Прэс-служба H&M паведаміла выданьню Onliner, што крамы сеткі адкрыюцца 19 верасьня, але не надоўга — кампанія прыняла рашэньне згарнуць бізнэс у Беларусі.
«Мы часова зноў адкрыем нашы тры крамы для продажу рэшты тавараў і будзем трымаць іх адкрытымі на працягу абмежаванага пэрыяду часу», — сказалі ў прэс-службе H&M.
Сетка папулярнага брэнду адзеньня H&M прыйшла ў Беларусь тры гады таму. Першую краму швэдзкага мас-маркета адчынялі з натоўпамі і чэргамі ў Galleria Minsk. Пазьней крамы адкрыліся ў гандлёвым цэнтры Palazzo ў Менску і ў ГЦ Triniti у Горадні.
Вайна Расеі супраць Украіны стала прычынай новых эканамічных санкцый супраць Беларусі. Аднак некаторыя заходнія кампаніі пакідаюць беларускі рынак з уласнай ініцыятывы. З пачатку вайны ва Ўкраіне больш за 130 кампаній і сэрвісаў з самых розных сэгмэнтаў пачынаючы з таксі і банкаўскіх картак і заканчваючы працэсарамі для кампутараў, спынілі ці абмежавалі працу ў Беларусі. Сярод іх такія вядомыя кампаніі і сэрвісы, як Henkel, Bolt, ІКЕА, JYSK, Adobe, Intel, Airbnb, Booking, Cisco, DHL Express І многія іншыя.