Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаходны падатак для пэўных групаў беларусаў зьбіраюцца ўзьняць да 40%. У Міністэрстве фінансаў патлумачылі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністар фінансаў Юры Селіверстаў расказаў, калі ўрад можа наважыцца на гэты крок.

У Беларусі разглядаюць варыянт павелічэньня падаходнага падатку да 40% для часткі насельніцтва. Можа зьявіцца трохэтапная прагрэсіўная шкала гэтага збору, пры якой стаўка расьце разам з памерам даходу.

З 2024 году ў Беларусі ўвялі павышаны падатак для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў за год (у 2025-м суму паднялі да 220 тысяч). Такія асобы павінны плаціць падаходны падатак 25% з сумы перавышэньня замест цяперашніх 13%. Размова аб даходах ад дывідэндаў, паводле працоўных дамоваў, а таксама па грамадзянска-прававых дамовах.

Цяпер прапануецца павялічыць парог абкладаньня даходаў па стаўцы 25% з 220 000 да 350 000 рублёў. Пры гэтым з сумы, якая перавышае 600 000 рублёў, плянуецца спаганяць збор па стаўцы 40%.

Цяпер міністар фінансаў Юры Селіверстаў адрэагаваў на розгалас, які гэтая навіна набыла ў грамадзтве. Ён даў пэўныя тлумачэньні пра магчымыя крокі ўраду, піша БелТА.

«Ёсьць тыя, хто атрымлівае даходы ў большым аб’ёме. У асноўным гэта не заработная плата: нейкія выплаты ад прадпрыемстваў, дывідэнды, даходы як ІП, які плаціць падаходны падатак ад сваёй дзейнасьці, — адзначыў Юры Селіверстаў. — Калі мы ўвялі падатак 25%, падвышаную стаўку, дык за мінулы год даплата з гэтага перавышэньня склала крыху больш за 200 млн рублёў. Таму хто атрымлівае яшчэ большыя звышпрыбыткі, для таго гэтую стаўку прапануецца падняць яшчэ вышэй».

Зьмяненьне можа закрануць ня менш як 1 тысячу чалавек — размова аб тых, хто можа трапіць на трэцюю прыступку прагрэсіўнай шкалы па даходах. Як падкрэсьліў Юры Селіверстаў, па сёньняшніх даходах бачна, што даплата складзе сотні мільёнаў.

«Гэта будзе ў 2027-м, калі нас падтрымаюць. Але павышэньне падаходнага падатку для ўсіх грамадзян у дадзеным выпадку не апраўданае», — дадаў міністар.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG