Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі эканамічна нявыгадна пастаўляць увесь бэнзін у Расею, — эканамічны аглядальнік Махоўскі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Расея хоча закупіць больш бэнзіну, чым Беларусь можа прапанаваць.
  • Улады ствараюць своеасаблівую фінансавую піраміду.
  • Праблема існуе прынамсі з 2023 году, у 2024-м улады самі прызналі: у краіне бракуе рабочай сілы.
  • Грошы, якія маглі б укласьці ў мадэрнізацыю, інвэстыцыі, пашырэньне вытворчасьці, ідуць на павышэньне заробкаў.
  • Беларуская эканоміка зараз вельмі няўстойлівая. Яе схільнасьць да дрэнных сцэнароў значна вышэйшая, чым да добрых.

Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі, вядоўца праграмы «Оптимум» на YouTube-канале выданьня «Белорусы и рынок», тлумачыць, ці можа беларускі бэнзін закрыць расейскія патрэбы, канстатуе рост колькасьці стратных прадпрыемстваў і стратэгічную няўстойлівасьць беларускай эканомікі.

— Ці сапраўды беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы зараз выйграюць ад таго, што Расея праз украінскія атакі мае недахоп паліва і таму актыўна закупляе беларускі бэнзін і дызэльнае паліва? Ці стала гэта пэўнай часовай удачай для беларускіх НПЗ, якія рэзка нарасьцілі продажы ў Расею?

— Нельга адназначна казаць пра ўдачу. Тут маем выпадак, калі «памер мае значэньне». Расея хоча закупіць у Беларусі ў кастрычніку 300 000 тон бэнзіну. Беларускія патрэбы ў бэнзіне штомесяц складаюць 80–100 тысяч тон. А максымальны месячны аб’ём вытворчасьці бэнзіну на беларускіх НПЗ складаў каля 350 тысяч тонаў.

То бок Расея хоча закупіць нават больш, чым Беларусь можа прапанаваць. Гэта пры тым, што тэхналягічна НПЗ загружаюцца нераўнамерна, устаноўкі спыняюць на прафіляктыку. Таму тэарэтычна Беларусь можа за нейкі месяц паставіць гэтыя 300 тысяч, але ня можа рабіць гэтага бесьперапынна. Бо перапынкі ўстановак на тое, каб яны «адпачылі», на рамонты — неабходная ўмова працы ўсіх НПЗ. Яны ня могуць працаваць доўга з стопрацэнтнай загрузкай.

Акрамя таго, мы ня ведаем, у якім стане цяпер беларускія НПЗ. Летась звычайны моцны вецер настолькі пашкодзіў Мазырскі завод, што яго адладзілі і вярнулі да працы толькі празь месяц. Выглядае, што нашыя НПЗ ня ў вельмі добрым тэхналягічным становішчы, што лягічна, бо санкцыі, няма як нармальна закупляць абсталяванае, няма як праводзіць рамонты, абнаўленьні і гэтак далей.

Не кажучы пра тое, што папраўдзе Беларусі эканамічна нявыгадна пастаўляць бэнзін у Расею.

— Як гэта можа быць? Расея ж на сёньня — важны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў.

— У Расеі зараз на біржы цана бэнзіну, па якой мы будзем яго прадаваць, складае 80 000 расейскіх рублёў, гэта прыкладна 1000 даляраў, за тону. Пры гэтым цана продажу бэнзіну, напрыклад, у Кітай ці Індыю, — 1700–1900 даляраў за тону. Мы ня ведаем, па якой цане прадае бэнзін Беларусь, але, відавочна, даражэй, чым за 1000, і таньней, чым за 1700–1900. Вось таму Лукашэнка заўсёды супраціўляўся пастаўкам бэнзіну ў Расею. Напрыклад, у 2024 годзе, калі былі аналягічныя ўдары па расейскіх НПЗ і Расеі быў патрэбны бэнзін, Беларусь пахвалілася, што паставіла за месяц ажно 8000 тон бэнзіну ў Расею, што насамрэч было проста для піяру.

Сёлета сытуацыя сапраўды крыху зьмянілася, бо ў Беларусі ўпалі продажы бэнзіну ў іншыя краіны, у асноўным праз складанасьці зь лягістыкай. Таму беларускія заводы не працавалі з паўнацэннай загрузкай. BEROC [незалежны акадэмічны дасьледчы цэнтар эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі] падлічыў, што яны працавалі з загрузкай, па-мойму, 67%. Трошкі дазагрузіць гэтыя заводы і прадаваць бэнзін у Расею з мінімальнай маржой, зь меншай маржой было б выгадна.

— Чаму Беларусь ня можа запатрабаваць павысіць цэны на свой бэнзін?

— Патрабаваць можна, але Расея не пагодзіцца купляць даражэй. У Расеі ёсьць біржавая цана, да таго ж яны там зараз, наадварот, імкнуцца абмежаваць біржавыя цэны, амаль што ў рэжыме ручнога кіраваньня. Таму Беларусі ня стратна было б прадаваць у Расею невялікія абʼёмы, магчыма, парадку 50 000 тон у месяц. Але нам нявыгадна прадаваць увесь наш бэнзін у Расею, і мы ня можам доўга прадаваць яго туды.

Дарэчы, днямі зьявілася яшчэ адно невядомае. Прэм’ер-міністар Турчын заявіў, што з Расеяй дамовіліся аб нафтаперапрацоўцы, аб умовах паставак нафты. Магчыма, яны дамовіліся, што Расея нейкім чынам кампэнсуе Беларусі нявыгаднасьць гэтай угоды. Але ідзецца пра пастаўкі нафты на давальніцкіх умовах. Гэта значыць, што нафту завязуць на беларускія НПЗ, Расея проста заплаціць за перапрацоўку, але гэта будуць расейская нафта і расейскі бэнзін. Мы іх увогуле ня будзем прадаваць.

— Калі казаць у цэлым пра сытуацыю ў беларускай эканоміцы, то можна адзначыць такую тэндэнцыю — заробкі растуць, а прадукцыйнасьць працы моцна ад заробку адстае. Што гэта азначае, адкуль тады ўлады бяруць гэтыя заробкі і чым пагражае такі разрыў?

— Так, гэта вельмі значная праблема. Там разрыў у разы паміж тэмпам росту заробкаў і тэмпам росту прадукцыйнасьці працы. А тэмп росту заробкаў яшчэ і нашмат вышэйшы, чым тэмп росту эканомікі, у пяць разоў, па-мойму. Фактычна ўлады ствараюць фінансавую піраміду, якая заўсёды небясьпечная, бо ўстойлівасьць эканомікі зьніжаецца, і калі адбудзецца нейкі вонкавы шок, то можа здарыцца непрыемны абвал.

Чаму заробкі растуць? Бо людзей не хапае, трэба ім больш плаціць, каб яны заставаліся працаваць.

Праблема тая ж, якая была прынамсі з 2023 году і якую ўжо ў 2024 годзе ўлады самі прызналі: у краіне не хапае працоўнай сілы. Падвышаныя заробкі бяруцца за кошт таго, што прадпрыемствы плацяць больш, чым могуць сабе дазволіць. Гэтыя грошы, якія можна было б укласьці ў мадэрнізацыю, інвэстыцыі, пашырэньне вытворчасьці, трацяцца на павышэньне заробкаў.

У выніку колькасьць стратных прадпрыемстваў расьце. Маем рост крэдытнай запазычанасьці на 30% з пачатку гэтага году, а рост пратэрмінаваных крэдытаў у нас 26%. Адгэтуль мы і бяром гэтыя «лішнія грошы».

Рост заробку сёлета зьнізіўся, і гэта не сьвядомая палітыка ўраду, а проста няма як павышаць заробак тымі ж тэмпамі, якімі іх павышалі раней. Хоць тэмпы і зьніжаюцца, яны ўсё роўна вялізныя. Пры росьце эканомікі на 1,6% рост заробкаў на 10% у рэальным выяўленьні (без уліку інфляцыі) за 8 месяцаў — гэта вельмі шмат.

— Які ўплыў запаволеньне расейскай эканомікі можа аказаць на расейскую эканамічную дапамогу Беларусі?

— Галоўная праблема беларускай эканомікі ў яе сувязі з расейскай — не ў расейскай дапамозе (хоць яе і прыемна атрымліваць), а ў тым, што на расейскім рынку зьніжаецца попыт. На Расею прыпадае 65% нашага экспарту, а магчыма, ужо і бліжэй да 70%. Увесь наш машынабудаўнічы комплекс пастаўляе ў Расею парадку 80% прадукцыі. Гэта значыць, яны ня змогуць прадаваць столькі, колькі яны прадавалі раней. Лукашэнка сам гаварыў, што трэба ратаваць заводы «Белшына», «Гомсельмаш», МПЗ, МАЗ, БелАЗ, бо ў іх ува ўсіх праблемы. Напрыклад, летась вытворчасьць «Гомсельмашу» ўпала на трэць. У нармальных рынкавых умовах гэта была б катастрофа.

— Нядаўна МВФ зьнізіў свой прагноз росту ВУП Беларусі сёлета да 2 працэнтаў. Гэта менш, чым плянаваў урад, але яшчэ не стагнацыя.

— Трэба разумець, што прагноз МВФ заснаваны ў лепшым выпадку на лічбах за другі квартал. Гэта ня сьвежая, не апэратыўная ацэнка, гэта тое, што было актуальна ў чэрвені.

Трэба разумець, што прагнозы і МВФ, і BEROC (таксама каля 2%) — аптымістычныя. Яны зробленыя на выпадак, калі ня здарыцца нічога дрэннага. Гэта значыць калі ня будзе абвалу на расейскім рынку, ня будзе падзеньня даходаў расейскага бюджэту ці росту выдаткаў, ня будзе ўсплёску інфляцыі ў Расеі, і Расея ня прыме пратэкцыянісцкіх захадаў для абароны сваіх вытворцаў. Беларуская эканоміка зараз вельмі няўстойлівая. Яе схільнасьць да дрэнных сцэнароў значна вышэйшая, чым да добрых.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG