Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР павіншавала з угодкамі незалежнасьці Беларусі: «Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой»


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, архіўнае фота
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, архіўнае фота

З нагоды 34-й гадавіны аднаўленьня беларускай незалежнасьці ў 1991 годзе Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са сьвяточным зваротам.

«Аднаўленьне Незалежнасьці адбылося ў выніку намаганьняў палітычнага авангарду нацыянальнай дэмакратыі — Беларускага Народнага Фронту. Аднак за 25 жніўня 1991 году былі стагодзьдзі змаганьня нашых продкаў, усіх тых, хто не зьмірыўся з пакаваньнем спачатку царскай, а потым камуністычнай імпэрыі», — напісала Івонка Сурвіла.

Яна выказала меркаваньне, што Беларусь ня выкарыстала напоўніцу гістарычны шанец:

«На жаль, месца чужых захопнікаў заняў дыктатар, які ня толькі ня любіць зямлі, якую здабыў хлусьнёй, але якой ён гатовы гандляваць, каб утрымаць узурпаваную ім уладу. Здраджаны народ застаецца ў няволі, дыктатар пры падтрымцы Масквы разгарнуў супраць яго татальны тэрор, і сотні тысячаў беларусаў ня маюць іншага выйсьця, як шукаць прытулку на чужыне».

Сурвіла заклікала беларусаў і на радзіме і ў дыяспары, берагчы культуру, шанаваць спадчыну, ня страчваць пачуцьця прыналежнасьці да сваёй зямлі, захоўваць беларускую мову:

«У 2020-м годзе беларусы паказалі сьвету, што яны жывы народ, які жадае сам вырашаць свой лёс. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю сотняў тысяч беларусаў, мы застаемся адзіным народам — тыя, хто на Бацькаўшчыне і тыя, хто на чужыне».

Івонка Сурвіла заклікала беларусаў на радзіме і ў эміграцыі супрацоўнічаць, адкласьці пакуль што крытыку адных другімі:

«Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой. Бо залёгка было б двум дыктатарам — Пуціну і Лукашэнку — зьнішчыць нас да апошняга. Мусім зразумець што мы толькі тады асягнем нашую мэту, калі будзем зьяднанай нацыяй».

  • 25 жніўня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі надалі сілу канстытуцыйнага закону, што дэ-юрэ азначала абвяшчэньне незалежнасьці.
  • Была прыпыненая дзейнасьць КПБ-КПСС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG