Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муфтыя Беларусі запрасілі наведаць анэксаваны Расеяй Крым зь візытам


Сустрэча дэлегацыі анэксаванага Расеяй Крыму ў муфтыяце Беларусі
Сустрэча дэлегацыі анэксаванага Расеяй Крыму ў муфтыяце Беларусі

У Менску працягваюцца «Дні Крыму ў Беларусі».

Як паведаміў расейскі тэлеканал «Крым 24», 23 верасьня дэлегацыя, якую ачольвае намесьнік старшыні расейскага ўраду Крыму і сталы прадстаўнік Крыму пры прэзыдэнту Расеі Георгій Мурадаў, правяла сустрэчу з расейскім амбасадарам у Беларусі Барысам Грызловым і наведала муфтыят Беларусі.

«Нашыя дэлегацыі абмяняліся падарункамі. У муфтыяце Беларусі цяпер будзе вісець карціна, на якой адлюстраваная галоўная Мячэць, што знаходзіцца ў Сімферопалі, ну і натуральна, што наша дэлегацыя выступіла з запрашэньнем муфтыю Рэспублікі Беларусь наведаць Крым», — паведаміла карэспандэнтка крымскага тэлеканалу.

У той жа час пра адказ на гэтае запрашэньне з боку муфтыя Беларусі Абу-Бекіра Шабановіча ў сюжэце тэлеканалу не паведамляюць. Ніякай інфармацыі пра гэта няма і на афіцыйным сайце Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі.

Сустрэча ў амбасадзе Расеі ў Беларусі
Сустрэча ў амбасадзе Расеі ў Беларусі

Расейскае Крымскае інфармацыйнае агенцтва паведаміла, што Георгій Мурадаў выказаў зацікаўленасьць у супрацы з Іўем, дзе жыве найбольш татар у Беларусі.

«У горадзе Іўі ёсьць значная крымскататарская грамада, якая зьяўляецца нашымі суайчыньнікамі, таму мы, безумоўна, хочам і ім надаць увагу. Мы павінны надаць увагу мясцовай радзіме крымскіх татараў, паколькі заўсёды надаем увагу міжнацыянальным дачыненьнем. І гэта той кампанэнт, які зьвязвае цясьней нашыя шматнацыянальныя народы», — сказаў Мурадаў.

Барыс Грызлоў і прадстаўнікі расейскай адміністрацыі Крыму Георгій Мурадаў і Тацьцяна Манежына
Барыс Грызлоў і прадстаўнікі расейскай адміністрацыі Крыму Георгій Мурадаў і Тацьцяна Манежына

Згодна з інфармацыяй тэлеканалу «Крым 24», на сустрэчы з Барысам Грызловым дэлегацыя абмеркавала магчымасьць аднаўленьня чыгуначнага злучэньня Беларусі і Крыму, якое пакуль немагчымае праз умовы бясьпекі. У той жа час, як і раней, абмяркоўваюць магчымасьць далучэньня асобнага вагону да расейскіх цягнікоў у Смаленску.

У Міністэрстве культуры анэксаванага Расеяй Крыму паведамілі, што крымская дэлегацыя правяла таксама сустрэчы з намесьнікам старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Андрэем Боўтрыкам, а таксама з кіраўніцтвам і студэнтамі БДУ і шэрагу ВНУ ў Горадні.

У Нацыянальнай бібліятэцы 24 верасьня праходзіць круглы стол на тэму «Вынікі Ялты-45. Роля саюзнай дзяржавы ў новым сьветаўладкаваньні». Адзначаецца, што неўзабаве падпішуць дамовы і мэмарандумы аб супрацы паміж установамі сфэры культуры Крыму і Беларусі.

Беларусь пачала ўмацоўваць кантакты з анэксаваным Расеяй Крымам пасьля расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе:

  • У верасьні 2022 году пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і горад Севастопаль,
  • У сакавіку 2023 году дамову аб супрацы падпісалі Віцебскі аблвыканкам і акупацыйныя ўлады Крыму.
  • У чэрвені 2024 году ўлады Віцебска і Віцебскай вобласьці падпісалі пагадненьні з акупацыйнымі ўладамі Сімферопалю, Феадосіі і Сакаўскага раёну Крыму, а таксама пратакол аб намерах стварэньня свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск — Крым».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG