Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі чалавек працаздольны ўначы – вызначаюць гены


Тацяна Поклад, Прага Вядома, што людзі паводле сваёй актыўнасьці ў розныя часы сутак падзяляюцца на “жаўрукоў” і “соваў”. Ангельскія навукоўцы дасьледавалі генэтычную сувязь чалавека зь яго біярытмамі, а тым часам многіх ужо хвалюе, што пры прыёме на працу будуць выкарыстоўвацца веды аб біярытмах чалавека, вызначаных яго генамі.

У часопісе Current Biology паведамляецца пра дасьледаваньні доктара Дэрка-Яна Дэйка з унівэрсытэту ў графстве Сарэй у Вялікай Брытаніі.

Доктар Дэйк вывучае біялёгію вымярэньня часу, у прыватнасьці, сфэру, якая тычыцца ўнутранага гадзіньніка, пачуцьця часу ў чалавека, біялягічных рытмаў, якія “адсылаюць” чалавека спаць альбо “будзяць” яго пасьля сну.

Адзін з генаў чалавека зьяўляецца важным для таго, каб рэгуляваць гэты ўнутраны гадзіньнік. Гэты ген называецца PER3 і мае дзьве формы. Доктар Дэйк паведамляе ў сваіх працах, што адна з формаў гэтага гена спрыяе здольнасьці чалавека энэргічна і ў поўную сілу працаваць уначы, мець уначы хуткую рэакцыю, актыўна мысьліць – словам, гэты чалавек – “сава”. Іншая форма гэтага гена PER3 вызначае іншы біялягічны рытм чалавека – гэтак званага “жаўрука”, якому лягчэй працуецца і думаецца раніцай.

Дзьве формы гена PER3 – гэта два пратэіны, якія крыху адрозьніваюцца адзін ад аднаго, адзін зь іх – крыху даўжэйшы. Ранейшыя дасьледаваньні паказалі, што людзі, якія маюць дзьве кароткія формы гэтага гена (па адным ад кожнага з бацькоў), больш схільныя да таго, каб быць “совамі”, для іх лепш прачынацца позна і позна ісьці спаць. “Жаўрукі” – тыя, хто любіць рана пачынаць свой дзень – маюць дзьве даўгія формы гэтага гена PER3.

Далей, распрацоўваючы гэты навуковы матэрыял, група навукоўцаў дасьледавала, як людзі з гэтымі рознымі формамі генаў рэагуюць на недахоп сну. У навуковым экспэрымэнце бралі ўдзел добраахвотнікі: два дзясяткі чалавек, якія маюць альбо адзін, альбо другі тып гена PER3, ня спалі цягам двух сутак.

Генэтычныя “жаўрукі” рэагавалі на гэта цяжэй, чым “совы”. У прыватнасьці, “жаўрукі” паказалі нашмат горшыя вынікі, калі выконвалі тэсты на здольнасьць запамінаць. Пасьля, калі удзельнікам экспэрымэнту нарэшце можна было спаць, вынікі электраэнцэлаграфіі паказалі, што “жаўрукі” спалі глыбей, мацней, чым “совы”. Глыбокі сон асацыюецца з маруднымі хвалямі мозгу, і “жаўрукі” праводзяць на 50% больш часу ў такім глыбокім сьне, чым “совы”.

Цяпер выказваецца заклапочанасьць тым, як гэтае адкрыцьцё можа выкарыстоўвацца пры прыёме людзей на працу і ці ня будзе тут дыскрымінацыі. Самі навукоўцы заяўляюць, што гэта было лябараторнае дасьледаваньне, і а не дасьледаваньне, накіраванае на вырашэньне праблемаў рэальнага сьвету.

Аднак, у часопісе The Economist, які публікуе інфармацыю пра вынікі дасьледаваньня, выказваецца меркаваньне, што гэта можа быць важна для працадаўцаў, каб яны маглі арыентавацца ў здольнасьцях сваіх работнікаў. Адкрыцьцё такога гена, сапраўды, вельмі інтрыгуе, піша The Economist, – магчыма, блізкі той час, калі людзям пры прыёме на працу, дзе патрабуюцца начныя зьмены, будуць рабіць аналізы крыв,і і такім чынам асьцярожныя працадаўцы прынамсі абароняць сваю кампанію ад памылак супрацоўнікаў-“жаўрукоў”, калі ім давядзецца працаваць уначы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG