Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі паведамяць, што я застрэліўся — ня верце». Як расейцаў на вайне «абнуляюць» свае ж


Российские военнослужащие, участвующие во вторжении в Украину
Российские военнослужащие, участвующие во вторжении в Украину

45-гадовы расейскі мабілізаваны Канстанцін Урусаў прапаў бязь вестак больш як два месяцы таму. Ягоныя родныя ўпэўненыя, што яго забілі свае ж — перад гібельлю ён тэлефанаваў ім і папярэджваў, што яго могуць «абнуліць» за адмову ваяваць далей.

Недзе ў гэты ж час дачка іншага расейскага вайскоўца запісала відэазварот пра гібель свайго бацькі — родныя ўпэўненыя, што саслужыўцы яго зьбілі, а потым расстралялі, піша праект «Сибирь.Реалии».

«Пасьля шпіталя адмовіўся ваяваць»

45-гадовы Канстанцін Урусаў жыў зь сямʼёй у Маскве, калі ў кастрычніку 2022 году яму прыйшла позва.

Канстанцін Урусаў
Канстанцін Урусаў

— Ён ня рваўся на гэтую «СВА», вядома. Але тады мы былі ў шоку, нам не далі інфармацыі, а ці можна ўвогуле адмовіцца. Наадварот, пагражалі ж турмой за адмову, — кажа ягоная сваячка Вольга (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі суразмоўцы). — У выніку прыпісалі да часткі № 31135 у Падмаскоўі. Амаль адразу адправілі на фронт.

Праз год Канстанцін быў цяжка паранены.

— У яго асколкі па ўсім целе: у кастрычніку 2023 году быў паранены. Былі пашкоджаныя цалкам абедзьве нагі і чэраўная паражніна. Нават у косткі трапілі асколкі. Баяліся, што хадзіць ён так і ня зможа, — успамінае Вольга. — Чатыры месяцы ён спрабаваў аднаўляцца ў шпіталі. Але не пасьпеў. Ён поўзаў зь цяжкасьцю. Яму ўвесь час патрэбныя былі абязбольвальныя, інакш ён крычаў ад болю.

На вайскова-лекарскай камісіі ў лютым 2025 году яфрэйтару Урусаву паставілі належную ў такім стане катэгорыю «Г» (не прыдатны да вайсковай службы), але пазьней яе адмянілі.

— Яго вярнулі ў частку! Хоць ён па-ранейшаму толкам не хадзіў. Тэрмін ягонага кантракту скончыўся, і ён катэгарычна адмаўляўся падпісваць новы. Як мы зразумелі, аўтаматычна яго ўсё ж не працягваюць — яны проста прымушаюць мабілізаваных падпісваць новы пад пагрозамі «абнуленьня». Гэта значыць сьмерці. Так, свае ж, — кажа Вольга.

Паводле слоў сваякоў Урусава, спачатку камандзіры пагражалі, што за адмову падпісваць кантракт адправяць яго ў штурмавы атрад.

— Потым пайшлі прамыя пагрозы расстраляць. Яны называюць гэта паміж сабой «абнуленьне», — паўтарае сваячка. — Ён нас адразу папярэдзіў — перастану выходзіць на сувязь, біце ва ўсе званы: значыць, мяне прыстрэлілі. І ня верце, калі раптам пачнуць казаць, што я сам ці што прапаў бязь вестак.

Сваякі, са слоў саслужыўцаў, упэўненыя, што Ўрусава ўжо «абнулілі» — у частцы ў Падмаскоўі яго няма, на сувязь ён не выходзіць два месяцы.

Сямʼя Ўрусава накіравала скаргі ў вайсковую пракуратуру, ФСБ і частку № 31125.

— Яго ўжо на момант нашай размовы пазбавілі абязбольвальных, і ён вар’яцеў ад болю. Адбіралі ежу. Баюся ўявіць, што зь ім у выніку зрабілі, — кажа Вольга.

«Забіты з асаблівай жорсткасьцю сваімі»

12 верасьня 2025 году пры падобных абставінах у адным з падразьдзяленьняў загінуў расейскі вайсковец.

Дачка расейскага вайскоўца, забітага саслужыўцамі
Дачка расейскага вайскоўца, забітага саслужыўцамі

«Мой бацька быў забіты з асаблівай жорсткасьцю сваімі саслужыўцамі, — дзяўчына на відэа, якая прадставілася дачкой загінулага, пераводзіць дыханьне і працягвае. — Усю інфармацыю, якую паведамілі нам з мамай: спачатку сказалі, што расстралялі свае ж саслужыўцы. Прычым незразумела за што, нам не паведамілі, ці быў нейкі канфлікт. Потым праз трэціх асоб нам перадалі перапіскі, зь якіх ясна, што перад сьмерцю бацьку жорстка зьбівалі, а потым расстралялі».

Паводле яе слоў, бацька ўдзельнічаў у баях пад Арцёмаўскам, Арэхавым «і на іншых напрамках». Але загінуў не ў баі, а ад рук сваіх жа саслужыўцаў.

«Нам [камандаваньне] нічога не сказалі, апроч таго, што цела бацькі ў моргу Белгараду. Калі я дазванілася туды, найперш паведамілі — выплат ня будзе, нібыта ён быў пʼяны. Навошта яны такое нам заявілі адразу ж — незразумела. Відаць, каб ад нас адмахнуцца — маўляў, сам вінаваты», — кажа на запісе дзяўчына, якая не назвала імя бацькі і частку, у якой той служыў.

Пры гэтым ягоныя саслужыўцы, паводле яе слоў, пацьвердзілі сямʼі, што бацька ня быў заўважаны ва ўжываньні алькаголю.

Дочь военного, убитого сослуживцами.MP4
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00

«Пра характар траўмаў нам таксама нічога не паведамілі. Пра зьбіцьцё, расстрэл — пра ўсё гэта нам паведамілі відавочцы, якія бачылі, як зьдзекуюцца з майго бацькі. Падрабязнасьці [афіцыйныя] сказалі, змогуць паведаміць толькі пасьля ўскрыцьця ў Белгарадзе і пасьля таго, як потым павязуць цела ў Растоў. Тэлефануем, зьвяртаемся ў розныя інстанцыі, спрабуючы хоць нешта даведацца. Нічога не паведамляюць, — кажа дачка загінулага і тлумачыць, што з дапамогай відэа спрабуе прыцягнуць увагу да сытуацыі. — Ну, такога ж проста не павінна быць, што чалавека забіваюць свае ж саслужыўцы. Замест таго, каб радзіму абараняць, яны чыняць самасуд».

Аўтарка відэа адзначае, што ейны бацька напярэдадні гібелі быў пераведзены ў новы полк. Паводле яе слоў, меркаваны забойца ейнага бацькі зь ліку саслужыўцаў ужо прызнаўся ў гэтым.

«Нам не называюць ягонае імя і званьне. І незразумела, чаму ўсё гэта дагэтуль ад нас хаваецца. Відаць, яны проста хочуць гэта [забойства] замяць і прыкідвацца дурнямі: нібыта ён быў пʼяны і сам вінаваты».

Тэрмін «абнуленьне» стаў устойлівым і распаўсюджаным сярод расейскіх вайскоўцаў падчас вайны. Гэтак, у тэксьце праекту «Сибирь.Реалии», прысьвечаным распаўсюджваньню ВІЧ і гепатытаў у расейскім войску, кантрактнік, які ўпэўнены, што яго заразілі ў палявым шпіталі, расказваў пра тое, як яму пагражалі:

«Я не баюся сапсаванай рэпутацыі, я баюся абнуленьня. Бо мне пагражалі, калі я пачаў пісаць заявы ў вайсковую пракуратуру і мае родныя сталі пісаць у сетках... Я некалькі месяцаў быў безь лячэньня, цяпер тэрапія [антырэтравірусная] хаця б ёсьць. Пагражаюць, што, калі зноў пачну шум уздымаць — пазбавяць тэрапіі і адправяць назад на „перадок“. А там альбо на штурм кінуць, альбо самі абнуляць».

У жніўні 2024 году пад Курскам загінуў расейскі салдат тэрміновай службы Данііл Рубцоў. Яго мама Вольга спрабавала падняць шум яшчэ вясной, калі сына разам зь іншымі салдатамі тэрміновай службы пасьля вучэбкі перакідвалі ў Курскую вобласьць.

«Данііл адразу ў ваенкамаце пытаўся, куды. Казалі пра Валдай. Потым закінулі ў Варонескую вобласьць. Там «трэнавалі» на нейкіх развалінах, ён прысылаў відэа. Потым вагнераўцаў да іх прыслалі — навучаць. Я давай абурацца — ну яны ж не кантрактнікі, навошта да іх гэтых адбітых прыслалі?! — кажа Вольга. — Данііл прасіў быць цішэй: „Мам, а то мяне абнуляць, а выставяць, што скончыў жыцьцё самагубствам“. А сын такімі словамі не кідаецца, жарты не жартуе. Я прымоўкла. А потым іх раз — і да мяжы кідаюць. Сяло Плёхава, Суджанскі раён [Курская вобласьць]».

Вясной 2025 году ў тэлеграм-каналах разышлося відэа, на якім 35-гадовы вайсковец Павел Стоўчан з Краснадару, які страціў надзею скасаваць кантракт зь Міністэрствам абароны, учыніў спробу суіцыду «ў жывым эфіры». Пасьля гэтага ён апынуўся ў шпіталі. У размове з журналістамі Стоўчан расказваў, што камандаваньне часткі, да якой ён быў прыкамандзіраваны, ня толькі плянуе адправіць яго назад на фронт, але і пагражае «абнуленьнем». Раней ён ужо запісваў як мінімум два відэазвароты са скаргамі на тое, што яго спрабуюць «абнуліць».

У ліпені вайсковец 433-га мотастралковага палка Аляксандар Расоха (в/ч 00991) запісаў відэазварот, у якім прызнаўся, што баіцца вяртацца ў частку пасьля раненьня. Паводле яго, пасьля таго, як ён даў паказаньні супраць саслужыўцаў, якія вымагалі грошы і «абнулялі» байцоў, на яго «адкрылася паляваньне».

«Мяне там проста забʼюць камандзіры — за тое, што здаў тых, хто абнуляў і рабаваў сваіх», — сказаў ён.




Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG