Як заўважыла выданьне «Люстэрка», урад прапанаваў дазволіць цяжкім і вялікагабарытным транспартным сродкам ажыцьцяўляць рух па дарогах агульнага карыстаньня з перавышэньнем вагі або габарытаў.
Але для гэтага перавозчыкаў абавяжуць атрымліваць адмысловы дазвол.
«Атрыманьне адмысловага дазволу ажыцьцяўляецца адпаведна заканадаўству аб адміністрацыйных працэдурах. Дапушальныя вагавыя і габарытныя парамэтры транспартных сродкаў, стаўкі платы за праезд па аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня, а таксама парадак яе разьліку, унясеньня і спагнаньня вызначае прэзыдэнт Беларусі», — адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі законапраекце.
Паводле «Люстэрка», такія дазволы можна атрымаць і цяпер, але пералік транспарту абмежаваны.
Апроч таго, улады хочуць расшырыць паўнамоцтвы Міністэрства транспарту. Урад прапанаваў, каб гэтае ведамства адсочвала, што адбываецца з цэнамі на рэсурсы (у тым лік на працоўныя, то бок расходы на заробкі) пры будаўніцтве і рамонце дарог.
«Удакладняецца парадак эксплуатацыі аўтамабільных дарог, дыягностыкі аўтамабільных дарог і дарожных збудаваньняў на іх. Вызначаюцца асаблівасьці дарожнай дзейнасьці датычна аварыйных і перадаварыйных дарожных збудаваньняў», — адзначаецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
Форум