Падчас кадравых прызначэньняў 13 кастрычніка Лукашэнка згадаў праблемы ў лёгкай прамысловасьці і сказаў, што «людзі нават не глядзяць на цану, калі бачаць беларускае». Распыталі беларусаў, дзе яны адзяваюцца.
«У Wildberries вельмі зручныя дастаўка і прымерваньне»
Беларуска Ксенія* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхняй бясьпекі. — РС) кажа, што яны з мужам адзеньне сабе купляюць рэдка. Тое, што ёсьць, носяць некалькі сэзонаў. Звычайна адзеньне набываюць дзецям, хоць таксама шмат яго аддаюць знаёмыя, у якіх дзеці старэйшыя на некалькі гадоў.
Суразмоўца адзначае, што ейны асноўны рэсурс — час. Маці звычайна яго не хапае. Яна кажа, што ня езьдзіла зь дзецьмі на рынак, хоць ведала, што там можа быць таньней.
«Мы ехалі ў гандлёвы цэнтар. І там сыстэмна ішлі па крамах і выбіралі: калі абутак — то абутковыя крамы, калі адзеньне — то з адзеньнем. Я не глядзела на вытворцу — Турэччына гэта, Беларусь або Кітай. Я глядзела на якасьць, каб яна была больш-менш. Калі гэта для дзіцяці, то мне ўвогуле трэба на сэзон, бо дзеці растуць. Калі гэта для нас з мужам, то глядзела лепшай якасьці», — расказвае суразмоўца.
Раней Ксенія працавала побач з крамамі беларускіх вытворцаў адзеньня. Яна ўспамінае, што калі ёй трэба было купіць, прыкладам, спартовыя штаны, то яна забягала ў краму ў абед.
«І „Калінка“ там ёсьць, і „Марк Фармэль“. Агулам мяне задавальняла якасьць беларускіх рэчаў. Ведаю, што многія незадаволеныя якасьцю таго ж „Марка Фармэля“: куплялі нешта дзецям, а яно хутка выцягвалася. Мы набывалі дзецям у школу, у нас нармальна насілася. Можа, гэта залежыць ад рэчы. Мы не куплялі дарагіх рэчаў. А тэніскі, шорты, штаны насіліся нармальна», — адзначае маці.
Яна дадае, што «Марк Фармэль» папулярны праз свае «фішачкі», надпісы, карціны на адзеньні, забаўныя шкарпэткі. Прычым цэны там невысокія.
Ксенія прызнаецца, што не купляе сабе дарагую бялізну ад «Мілавіцы».
«А бялізна сярэдняга цэнавага сэгмэнту насілася някепска. Свой тэрмін, колькі бялізна ў сярэднім павінна служыць, столькі яна і служыла», — заўважае яна.
Калі сям’я выяжджала за мяжу на адпачынак, то шмат адзеньня купляла там, успамінае суразмоўца. Бо, прыкладам, у Турэччыне ці Польшчы яно таньнейшае, чым у Беларусі. Адмыслова «на закупы» за мяжу яны ня езьдзяць.
«Калі мы былі ў Турэччыне, то паехалі па крамах. Мы выяжджалі з адной валізкай, а вярталіся зь яшчэ адной, вялізнай. Мы купілі там усё: курткі, шмот, нешта з абутку. Там усё вельмі таннае было. Тое самае — калі мы траплялі ў Польшчу, то ішлі ў гандлёвыя цэнтры. Асабліва калі траплялі на распродажы, то закупляліся. Нейкіх марак у Беларусі проста няма, хоць я ня бегаю за маркамі», — кажа Ксенія.
Таксама беларуска часта замаўляла адзеньне ў інтэрнэт-краме Wildberries, якая прадае расейскія і кітайскія тавары.
«Калі ў мяне зусім не было часу на крамы, я замаўляла кучу ўсяго на Wildberries. Прыходзіла ў пункт выдачы, мерала. Усё, што мне пасавала, забірала, што не — аддавала. Ты можаш замовіць хоць за рубель рэч, і табе яе прывязуць, табе ня трэба плаціць за дастаўку. У Wilberries вельмі зручная дастаўка, прымерваньне. І людзі гэтым вельмі актыўна карыстаюцца», — кажа яна.
Ксенія дадае, што ейныя больш модныя калегі, якія часта мяняюць убраньні, любяць упрыгожыцца, купляюць адзеньне праз Instagram, у інтэрнэт-крамах. Але яна ня ведае, дзе менавіта.
Абутак сям’я купляе адпаведна прынцыпу «цана — якасьць». На думку суразмоўцы, абутак у Беларусі даволі дарагі. Яны ня могуць дазволіць сабе купляць дзецям, якія хутка вырастаюць, на кожны сэзон новую пару па 100 рублёў. Ксенія кажа, што ў іх няма ўлюбленага вытворцы, тавары якога яны выбіраюць заўсёды. Калі трэба купіць абутак, яны едуць зь дзецьмі па ўсіх абутковых крамах: Marko, «Белвест», «Шагавіта», «Мегатоп».
«Калі ў Marko ці „Белвесьце“ ёсьць зьніжкі — а абутак там нятанны — тады мы з задавальненьнем куплялі. У нас ён някепска носіцца. Я і сабе некаторыя рэчы набывала. Часам там мадэлі такія, што ня вельмі падабаюцца. А часам глядзіш — і нічога, нейкія дызайнэры зьявіліся, нешта цікавае робяць. Мне здаецца, што ўзровень і дызайну, і якасьці крыху павысіўся. Калі раней было як для бабуляў, то цяпер ужо не», — кажа суразмоўца.
«Лён беларускі супэр»
Беларус Андрэй кажа, што ён сам адзеньне купляе рэдка: звычайна ў стоках (крамах адзеньня розных брэндаў) або ў сэканд-хэндах. У гандлёвых цэнтрах ён купляе шкарпэткі і майткі.
«У стоках заўжды ёсьць шанец знайсьці нешта, што адрозьніваецца якасьцю, нешта асаблівае. Сэканд-хэнды ў Беларусі дарагія: шорты, штаны каштуюць па 40–80 рублёў. „Беллегпрам“ можа быць нармальны, але часам за гэтыя грошы я ў стоку знайду лепшае», — адзначае ён.
Асноўныя месцы, дзе адзяваюцца іншыя, зь ягоных назіраньняў, — гэта сэканд-хэнды, турэцкая сетка раздробнага гандлю Waikiki і дастаўка з Wildberries. Ён мяркуе, што вырабы беларускіх вытворцаў, такіх як «Сьвітанак», ужо мала хто купляе. Ягоныя бацькі набываюць сабе адзеньне ў гандлёвых цэнтрах «На Нямізе», «Зеркало», таксама на рынках, якія таксама збольшага ператварыліся ў гандлёвыя цэнтры.
«На Wildberries можна з умоўнага Туркмэністану замовіць байку за капейкі», — кажа Андрэй.
Аднак, паводле яго, ёсьць і якасныя беларускія вырабы.
«Купіць паліто ў „Элеме“ заўжды было крута. Якасьць супэр. Але дорага. Магчыма, „Элема“ адзіная нармальная ў „Беллегпраме“», — мяркуе ён.
Таксама Андрэй адзначае якасьць адзеньня зь беларускага лёну.
«Лён беларускі супэр. Лён усе пакаленьні купляюць. Ён даволі нармальнай цаны. Гэта менскі „Кірмаш“ (сетка крамаў. — РС). У Эўропе лён гэта люкс, а ў нас звычайная рэч. Я на „Камволі“ тканіну купляў таксама», — кажа суразмоўца.
Ён дадае, што іхная сям’я шмат чаго купляе ў крамах горадзенскай фірмы Conte. Гэта ня толькі калготкі ці шкарпэткі, але і сподняе. Яно, паводле яго, добрай якасьці і недарагое.
«Частка людзей можа дазволіць сабе дызайнэрскае адзеньне»
Беларуска Дар’я кажа, што рэдка купляе сабе адзеньне. У тым ліку таму, што шмат рэчаў ёй аддаюць знаёмыя, бо ўжо нечага ня носяць ці бо ў іх памяняўся памер.
Яна заўважае, што зьявілася шмат беларускіх дызайнэрскіх крамаў. І людзі сталі больш адзявацца ў такіх кравецкіх студыях. Пры гэтым яна заўважае, што гэтае адзеньне не сказаць каб унікальнае, але зручнае, з дэталямі, якія адрозьніваюць яго ад фабрычнага. Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што цэны на яго не заўсёды высокія.
«Думаю, частка людзей можа дазволіць сабе дызайнэрскае адзеньне некалькі разоў у год. А камусьці падарылі грошай — і ён купіць. У тым жа Krikate футболка даражэйшая за сярэднюю цану. Але ты можаш знайсьці футболку Adidas за такую ж цану, як дызайнэрская», — кажа яна.
Наконт «Беллегпраму» Дар’я мяркуе, што якасьць у яго «падцягваецца», паляпшаецца. Яна сама носіць спадніцы беларускай вытворчасьці. Заўважае, што яны таньнейшыя.
«Я выпадкова купіла спадніцу ў дзяржаўнай краме. Гэта было супэртанна, менш за 30 рублёў. Яна выглядае сучасна, прыгожа. У ёй няма натуральных матэрыялаў, але выглядае яна нармальна», — прызнаецца дзяўчына.
Больш грунтоўныя рэчы — куртку, паліто — Дар’я не купляе ў мас-маркеце. Кажа, што лепш заплаціць больш, але набудзе больш якасную рэч, якую праносіць некалькі сэзонаў, прыкладам, у «Элеме» або Columbia.
«Часта якасьць патрабуе выдаткаў. Я заплачу, бо пранашу рэч некалькі гадоў. Я б у даражэйшыя залічыла „Элему“. Але тут цана ідзе за якасьцю. Паліто „Элемы“ сабе ня кожны можа дазволіць. Columbia для большасьці гаманцоў лічыцца дарагой, Adidas таксама», — кажа яна.
Абутак Дар’я купляе ў мультыбрэндавых крамах, не на рынку.
«Дзе знайшла, там і купіла. Я ня стаўлю сабе мэты: толькі такое або „ў „Белвест“ ня сунуся“. Не, што падыдзе, тое і купіла, калі якасьць будзе мяне задавальняць і цана», — кажа суразмоўца.
Форум