«Сёньня мы разьвіталіся з нашым пабрацімам. Яго пазыўны «Месяц». Ён прайшоў з намі плячом да пляча вялізны баявы шлях. Некалькі месяцаў таму перайшоў у 13-ю брыгаду апэратыўнага прызначэньня «Хартыя» (у складзе Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. – РС), але ўсё роўна лічыў сябе часткай вялікай сям'і палка імя Кастуся Каліноўскага», – адзначаецца ў паведамленьні на старонцы палка Каліноўскага ў Facebook.
У яго засталася жонка і дзіця, якое нядаўна нарадзілася. Полк абвясьціў для іх дабрачынны збор.
Ужо традыцыйна полк не паведамляе імя загінулага. Раней адзначалі, што гэта зьвязана з бясьпекай сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі.
Сёлета ў траўні стала вядома, што ў Беларусі датычна пяці кіраўнікоў палка Каліноўскага вынесьлі абвінаваўчыя прысуды ад 12 да 20 гадоў у парадку спэцвытворчасьці. Яны знаходзяцца за мяжою і асуджаныя завочна. Яшчэ 125 чалавек, імаверна, зьвязаныя з палком Каліноўскага, Сьледчы камітэт Беларусі абвясьціў у вышук, а шэсьць асобаў узялі пад варту.
- Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, а 21 траўня ён быў трансфармаваны ў полк імя Кастуся Каліноўскага.
- У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага раней завялі крымінальную справу, яго прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуюцца рэдымам Лукашэнкі.
- 25 верасьня 2024 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй». Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі» (п.1 арт. 290-5 КК) караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў са штрафам, удзел у «тэрарыстычнай арганізацыі» (п.2 арт. 290-5 КК) — пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў са штрафам. У Палку ў адказ на гэта заявілі, што прызнаюць «тэрарыстычнай арганізацыяй» рэжым Лукашэнкі.
- Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну на фронце загінулі каля 70 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Кіева.
Форум