Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полк Каліноўскага абвясьціў калядны збор на падарункі дзецям беларускіх добраахвотнікаў


Полк разьлічвае сабраць 8300 эўра, каб атрымалася ня менш як 100 эўра на кожнае дзіцё.

«Яны растуць у розных краінах сьвету — спакутаваныя вайной і рэпрэсіямі, але ўсе яны чакаюць Каляднага цуду», — гаворыцца ў абвестцы палку.

У падтрымку збору выступіла прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэта Вольга Зазулінская.

«Каляды — гэта час, калі ўсе дзеці, незалежна ад таго, у якой краіне яны апынуліся і якія выпрабаваньні прайшлі іх семʼі, чакаюць крыху цяпла і ўвагі. Але ёсьць дзеці, якім гэта асабліва патрэбна. Гэта дзеці беларускіх добраахвотнікаў — тых, хто цяпер абараняе Ўкраіну і будучыню Беларусі, тых, хто вярнуўся дадому пасьля фронту, і тых, чыіх бацькоў ужо няма побач».

Дзеці рэдка просяць, мала скардзяцца, але вельмі востра адчуваюць, калі пра іх памятаюць, піша Вольга Зазулінская.

«Таму гэтая калядная акцыя — ня проста пра падарункі. Гэта пра тое, каб сказаць ім: „Ты важны. Мы бачым цябе. Мы разам з табой“».

Калядная акцыя Палку Каліноўскага працягнецца да 25 сьнежня.

Збор ідзе праз украінскі мабільны сэрвіс Monobank. На момант публікацыі сабрана 6% ад заяўленай сумы.

Паралельна ідзе калядны збор для дзяцей палітвязьняў, арганізаваны ініцыятывай BySol. На сёньня сабралі 36% з заплянаванай 21,1 тысячы эўра.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG