Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дапускаю, што Лукашэнка меў рацыю, калі сказаў, што на выбарах яму налічылі 93%”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111"

У нашай пошце апошняга тыдня шмат лістоў на тэму дачыненьняў улады і прэсы. Ва ўмовах Беларусі гэтыя дачыненьні часам суправаджаюцца гучнымі скандаламі — як здарылася падчас нядаўняга саміту СНД, калі група расейскіх журналістаў наладзіла дэмарш на знак салідарнасьці са сваімі калегамі, не дапушчанымі ў залю.

“Я ў захапленьні ад таго, якія расейскія журналісты дружныя, згуртаваныя, як, не зважаючы на палітычныя супярэчнасьці й розныя пазыцыі выданьняў, адзіным фронтам адстойваюць прафэсійныя прынцыпы. А вось дзе былі вы, беларускія журналісты? Чаму разам са сваімі расейскімі калегамі не пакінулі залю? Вы проста абавязаныя былі гэта зрабіць, каб прадэманстраваць салідарнасьць. Тым больш, што сытуацыя са свабодай друку ў Беларусі куды больш складаная, чым у Расеі”, — напісаў у электронным лісьце Дзьмітры Новік зь Менску.

Беларускіх журналістаў зь незалежных мэдыяў, якія адважваюцца адстойваць адрозны ад афіцыйнага пункт гледжаньня на падзеі ў краіне, у той залі проста не было, спадар Новік. Гэта ня значыць, што яны не хацелі альбо не спрабавалі туды трапіць. Адпаведныя заяўкі падавалі многія. Але атрымалі стандартныя адмовы. Гэта, зрэшты, для беларускіх журналістаў за апошнія гады стала ўжо звыклым. А вось для іхных расейскіх калегаў гэта выглядала чымсьці надзвычайным.

Журналісцкая супольнасьць Беларусі й Расеі ўвогуле жыве і працуе ў вельмі розных умовах. У адным самалёце з прэзыдэнтам Пуціным (у складзе так званага прэзыдэнцкага пулу) у Менск прыляцелі у тым ліку тыя журналісты, якія дазваляюць сабе даволі рэзка крытыкаваць палітыку Крамля. А паспрабуйце сабе ўявіць, што ў прэзыдэнцкі пул беларускага кіраўніка ўключылі б карэспандэнтаў “Нашай Нівы” ці “Народнай Волі”. Беларускія журналісты палічылі б гэта чымсьці неверагодным.

Аляксандар Сувораў зь Менску ў электронным лісьце на “Свабоду” зьвярнуў увагу на нядаўнюю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі для ўкраінскіх журналістаў. У прыватнасьці, слухач разважае пра тое, як кіраўнік Беларусі адказваў на пытаньні пра дачыненьні Беларусі з Захадам і суседнімі краінамі. Цытата зь ліста Аляксандра Суворава:

“На мой погляд, у словах Аляксандра Рыгоравіча многія пачулі яўнае раздражненьне з тае прычыны, што неабходна весьці нейкія перамовы, займацца дыпляматыяй, шукаць кампрамісы, узаемапрымальныя ўмовы. І адчувалася жаданьне дзейнічаць на палітычнай арэне іншымі мэтадамі — відаць, больш блізкімі й звыклымі. Якая ў бальшавікоў была дыпляматыя? На першае месца яны ставілі не перамовы, а прысуды нязручным асобам і дзяржавам, сілавое вырашэньне праблемы…

А выказваньні наконт магчымай саюзнай дзяржавы з Украінай — пра тое, што Лукашэнка марыць, каб гэта калі-небудзь здарылася, што з гэтай дзяржавай усе лічыліся б і што ён называе гэта горлам Расеі й Заходняй Эўропы? І што выклікае заклапочанасьць — у адказ на гэтыя словы пачуліся аплядысмэнты! Пляскалі ў ладкі тыя ўкраінскія журналісты, якія былі запрошаныя на гэтую прэсавую канфэрэнцыю”.

Журналістаў на тую прэсавую канфэрэнцыю, спадар Сувораў, падбіралі й запрашалі беларускія ўлады. Натуральна, прыхільнікі аранжавай рэвалюцыі й празаходняй арыентацыі Ўкраіны туды ня трапілі. Так што аплядысмэнты былі загадзя запраграмаваныя, і асабліва турбавацца з гэтай нагоды наўрад ці варта. Тым больш, што для ўсіх відавочна: праект беларуска-ўкраінскай саюзнай дзяржавы ў сёньняшніх умовах — нешта з галіны фантастыкі. Асабліва пасьля дзесяцігадовай эпапэі з будаўніцтвам беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы, у выніку якой дачыненьні былі даведзеныя да стану глыбокага крызісу.

Да масавага дэсанту ўкраінскіх журналістаў зьвяртаецца ў сваім лісьце і Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

“Няўжо гэта былі журналісты той Украіны, якая стаяла на Майдане? Пасьля іхных пытаньняў і захапленьня нашым быцьцём, думаецца, што, прыехаўшы дамоў, яны прапануюць скасаваць усе помнікі ахвярам рэпрэсіяў і галадамору, стварыць Лінію Сталіна, выдаць кнігу “Сталіну, Эўропа, пакланіся”, вярнуць вуліцам і плошчам імёны Дзяржынскага й Леніна... А ўсіх, хто выходзіць пратэставаць на Майдан, саджаць на 10—15 сутак. Хацелася б спытаць у гэтых журналістаў: “Няўжо вы забылі лёс Георгія Гангадзэ? Няўжо забылі, як да аранжавай рэвалюцыі вас таксама ціснула й перасьледавала ўлада?”

У сваім лісьце Васіль Валошка таксама разважае наконт прызнаньня Аляксандрам Лукашэнкам таго факту, што вынікі сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў былі сфальшаваныя — але нібыта на карысьць апазыцыі. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Дапускаю, што Лукашэнка меў рацыю, і ў афіцыйным пратаколе, сапраўды, значылася лічба 93 працэнты. Бо на тых выбарах кожны вэртыкальнік баяўся паказаць лічбу ніжэйшую, чым у суседа. Усе ж памяталі, чым скончылася “няправільнае” галасаваньне студэнтаў для некаторых кіраўнікоў навучальных установаў. І ведаючы, што за перабор могуць толькі паблажліва паўшчуваць, стараліся ўсе. Ну, а мы ўсе яшчэ раз пераканаліся ў празрыстасьці нашых выбараў.

Крыўдна за тое, што нас лічаць быдлам. Улада, не баючыся для сябе ніякіх наступстваў, робіць такія заявы. Ці можа такое адбыцца ў цывілізаванай краіне? Можна ўявіць, што пасьля гэтага здарылася б з такім прэзыдэнтам. І чаму цяпер маўчыць Ярмошына? Яна павінна альбо пацьвердзіць заяву Лукашэнкі — і тады супраць яе трэба заводзіць крымінальную справу; альбо абвергнуць Лукашэнку, тым самым прызнаўшы яго хлусам”.

Думаю, спадар Валошка, вы й сам здагадваецеся, што ў блізкай будучыні ў Беларусі ня будзе ні крымінальнай справы за фальшаваньне вынікаў выбараў, ні гучных выкрывальніцкіх заяваў высокапастаўленых чыноўнікаў, якія гэтым займаліся, ні абвяржэньня сказанага прэзыдэнтам. Калі кіраўнік дзяржавы рабіў гэта прызнаньне, то, відавочна, усьведамляў наступствы, рэакцыю грамадзтва на агучаныя ім зьвесткі. А грамадзкая рэакцыя адпавядае ступені прававой культуры людзей, стану грамадзянскай супольнасьці, і ўвогуле — стаўленьню большасьці насельніцтва да цяперашняй палітычнай сыстэмы й да аднаўленьня савецкай практыкі так званых “выбараў”.

Наш слухач Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава напісаў на “Свабоду”, пачуўшы ў перадачы “Паштовая скрынка 111” 12 лістапада ліст Ільлі Копыла зь Менску пра тое, як адзначалі Дзяды ў Курапатах. Сярод іншага, спадар Копыл разважаў пра тое, чаму ў гэтай акцыі ня ўдзельнічалі кіраўнікі большасьці апазыцыйных партыяў — Аб’яднанай грамадзянскай, сацыял-дэмакратычнай “Грамады” ды іншых.

“Я й сам раней абураўся. Але потым прыйшоў да высновы, што ў іх ёсьць на тое важкія прычыны. Раней яны спрабавалі ўдзельнічаць, быць разам — пакуль кіраўнікі партыі КХП БНФ ня сталі публічна называць іх “несапраўднай, падстаўной, прамаскоўскай” апазыцыяй. Я чуў гэта сам, асабіста. Паверце, такія абвінавачаньні, ды яшчэ пры вялікай грамадзе, слухаць ня надта прыемна”.

Уладзіслава Міцкевіча такія выказваньні балюча закранулі. Ён піша:

“Мы проста называем рэчы сваімі імёнамі. І гэта ўжо шмат для каго не сакрэт. А тычацца гэтыя словы найперш лідэраў партыяў, а не шараговых сяброў, якія ні пры чым і проста ня ў курсе ўсіх падзеяў. Відаць, спадару Копылу не ўдалося добра паразмаўляць зь сябрамі нашай партыі і зь яе кіраўніцтвам — інакш бы ён дакладна даведаўся, як сталася, што адбыўся раскол у БНФ — на радасьць ворагам нашай незалежнасьці.

Вось і цяпер нам сунуць палкі ў колы, клічуць народ на выбары (а потым, магчыма, і на рэфэрэндум). І гэта робіць нейкая там Партыя БНФ і яе старшыня Вячорка. Ужо выбралі сабе і кандыдатаў — замест таго, каб байкатаваць гэту небясьпечную гульню. Вядома ж, што на такія “выбары” можа пайсьці толькі далёкі ад палітыкі, наіўны чалавек, альбо сьвядомы здраднік. Яшчэ, відаць, не нагуляліся ў гульні з рэжымам, не прааналізавалі свае памылкі (калі справа толькі ў памылках). Нават калі, дапусьцім, і пройдзе ў тыя саветы некалькі чалавек, дык ніякага надвор’я яны ня зробяць”.

Апазыцыйныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі (а такіх партыяў, спадар Міцкевіч, большасьць: да байкоту заклікае толькі ваша КХП БНФ) на перамогу ў гэтых выбарах не разьлічваюць. Сваю пазыцыю лідэры гэтых партыяў неаднаразова агучвалі: яны разглядаюць выбарчую кампанію як палітычную, як магчымасьць сустракацца зь людзьмі, інфармаваць іх, рыхтавацца да чарговага Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Што да заўвагаў на адрас Ільлі Копыла — пра тое, чаму кіраўнікі іншых апазыцыйных партыяў зь некаторага часу ня ўдзельнічаюць у Дзядах. Спадар Копыл пісаў, што ў Курапаты людзі ідуць, каб ушанаваць продкаў, якія сталі ахвярамі камуністычнага рэжыму, а ня дзеля таго, каб на іх магілах пачынаць палітычныя разборкі. Высьвятленьне дачыненьняў з палітычнымі апанэнтамі над магіламі закатаваных — сапраўды, зьява ня надта прывабная. Незалежна ад таго, якія палітычныя пазыцыі падчас гэтых дыскусіяў адстойваюцца і якія лёзунгі агучваюцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG