Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адкрылася выстава «Горкія зёлкі» пра ахвяр Галакосту ў Беларусі, Латвіі і Літве


Марыя Гвардзейцава
Марыя Гвардзейцава

Выстава Марыі Гвардзейцавай «Горкія зёлкі» пераасэнсоўвае памяць пра Галакост праз каляжы, створаныя з расьлін, што растуць на месцах забойстваў ахвяр нацызму.

У Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве экспануецца выстава Марыі Гвардзейцавай «Горкія зёлкі». У траўні гэтая выстава экспанавалася ў Беларускім музэі імя Луцкевіча ў Вільні.

Праект прысьвечаны тэмам страты, памяці і Галакосту на землях «мяжы аселасьці», дзе ў гады Другой сусьветнай вайны былі зьнішчаны сотні тысяч габрэяў.

Месцы масавых расстрэлаў сёньня ператварыліся ў палі і лясы, і мастачка дасьледуе, як прырода «загойвае» траўмы і што адбываецца з чалавечай памяцьцю, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Аснову выставы склалі зёлкі, сабраныя на месцах масавых расстрэлаў у Беларусі. Яны ператварыліся ў сэрыю каляжоў і інсталяцыяй з элемэнтамі цела і матэрыялаў, якія сымбалізуюць увасабленьне памяці ў зямлі, расьлінах і чалавеку.

Праект стварае прастору для роздуму пра ўшанаваньне загінуўшых і ролю прыроды ў працэсе памяці, сказала выданьню мастачка:

«Я навучалася на курсе „Memory and Justice in Post-Conflict Societies“ у Goldsmiths — гэта курс пра памяць і справядлівасьць у пастканфліктных грамадзтвах. Гэта быў адзін з курсаў падчас майго мастацкага навучаньня, дзе я не магла рабіць выставы і пэрформансы, а мела проста пісаць эсэ. Вядома, я ня бачыла сваёй сувязі, напрыклад, з генацыдам у Руандзе, але ў мяне ёсьць асабістая сувязь з Беларусьсю. Я зь Беларусі, дзе да Другой сусьветнай вайны ў маленькіх гарадках 40% насельніцтва складалі габрэі. І ў адзін дзень іх зьнішчылі, а потым усе зрабілі выгляд, быццам гэтых людзей ніколі не існавала.

Таму я вырашыла пісаць эсэ пра мэмарыялізацыю Галакосту ў Беларусі і Латвіі. У мяне ёсьць досьвед жыцьця ў Латвіі — 9 гадоў, і гэтыя землі мне блізкія. Так я напісала эсэ, і як у любога мастака, усё гэта ператварылася ў мастацтва. Мяне вельмі ўразіла, што 95% месцаў масавых пахаваньняў ахвяраў Галакосту сёньня — гэта палі і лясы».

Для плянэты гэтыя месцы ўжо загоеныя, няма адкрытых ран, прызнае мастачка.

«Але да якой ступені нам трэба забываць нешта, каб працягваць памятаць — гэта мяне вельмі цікавіла і хацела дасьледаваць пытаньне праз мастацтва. Так нарадзіўся праект „Горкія зёлкі“, які вы можаце бачыць цяпер у Музэі Вольнай Беларусі».

Марыя Гвардзейцава на выставе ў Вільні
Марыя Гвардзейцава на выставе ў Вільні

Мастачка наведала каля 20 месцаў у Латвіі і Літве, а 5 месцаў у Беларусі, дзе адбываліся масавыя забойствы, наведалі яе сябры. У кожным месцы зьбіралі ўсе травы, якія там расьлі, і яна складала поўную мапу расьлін, каляжы, кожны зь якіх прысьвечаны аднаму з месцаў масавых забойстваў у Латвіі, Літве і Беларусі.

  • Марыя Гвардзейцава — візуальная мастачка, жыве ў Лёндане. Выпускніца Goldsmiths (MA Arts and Politics), вучылася ў Sotheby’s Institute of Art.
  • У сваіх працах дасьледуе памяць, страты і палітыку праз спалучэньне дакумэнта і мастацкіх мэтафар.
  • Выстава «Горкія зёлкі» будзе адкрыта ў Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве да 6 верасьня (аўторак—пятніца: 16:00–20:00, субота—нядзеля: 12:00–20:00). Уваход вольны. Адрас: вул. Фоксаль 11, Варшава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG