Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: на Дзяды крыж “Пакутнікам Беларусі” будзе адноўлены


Ганна Соўсь, Менск Створаны грамадзкі камітэт дзеля аднаўленьня Крыжа пакутаў у Курапатах. Сябры аргкамітэту плянуюць да Дзядоў аднавіць зламаны вандаламі галоўны курапацкі крыж.

Грамадзкі камітэт быў створаны ў той жа дзень, калі стала вядома пра чарговы вандалізм у Курапатах – у панядзелак увечары. Узначаліў камітэт адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.

“Гэта ня проста крымінальнікі робяць, а людзі, якіх накіроўваюць”

“На Дзяды гэты крыж будзе адноўлены. Гэта вайна супраць беларускай культуры і беларускай нацыі. Зразумела, што гэта ня проста крымінальнікі робяць, а людзі, якіх накіроўваюць.

У гэтай справе вельмі важная ініцыятыва грамадзкасьці. Дзяржаўныя органы фактычна адмовіліся выконваць свае функцыі для аховы гэтай тэрыторыі, аховы магілаў. Ніхто так не абароніць сябе, як сам народ”, – лічыць лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

“Яго несьлі на руках каля 8 кілямэтраў праз увесь горад”

Зянон Пазьняк добра памятае дзень 29 кастрычніка 1989 году, калі ў Курапатах быў усталяваны крыж “Пакутнікам Беларусі”:

“Яго несьлі на руках каля 8 кілямэтраў праз увесь горад. Гэта была сымбалічная акцыя, таму што крыж павінен быць прынесьці сам народ. Гэты крыж несьлі сотні людзей, яны ўвесь час мяняліся. Дзесяткі тысячаў людзей ішлі тады на Курапаты. Калёна расьцягнулася на некалькі кілямэтраў.

Калі яго прынесьлі, ва ўрочышчы адбыўся жалобны мітынг-рэквіем. Багаслужба праводзілася чатырма асноўнымі хрысьціянскімі канфэсіямі Беларусі – каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай і ўніяцкай. І потым народ рукамі падняў гэты крыж”.

Менск, 29.10.1989. Усталяваньне крыжа памяці ў Курапатах Усталяваньне крыжа памяці ў Курапатах у 1989 годзе

”Гэты крыж рабіўся з ініцыятывы і паводле задумы Зянона Пазьняка”

Вышыня крыжа “Пакутнікам Беларусі” – 7 мэтраў. Ён створаны паводле эскізу мастака Аляксея Марачкіна. Дарэчы, эскіз дагэтуль захоўваецца ў ягонай майстэрні. Мастак згадвае, у якіх умовах ствараўся крыж.

“Была пэўная засьцярога, калі мы рабілі гэты крыж, таму мы асабліва не афішавалі, дзе гэта робіцца. Я толькі цяпер магу сказаць, што дапамаглі браты Ладуцькі. Але, канечне, гэты крыж рабіўся з ініцыятывы і паводле задумы Зянона Пазьняка.

Нам прыйшлося яго ў разабраным выглядзе цягнуць з аднаго канца гораду ў другі ў майстэрню братоў Ладуцькаў. Адтуль ужо на Дзяды (было вялізарнае шэсьце) – і мы яго ўсталявалі як Крыж пакутнікаў, ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў”, – распавядае Аляксей Марачкін.

Як паведаміў “Свабодзе” прэсавы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал, у камітэце дзеля аднаўленьня Крыжа пакутаў будзе самае шырокае прадстаўніцтва:

“У камітэт запрашаюцца беларусы, каму неабыякавы лёс Курапатаў, дзеячы культуры, выдатныя асобы нашага грамадзтва. І ўжо ад сёньняшняга дня наш камітэт пачынае дзейнічаць. Мы распаўсюджваем гэтую інфармацыю і будзем мабілізаваць грамадзтва дзеля аднаўленьня курапацкай сьвятыні”.

Курапаты, 08.10.2007. Зламаны крыж Зламаны крыж "Пакутнікам Беларусі"

Выканаўчы арганізатар грамадзкага камітэту – Юрась Беленькі. У 1989 годзе, калі на Дзяды людзі на руках несьлі Крыж пакутаў ад будынку КДБ да ўрочышча, яму было 29 гадоў, і ён разам зь дзясяткамі тысячаў людзей ішоў шэсьцем у Курапаты. Юрась Беленькі лічыць, што памятны крыж павінен быць менавіта рэстаўраваны і нанава ўсталяваны ў Курапатах да Дзядоў. Сёлета шэсьце і жалобны мітынг адбудуцца 28 кастрычніка, у нядзелю.

• Зянон Пазьняк: Хто падняў руку на Крыж пакутаў, будзе пакараны, 9.10.2007 • Курапаты: паламалі галоўны крыж, які некалі прынесьлі ва ўрочышча ад будынку КДБ (Слайд-рэпартаж), 8.10.2007 • А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе, 5.10.2007 martyraloh.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG