Расея магла страціць да 17 адсоткаў магутнасьці нафтаперапрацоўкі з-за нападаў украінскіх дронаў. Шэраг буйных заводаў цалкам спыніў вытворчасьць, напады адбываюцца на фоне піка сэзоннага піка попыту. Пра гэта паведамляе Reuters.
З-за нападаў бесьпілётнікаў цалкам спынялі працу Валгаградзкі, Навакуйбышэўскі, Самарскі, Саратаўскі, Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Атакам падвергліся таксама Афіпскі НПЗ, Славянскі НПЗ і Навашахцінскі НПЗ.
Біржавыя каціроўкі цэн на паліва растуць з зімы, на гэтым фоне аўтазапраўкам становіцца нявыгадна прадаваць бэнзін без павышэньня кошту, піша «Вёрстка». Акрамя таго, атакі адбываюцца на фоне сельскагаспадарчага і турыстычнага сэзонаў і плянавага рамонту нафтаперапрацоўчых заводаў, зазначае выданьне.
Праблемы з бэнзінам ужо ахапілі анэксаваны Расеяй Крым, а таксама Забайкальле, Прымор’е і Курыльскія астравы, адзначае The Moscow Times. У панядзелак кіраўніцтва нафтавых кампаній выклікалі ва ўрад на нараду з віцэ-прэмʼерам Аляксандрам Новакам, які курыруе энэргетыку. На сустрэчы разглядалася магчымасьць перадаць рынку назапашаныя ў здабытчыкаў запасы бэнзіну, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Расейскія ўлады таксама зацікавіліся пастаўкамі паліва зь беларускіх НПЗ. У канцэрне «Белнафтахім» адзначаюць, што ў другой палове жніўня ў Расеі назіраецца павышэньне попыту на нафтапрадукты беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
«Беларускі бок апэратыўна рэагуе на рынкавыя зьмены і імкнецца задаволіць узрастаючы попыт з улікам эканамічнай мэтазгоднасьці», — напісалі ў «Белнафтахіме». Канкрэтныя абʼёмы паставак і дынаміка попыту не раскрываюцца.
Форум