Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з найбольш знакамітых футбольных клюбаў Беларусі — салігорскі «Шахтар» — прызналі банкрутам


Эмблема клюбу «Шахтар» (Салігорск)
Эмблема клюбу «Шахтар» (Салігорск)

Такое рашэньне прынялі ў судзе, дзе ад чэрвеня справа знаходзілася на разглядзе.

Па выніках конкурснай вытворчасьці агульны памер крэдыторскай запазычанасьці ЗАТ «Футбольны клюб „Шахтар“, уключанай у рэестар патрабаваньняў крэдытораў, склаў 16 770 045 беларускіх рублёў. Тым часам, калі актывы клюбу (аб’екты нерухомасьці, кошт транспартных сродкаў і іншыя), устаноўленыя антыкрызісным кіраўніком, склалі 10 957 729 беларускіх рублёў.

У выніку праведзенага аналізу фінансавага стану і плацежаздольнасьці была зробленая выснова, што ЗАТ „Футбольны клюб „Шахтар“ няздольны выканаць усе грашовыя абавязальніцтвы перад крэдыторамі, піша сайт bel.football.

Пасьля прыняцьця рашэньня прызнаць „Шахтар“ банкрутам эканамічны суд Менскай вобласьці адкрыў у дачыненьні клюбу ліквідацыйнае вядзеньне, якое працягнецца да 1 чэрвеня 2026 году.

У 2022 годзе „гарнякі“ чацьвёрты раз сталі чэмпіёнамі Беларусі, аднак пасьля былі пазбаўленыя тытулу, калі высьветлілася, што кіраўніцтва салігорцаў зарганізавала дамоўныя гульні і стымулявала іншых каманды Найвышэйшай лігі. „Шахтар“ пакінуў элітны дывізіён па выніках сэзону-2024, які пачаў зь некалькімі пунктамі ў „мінусе“, пасьля чаго не заявіўся ні ў адзін з турніраў пад эгідай Беларускай фэдэрацыі футболу.

У 2024 годзе агучылі прысуды пасадовым асобам клюбу. Былому дырэктару Аляксандру Марчанку прысудзілі 6 гадоў калёніі, адказнаму за працу з заўзятарамі Яўгену Култаеву — 7 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».

Салігорскі клюб тройчы быў чэмпіёнам Беларусі і столькі ж разоў здабываў кубак краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG