавядае ягонаму характару. І ён ня вытрымаў, ня стаў чакаць, азартна спадзеючыся, што народ яго, як заўсёды, падтрымае. Можна з пэўнасьцю сказаць: зь ліку праціўнікаў рэфэрэндуму ў новай Палаце прадстаўнікоў будзе створана фракцыя, лідэр якой стане сур’ёзным канкурэнтам Лукашэнкі. Але лёс прэзыдэнта можа вырашыцца і раней, калі за яго прагаласуе надта шмат людзей”.

Пакуль што рэфэрэндумы як спосаб умацаваньня асабістай улады Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўваў эфэктыўна — і ня надта шмат аргумэнтаў у тых, хто лічыць, што гэтым разам старая схема не спрацуе. Што да будучай Палаты прадстаўнікоў, у апазыцыі, відавочна, ёсьць шанцы на тое, што ўдасца стварыць уласную ўплывовую фракцыю. Але толькі ў тым выпадку, калі вырашальная стадыя выбараў хоць бы ў частцы акругаў пройдзе зь мінімальным выкананьнем заканадаўства, бяз масавага фальшаваньня й махлярства. Гарантыяў гэтага, на жаль, няма.

Ліст ад Міколы Цяліцы зь Менску. Слухач піша:

“З 1994 году я пастаянна быў назіральнікам на выбарах. І пераканаўся, што гэта ня ВЫБАРЫ, а ВЫРАБЫ. Каб не было сапраўдных выбараў, трэба, каб не было сыравіны. Таму дэмакратычных кандыдатаў зарэгістравалі толькі дзеля рэклямы “дэмакратычнасьці”. Але далей іх чакае чырвоны сьветлафор. І над гэтым ім варта вельмі добра падумаць. Вады з калодзежа кошыкам не дастанеш. Выйсьце ў тым, каб стварыць па-сапраўднаму дэмакратычную выбарчую сыстэму. А гэта азначае, што ў выбарчыя камісіі павінны трапіць прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў; назіральнікі павінны мець права прысутнічаць пры падліку бюлетэняў і атрымліваць копіі дакумэнтаў з вынікамі галасаваньня.

Наш агульны дом цяпер апынуўся на краі бездані. Дарагія людзі, не пасьпіце адну ноч і добра падумайце, ці трэба ісьці на такія выбары. Дзеля супрацьдзеяньня беззаконьню існуе толькі адна дзейсная зброя — гэта ўсеагульны байкот. Калі мы ня выкарыстаем гэтай зброі, сярод Эўропы паўстане яшчэ адна Паўночная Карэя”.

Процілеглае меркаваньне адносна ўдзелу ў галасаваньні — у нашага менскага слухача Івана Самасейчыка. Ягоны ліст можна лічыць своеасаблівым адказам Міколу Цяліцу:

“На выбары патрэбна ісьці ўсім. Ісьці абавязкова. Калі ты за Народны фронт Пазьняка і заклікаеш не ісьці на выбары — не ідзі. Але і не чакай, каб твой голас улічваўся жыцьцём хоць дзе. Ты ж сам выкрэсьліваеш сябе з актыўнага пласту быцьця. Прыхільнікі байкоту кажуць, што засьцерагаюцца ад падману акруговых ды ўчастковых камісіяў. Але ж падмануць лягчэй якраз тады, калі людзі ня прыйдуць на выбары. Вядома, апасацца трэба. Напрыклад, датэрміновых выбараў, бо ўсе датэрміновыя бюлетэні лёгка падмяніць адным похапкам. Альбо выязнога галасаваньня па хатах ды кватэрах са скрынямі. Альбо няправільнага падліку пасьля выбараў. Таму неабходна, каб круцялі ў камісіях ня мелі магчымасьці хуценька зьнішчыць бюлетэні, каб іх маглі пералічыць нэўтральныя людзі й пасьля выбараў.

Што да рэфэрэндуму, то тут і так усё ясна: трэба галасаваць супраць падаўжэньня паўнамоцтваў каго б там ні было. Нікому нельга парушаць самімі двойчы ўхваленую Канстытуцыю”.

Кампанія байкоту магла б прынесьці плён, калі б яе масава падтрымалі людзі. Але масавай падтрымкі ня будзе, гэта сёньня відавочна нават тым, хто да байкоту заклікае. На гэтую тэму ўжо ня раз даводзілася выказвацца.

На заканчэньне — ліст ад Сьцяпана Зуха са Смаргоні. Слухач піша:

“Ня з нашымі людзьмі ісьці па дарозе зьменаў. Няма адзінства, няма агульнага разуменьня. У хуткім часе ўсім нам заткнуць глотку. І нікога слухаць ня будуць. Вунь, на Фідэля Кастра чаго толькі ні казалі з усіх бакоў, а ён нікога ня слухаў і ўсталяваў такі рэжым, які захацеў. Як на маё разуменьне, усё можна было б вырашыць у кабінах для галасаваньня. Ніхто ж не стаіць у цябе за сьпіной і не падглядвае, каго выкрэсьліваеш, а каго пакідаеш. Але многія і многія ў нас баяцца за сябе і сваіх блізкіх. Чаму не было ўсеагульнай падтрымкі дэпутатаў, якія галадалі? Чаму людзі не выходзяць абараніць Міхаіла Марыніча, якога невядома за што трымаюць у турме? Усе (ці амаль усе) разумеюць, у чым справа, але маўчаць, агульнага абурэньня няма. Стань на дарозе гэтай улады — потым пашкадуеш. Усе бачаць, што здараецца з тымі, хто адважваецца на пратэст”.

Улада, якая грунтуецца на страху, ня можа быць трывалай. Асабліва, калі краіна акружана не хвалямі Атлянтыкі, як кубінская выспа, а эўрапейскімі краінамі, дзе жывуць паводле зусім іншых законаў і прынцыпаў. Напэўна, было б памылкай лічыць, што ўсе людзі ў Беларусі адэкватна ацэньваюць тыя падзеі, пра якія вы, спадар Зух, згадваеце ў сваім лісьце. Але людзей разважлівых становіцца ўсё больш. Час працуе не на тых, хто бачыць будучую Беларусь пад самаўладным кіраўніцтвам нязьменнага лідэра.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл і Валянціна Арцёмава зь Менску, Васіль Самусевіч са Стоўпцаў і Анатоль Жэрдзеў з Гомелю. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG