Сёньня ў пункт пропуску на мяжы з Польшчаю выклікаюць тых, хто зарэгістраваўся ўвечары 16 жніўня. Кіроўцам давялося чакаць амаль 10 дзён, піша Белсат.
Агулам жа ў чарзе каля 4328 легкавікоў. Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт заяўляе, што польскі бок выконвае норму пропуску толькі на 38%.
На літоўскім кірунку перад Меднікамі (Каменны Лог) у чаканьні знаходзяцца 300 аўтамабіляў, перад Салечнікамі (Беняконі) — 180.
Найбольш грузавікоў перад літоўскім пунктам пропуску Меднікі (Каменны Лог) — 340 фураў. За 24 гадзіны яго кантрольныя службы аформілі ўсяго 16% аўтамабіляў ад нормы, піша ДПК. Больш за 240 грузавікоў фіксуюць перад Салечнікамі (Беняконі).
Што прывяло да чэргаў?
Берасьце — адзіны даступны падарожнікам аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.
Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, дзеячу неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
19 верасьня 2023 году праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Форум