Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча дапамагчы ўстанавіць мір у Лібіі. Ён сустрэўся з высокапастаўленым лібійскім вайскоўцам


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з галоўным вайскаводам Нацыянальнай арміі Лібіі Халіфам Бэлкасімам Хафтарам, 18 лютага 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з галоўным вайскаводам Нацыянальнай арміі Лібіі Халіфам Бэлкасімам Хафтарам, 18 лютага 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з урадавай дэлегацыяй Лібіі, якую ачольвае намесьнік галоўнага вайскавода нацыянальнай арміі Садам Хафтар.

Як паведаміў зьвязаны з прэсавай службай Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого», сярод тэмаў перамоваў — супраца ў сфэры прамысловасьці, аграрным сэктары, ахове здароўя, адукацыі і цывільнай абароне.

«Я ведаю, што мы маеце мэту прынесьці лібійскаму народу мір і спакой і аб’яднаць у адзінае цэлае лібійскую дзяржаву. Мы ў гэтым пляне гатовыя з вамі працаваць дзень і ноч», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, Беларусь зацікаўленая ў дапамозе Лібіі, каб устанавіць у рэгіёне стабільнасьць.

«Калі будзе спакой і разьвіцьцё ў Лібіі, то яна забясьпечыць мір і спакой палове афрыканскага кантынэнту». Будзьце ўпэўненыя, што вы прыехалі да сяброў», — дадаў Лукашэнка.

Садам Хафтар — сын фэльдмаршала і галоўнага вайскавода Лібійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфа Хафтара, які прыяжджаў у Менск сёлета ў лютым для абмеркаваньня вайсковай супрацы зь Беларусьсю і 18 лютага сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Садам Хафтар быў у складзе гэтай дэлегацыі.

Раней паведамлялі, што падразьдзелы спэцыяльнага прызначэньня Генэральнага штабу ЛНА нібыта праходзяць рыхтаваньне ў Беларусі. У Менску гэтую інфармацыю не камэнтавалі.

Лукашэнка наведваў Лібію ў 2000 годзе, падчас візыту ён правёў перамовы з Муамарам Кадафі. У 2008 годзе Кадафі пабываў зь візытам у Менску.

Пасьля зрынаньня і забойства ў 2011 годзе Кадафі (ён кіраваў у краіне 42 гады) у Лібіі дзейнічаюць два ўрады. У сталіцы Трыпалі дзейнічае прэм’ер-міністар Абдэль Хамід Дбэйба, яго прызнае ААН у якасьці часовага кіраўніка дзяржавы. Іншы ўрад асталяваўся ў Бэнгазі — яго ўзначальвае Ўсама Хамад.

Падчас актыўнай фазы супрацьстаяньня ў Лібіі ЛНА спрабавала захапіць Трыпалі. Мэдыя тады паведамлялі, што ў складзе войска Хафтара ваююць найміты расейскай ПВК «Вагнэр».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG