Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць ў Беларусі антысэмітызм?


Іна Студзінская, Менск Нядаўнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра Бабруйск выклікалі вялікі розгалас. Падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў кіраўнік Беларусі заявіў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі". Пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е назваў гэта выказваньне водгукам антысэміцкага міту – міту аб габрэях, як людзях неахайных і брудных. Ці пашыраны ў Беларусі антысэмітызм?

Першы намесьнік старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і абшчынаў Якаў Басін больш за 20 гадоў займаецца маніторынгам антысэмітызму. Ён кажа, што няма падставаў казаць, што на дзяржаўным узроўні ёсьць нейкія праявы, законы, указы, якія так ці інакш дыскрымінавалі габрэйскае насельніцтва.

“На дзяржаўным узроўні праяваў антысэмітызму няма”

Габрэі складаюць прыкладна 1% насельніцтва Беларусі. Габрэйскае насельніцтва знаходзіцца ў такім жа стане, як усе астатнія нацыянальныя меншасьці, калі умоваў для разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці, самабытнай культуры няма.

«З пункту гледжаньня дзяржаўных праяваў мы бачым, як ідзе замоўчваньне ня толькі габрэйскай, але і іншых культур, гісторыі народаў. Сапраўды, у энцыкляпэдыях мы ня знойдзем сур''ёзных артыкулаў аб габрэях. Адной з самых яскравых праяваў была ліквідацыя Міжнароднага гуманітарнага інстытуту, дзе рыхтавалі спэцыялістаў па юдаістыцы, па габрэйскай гісторыі. Гэта быў вельмі сур''ёзны удар па габрэйскай адукацыі».

У Беларусі няма ніводнай самастойнай габрэйскай школы (у Менску, да прыкладу, ёсьць толькі габрэйскае аддзяленьне ў 132-й школе. Для параўнаньня – у суседняй Украіне 24 габрэйскія школы). Няма ніводнай навуковай установы, дзе б працавалі навуковыя габрэйскія кадры, кажа Якаў Басін.

Амбасадар Зэеў Бэн-Ар’е: “Ні ў адным з выпадкаў вінаватыя не былі знойдзеныя”

Амбасадар Дзяржавы Ізраіль ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е наконт праблемы антысэмітызму ў Беларусі выказаў такое меркаваньне:

“Як масавай, яскравай зьявы антысэмітызму ў сучаснай Беларусі няма. Але час ад часу да нас даходзяць зьвесткі пра антысэміцкія надпісы, апаганьваньне магіл і помнікаў. Але мяне больш за усё засмучае, што практычна ні ў адным з выпадкаў вінаватыя не былі знойдзеныя, не былі пакараныя. А гэта рэч вельмі небясьпечная і заразная”.

Днямі ў Бабруйску на габрэйскіх могілках быў учынены чацьвёрты за гэты год акт вандалізму – разбурана 15 помнікаў. Габрэйскія могілкі грамілі ў Менску, Віцебску, Барысаве, Гомелі, Лідзе, іншых гарадах. Некалькі разоў невядомыя апаганьвалі мэмарыял “Яма”.

У апошняй справаздачы Дзярждэпартамэнта ЗША “Усясьветная свабода рэлігій –2007” падкрэсьліваецца, што “ў Беларусі колькасьць антысэміцкіх акцыяў узрасла, але дзяржава заплюшчвае на гэта вочы”.

На справаздачу Дзярждэпу адразу ж зьявілася рэакцыя беларускага Міністэрства замежных справаў: “Не вытрымліваюць сур’ёзнай крытыкі заявы аўтараў пра быццам бы існуючыя факты праяваў антысэмітызму ў Беларусі”.

Ідэалягічны антысэмітызм

Некалькі гад таму ў Беларусі разгарэўся скандал вакол кнігі “Вайна па законах подласьці”, якую выпусьціла выдавецтва "Праваслаўная ініцыятыва”.

Летась Міжнародная габрэйская праваабарончая арганізацыя “Цэнтар Сымона Візэнталя” зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам “афіцыйна асудзіць антысэмітызм”, бо ў Беларусі свабодна прадаюцца “Міты і праўда аб пагромах” і “Тайна сіёнскіх пратаколаў: змова супраць Расеі” Алега Платонова, "Габрэйская рэвалюцыя" Мікалая Жавакова ды іншыя кнігі, якія апаганьваюць памяць габрэяў і беларусаў.

“Габрэям, як асобам – усё, габрэям, як нацыі – нічога”

Прафэсар, доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ мяркуе, што антысэмітызм, як спэцыфічная форма нацыянальнай ксэнафобіі, заўсёды быў і ёсьць:

«Проста зьмяніліся яго формы. Ёсьць такі прафэсар Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэта Малашка, які на лекцыях усіх, хто зь ім нязгодны, называе «агентамі міжнароднага сіянізму» і наагул, вядзе адкрытую антысэміцкую прапаганду. Выйшла 18-томная «Беларукая энцыкляпэдыя» і «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі». Артыкул «Галакост» – два абзацы, і ва ўсім артыкуле няма слова «Беларусь». Быццам бы Галакост ня тычыцца Беларусі. А энцыкляпэдыя – гэта ж пункт гледжаньня дзяржавы».

Першы намесьнік старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і абшчын Якаў Басін выказаў такое меркаваньне:

«Вось тая формула, якую вынайшлі калісьці падчас Вялікай францускай рэвалюцыі – «Габрэям, як асобам – усё, габрэям, як нацыі – нічога» -- гэта формула сёньня працуе ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG