Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у верасьні ў 4 разы павялічыла экспарт бэнзіну ў Расею, НПЗ якой цярпяць ад атак дронаў


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, архіўнае фота
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, архіўнае фота

Паводле крыніц і разьлікаў Reuters, транзыт беларускага бэнзыну праз Расею для продажу ў трэціх краінах зьнізіўся на 40% у параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам.

Экспарт чыгункай беларускага бэнзіну ў Расею ў верасьні вырас у чатыры разы ў параўнаньні з папярэднім месяцам, бо Масква зазнае дэфіцыт паліва, выкліканы атакамі Ўкраіны на яе энэргетычную інфраструктуру.

Пра гэта 7 кастрычніка паведамілі агенцтву Reuters крыніцы ў паліўнай галіне.

Апошнімі тыднямі некалькі расейскіх рэгіёнаў увялі нармаваньне і часова замарозілі цэны на паліва праз дэфіцыт папулярных відаў бэнзіну, выкліканы ўдарамі дронаў па нафтаперапрацоўчых заводах.

Каб пакрыць дэфіцыт, Масква абмежавала экспарт свайго бэнзіну й дызэльнага паліва і павялічыла імпарт паліва зь Беларусі.

Паводле крыніц агенцтва, у верасьні пастаўкі бэнзіну чыгункай зь беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на ўнутраны рынак Расеі вырасьлі да 49 000 тон у дзень, а пастаўкі беларускага дызэльнага паліва ў Расею ў верасьні склалі 33 000 тон у дзень.

У той жа час транзыт бэнзіну зь Беларусі для далейшага экспарту праз расейскія парты ў мінулым месяцы павялічыўся прыкладна на 1% — да 140 000 тон. Ад сакавіка 2021 году Беларусь выкарыстоўвае расейскія парты для пераладаваньня сваіх нафтапрадуктаў паводле пагадненьня аб супрацы, падпісанага паміж Масквой і Менскам.

Аднак, паводле крыніц і разьлікаў Reuters, з студзеня па верасень такія пераладаваньні ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам зьнізіліся амаль на 40% — да 1,17 мільёна тон, бо паменела абʼёмаў перапрацоўкі.

Два нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі — Наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — маюць гадавую магутнасьць па 12 мільёнаў тон, але звычайна вырабляюць каля 9 мільёнаў тон у год.

  • Зараз амаль 40% магутнасьцяў расейскіх НПЗ прастойваюць, і гэта рэкорд.
  • Каля 70% прыпыненьняў зьвязаныя з атакамі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, падкрэсьліў прадстаўнік агенцтва.
  • У выніку вытворчасьць бэнзіну і дызэльнага паліва ў Расеі скарацілася на 6% у жніўні і яшчэ на 18% у верасьні.
  • Віцэ-прэм’ер Расеі Аляксандр Новак прапанаваў нарасьціць у кастрычніку пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею з 45 тыс. да 300 тыс. тон за месяц. Гэта вынікае са звароту Новака да прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна, зь якім азнаёміўся «Коммерсантъ».
  • 30 верасьня расейскі ўрад працягнуў часовую забарону экспартаваць бэнзіну. Яна дзейнічае да 31 сьнежня 2025 году для ўсіх экспартэраў.
  • Кабінэт міністраў Расеі таксама ўвёў новую забарону на вываз за мяжу дызэльнага й карабельнага паліва і іншых газойляў. Гэты захад дзейнічае да канца году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG