Як піша Расейская служба Радыё Свабода, 17 верасьня цана бэнзіну АІ-92 на Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы абнавіла гістарычны максымум — 73144 расейскія рублі за тону. 6 жніўня цана была 67620 рублёў, паведамляла дзелавое выданьне «Ведомости».
Усё больш рэгіёнаў Расеі пачалі сутыкацца з недахопам бэнзіну. Паліўны дэфіцыт закрануў ужо больш за 10 суб’ектаў фэдэрацыі, у тым ліку Ніжагародзкую, Растоўскую, Разанскую вобласьці, а таксама акупаваны Расеяй Крым. Крэмль праблему з палівам публічна не прызнае, фэдэральныя тэлеканалы запэўніваюць, што прычына ўсяму — нібыта турыстычны сэзон.
Розьнічныя цэны на бэнзін у Расеі з пачатку 2025 года вырасьлі на 7, 2%, абагнаўшы інфляцыю больш чым у 1, 5 разы, — падлічыў «Коммерсантъ».
Чалец Расейскага паліўнага саюза Кацярына Саўкіна паведаміла, што незалежныя аўтазапраўкі, якія ня маюць уласных НПЗ і складзкіх магутнасьцей, сутыкаюцца з перабоямі паставак паліва ўжо некалькі тыдняў, што прымушае некаторыя з іх часова прыпыняць работу. Гэта адбываецца з-за абмежаванага абʼёму адгрузак з НПЗ і высокага кошту паліва на біржы.
А што ў Беларусі?
Цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі таксама растуць, але ня так імкліва, як у Расеі.
Як паведамілі ў дзяржаўнай кампаніі «Белнафтахім», 18 верасьня на іх запраўках цана бэнзіну АІ-95 склала 2,6 беларускіх рубля, АІ-92 — 2,5 беларускіх рубля.
18 студзеня 2025 году бэнзін АІ-95 каштаваў 2,44 рубля, АІ-92 — 2,34 рубля. Такім чынам з пачатку году цэны на гэтыя маркі бэнзіну павысіліся адпаведна на 6,5% і на 6,8%.
Форум