Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя ўнесла права жанчын на аборт у Канстытуцыю


Парлямэнт Францыі ў панядзелак прыняў рашэньне аб тым, што права жанчын на перарываньне непажаданай цяжарнасьці будзе замацаванае ў Канстытуцыі краіны.

Раней за гэта ўжо галасавала верхняя палата парлямэнту — Сэнат. Такім чынам, Францыя стане першай краінай у сьвеце, дзе права на аборт будзе гарантаванае Асноўным законам.

Прэм’ер-міністар Францыі Габрыель Аталь пракамэнтаваў рашэньне парлямэнту: «Мы кажам усім жанчынам: ваша цела належыць толькі вам, і ніхто ня мае права вырашаць за вас».

Супраць унясеньня права жанчын на аборт у Канстытуцыю выступалі правыя і рэлігійныя рухі. Яны заяўлялі, што ў такім кроку няма неабходнасьці, бо магчымасьць правядзеньня абортаў па жаданьні жанчыны і так гарантаваная францускім законам. Аднак іх апанэнты сьцьвярджалі, што ўнясеньне права на аборт у Канстытуцыю павінна ўскладніць патэнцыйныя спробы абмежаваць гэтае права ў будучыні.

Ініцыятыва ўнесьці ў Канстытуцыю «гарантаваную свабоду» на аборты ішла ад прэзыдэнта Эманюэля Макрона. Менавіта такі варыянт у Элісейскім палацы называлі пажаданым з улікам таго, што адміністрацыя францускага прэзыдэнта хацела пазьбегнуць усенароднага рэфэрэндуму на гэтую тэму.

Апэрацыі перапыненьня цяжарнасьці на жаданьне жанчыны легальныя ў Францыі з 1974 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG