«Найбольшая праблема сёньня ў Беларусі — замясьціць той аб’ём, які мы ня можам сёньня прадаць праз пэўныя аб’ектыўныя прычыны ў Расейскай Фэдэрацыі, і на трэку далёкай дугі мы павінны ў гэтым пляну працаваць», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам, паведамляецца на ягоным сайце.
Аб праблемах з экспартам у Расею Лукашэнка згадаў, калі ацэньваў візыт Ігара Сергяенкі ў Віетнам, дзе той прасоўваў супрацу зь Беларускім аўтамабільным заводам і прадпрыемствам «Белшына».
5 верасьня Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі абнародаваў вынікі замежнага гандлю Беларусі. Згодна зь імі, экспарт Беларусі ў студзені — ліпені 2025 году скараціўся на 2,5 % да 22,619 мільярда даляраў, а імпарт павялічыўся на 2,6 % да 26, 177 мільярдаў даляраў. Дэфіцыт замежнага гандлю таварамі прадоўжыў расьці ў ліпені і дасягнуў 3,5 мільярда даляраў. Летась дэфіцыт зьнешняга гандлю таварамі за 7 першых месяцаў году складаў 2,3 мільярда даляраў, за год — рост у паўтара разу.
У жніўні, дзякуючы расейскай статыстыцы, стала вядома, што продажы аўтобусаў МАЗ у Расею за год праселі на 55%, а ўвоз аўтамабіляў упаў утрая. Летась Расея закупіла 30,7 тысяч аўтамабіляў, сёлета толькі 10,5.
Сёлета Беларусь прадала ў Расею бульбы ўдвая меней, чым летась. Адначасова Беларусь стала найбуйнейшым пакупніком расейскай сьвініны, хоць раней сама пастаўляла гэты прадукт у Расею.
У жніўні расейскі прамысловы холдынг «Цемрос», які аб’ядноўвае 18 цэмэнтных заводаў і больш за 30 кар’ераў па здабычы нярудных матэрыялаў, ініцыяваў увядзеньне абмежаваньня на імпарт цэмэнту, у тым ліку зь Беларусі. Для беларускага цэмэнту расейскі рынак стаў галоўным пасьля таго, як пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну для беларускіх вытворцаў закрыўся ўкраінскі рынак.
Пасьля поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны расейская эканоміка пачалася арыентавацца на вайсковыя мэты. Пры гэтым, праз міжнародныя санкцыі, скараціліся даходы, якія Расея атрымлівала ад продажу нафты і газу.
Днямі кіраўнік «Сбербанка» Герман Грэф заявіў, што расейская эканоміка ў другім квартале 2025 году ўвайшла ў стадыю «тэхнічнай стагнацыі».
Перад гэтым расейскі ўрад заявіў пра намер павялічыць падаткі для малога і сярэдняга бізнэсу, каб скараціць дэфіцыт бюджэту. Як адзначаюць экспэрты, калі гэта адбудзецца, крызіс у цывільным сэктары расейскай эканомікі можа набыць лявінападобны характар.
Форум