У гутарцы ўзялі ўдзел былы палітвязень Андрэй Войніч, псыхатэрапэўтка Натальля Скібская і праваабаронца зь «Вясны» Марына Кастылянчанка.
Паводле «Вясны», больш за 4 тысячы беларусаў з 2020 году зьведалі зьняволеньне на розныя тэрміны з палітычных прычын. Больш за 1100 чалавек і цяпер у вязьніцах. Удзельнікі дыскусіі размаўлялі пра тое, што дапамагае вязьням перажываць разлуку зь сем’ямі і аднадумцамі, псыхалягічны ціск і зьнявагі ад ахоўнікаў, сум і душэўную адзіноту ў няволі. З 2020 году «вясноўцы» зьбіраюць лісты, якія палітвязьні слалі зь вязьніцаў. Асаблівае месца ў некаторых лістах займаюць малюнкі.
«Часам з малюнкамі былі і вершы. Лісты адрасавалі бацькам, сябрам, дзецям зьняволеных, і ў іх мы ўбачылі ня толькі сюжэты з волі, але найперш пачуцьці, боль, надзею. Узьнікла ідэя сабраць малюнкі і зрабіць зь іх выставу, бо гэта наперш пра тое, як людзі спрабуюць змагацца зь ціскам. Калекцыю цяпер можна пабачыць на сайце «Вясны», — расказала Марына Кастылянчанка.
Тое, што ў зьняволеньні, нават у найцяжэйшых умовах, прачынаюцца сілы, якія натхняюць на творчасьць, пацьвердзіў былы палітвязень Андрэй Войніч. Андрэй да арышту ў 2020 годзе быў актывістам «Эўрапейскай Беларусі». Яму прысудзілі 7 гадоў. Войніч адбываў пакараньне ў ПК-15 пад Магілёвам, адкуль быў вызвалены нядаўна, у верасьні. Андрэй згадаў, што і раней пацярпеў ад адміністрацыйных арыштаў, падчас якіх пачаў пісаць вершы і маляваць алоўкамі. У апошнім зьняволеньні прага да творчасьці аднавілася, у СІЗА ён стварыў некалькі цікавых малюнкаў і вершаў. Але творчую актыўнасьць у калёніі давялося прыпыніць праз пагрозу і ціск.
«Як гэта пачалося? У нейкі момант унутры цябе адбываецца нейкае ўключэньне і ты разумееш, што трэба зафіксаваць тое, што бачыш вакол і што адчуваеш. Але ня толькі важны вынік, каб атрымаўся пэўны твор. Сам факт, што ты бярэш у рукі аловак і сьціркі — гэта ўжо перамога над абставінамі і над сабой. Дарэчы, магу сказаць, што гэтая прага творчасьці працягваецца і зараз, калі я ўжо на волі», — падзяліўся асабістым досьведам Андрэй Войніч.
Былы палітвязень расказаў гісторыю пра тое, як у турме доўга ня мог зрабіць малюнак, на якім зьбіраўся намаляваць вядомага палітыка ў выяве асла, які цягне з агароду гарбузы.
«У галаве ўзьнікла такая карыкатура, але пакласьці яе на паперу чамусьці не ўдавалася. Замест асла выходзіла сьвіньня. Зь іншага боку, інакш мог бы скласьціся мой турэмны лёс: калі б такі малюнак тады атрымаўся, яго б пэўна знайшлі ахоўнікі. У выніку я пераключыўся на іншую задуму і напісаў дзіцячую паэму, якую змог адправіць дачцэ».
Тое, што творчасьць дапамагала Андрэю перажыць праблемы няволі, ён асабліва пацьвердзіў.
«Творчасьць ня можа выратаваць у зьняволеньні, але пэўна дапамагае заставацца чалавекам, адчуваць сябе чалавекам. Калі нешта робіш нават не для вялікай аўдыторыі, гэта ўсё роўна важна. Ты ў камэры на 5 чалавек намаляваў малюнак і паказаў усяго аднаму вязьню, але ўжо адчуваеш сябе інакш. Таму так, гэта вельмі дапамагае».
Псыхатэрапэўтка Натальля Скібская пацьвердзіла назіраньні вязьняў аб тым, што для іх была вельмі важная магчымасьць самарэалізавацца праз малюнкі і вершы. Бо, на яе думку, акурат самарэалізацыі імкнецца пазбавіць людзей турэмная сыстэма.
«Людзям у няволі важна паказаць, што ты ёсьць сярод іншых як чалавек, што не згубіўся ў натоўпе. Беларусам важна захаваць самасьць, не паддацца траўматычнаму досьведу. Чалавек абавязкова будзе казаць пра тое, што баліць. Наш траўматычны досьвед — гэта заўсёды штуршок да творчасьці», — патлумачыла псыхоляг Натальля Скібская.
Праваабаронца Марына Кастылянчанка расказала, з чаго пачыналіся малюнкі палітвязьняў, якія «вясноўцы» сабралі ў калекцыю.
«У палітвязьня Сяргея Раманава ёсьць шэраг малюнкаў пра вайну ва Ўкраіне, пра якую ён даведаўся ў вязьніцы, дзе і цяпер сядзіць. А нехта пачаў маляваньне з аблокаў і верхавін дрэваў, бо іншага нічога ня мог бачыць з турэмнага вакна. Цікава і тое, чым людзі малююць, якую ўжываюць тэхніку. Сяргей маляваў каваю з дапамогай ваты, а Кася Буцько вышывала рысункі на швейнай машынцы. Палітвязьні знаходзяць усякія магчымасьці, каб выявіць сябе. Ім замінаюць, забараняюць, але творчасьць за кратамі працягваецца», — расказала Марына Кастылянчанка.
Паводле праваабаронцы, творчасьць палітвязьняў, іх турэмныя малюнкі, вершы і тэксты дапамагаюць беларусам і іншаземцам лепш зразумець, што адбываецца ў Беларусі і якую барацьбу вядуць прыхільнікі дэмакратычных перамен у краіне.
12 кастрычніка ў Беларускім доме і клюбе Paviljonas заплянавана яшчэ 19 падзеяў. На пляцоўцы клюбу Paviljonas (вул. Завальная / Pylimo g. 21B) будзе працаваць і кніжны кірмаш «Прадмовы».
Форум