Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргонях зрываецца частка аўтобусных маршрутаў — у аўтапарку не хапае амаль траціны кіроўцаў


Смаргоні, архіўнае фота
Смаргоні, архіўнае фота

Жыхары Смаргоняў, што ў Горадзенскай вобласьці, улетку ўжо не ўпершыню сутыкнуліся з «частковым зрывам» гарадзкіх аўтобусных маршрутаў: у мясцовым аўтапарку № 17 гэта патлумачылі «вострым дэфіцытам кадраў».

У дадатак да кадравых праблемаў, у ліпені адразу шэсьць кіроўцаў аўтобусаў пайшлі на бальнічны, піша выданьне «Сьветлы шлях» з спасылкай на інфармацыю мясцовай раёнкі.

Дырэктар аўтапарку № 17 Сяргей Субаткевіч паведаміў, што ў штаце цяпер 35 кіроўцаў. Ажно 14 месцаў застаюцца вакантнымі. Паводле яго слоў, менавіта такая колькасьць супрацоўнікаў неабходная, каб цалкам закрываць маршрутную сетку безь перапрацовак.

Ён адзначыў, што нядаўна заробак кіроўцаў павысілі на 15%. Цяпер яны атрымліваюць поўны сацыяльны пакет, а «зьдзельная сыстэма аплаты працы дае магчымасьць добрага заробку пры ўмове актыўнай працы».

Сёлета ў Смаргонях чакаюць чатыры новыя аўтобусы, а ў наступным годзе яшчэ шэсьць. Адзін аўтобус паставілі ў аўтапарк месяц таму.

Субаткевіч дадаў, што асаблівую ўвагу прыдзяляюць «аптымізацыі» маршрутаў. Нягледзячы на перавыкананьне пляну на асобных лініях, нагрузка разьмяркоўваецца нераўнамерна, таму плянуецца «карэктаваньне колькасьці рэйсаў для больш рацыянальнага выкарыстаньня транспарту».

Падобная сытуацыя назіралася і ў чэрвені: тады масавыя скасаваньні рэйсаў таксама тлумачылі недахопам кіроўцаў, а дадаткова спасылаліся на знос машынаў, які дасягнуў 67%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG