Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве ўзмацняюць захады бясьпекі перад вучэньнямі каля межаў Беларусі і Расеі


Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў. Архіўнае фота
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў. Архіўнае фота

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) Рустам Любаеў ня выключыў магчымых вайсковых правакацыяў падчас расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025».

«Гэта могуць быць і парушэньні дзяржаўнай мяжы, гэта можа быць парушэньне мяжы тэхнічнымі вайсковымі сродкамі», — сказаў Рустам Любаеў у інтэрвію Расейскай службе радыё LRT.

Паводле яго, сярод розных відаў магчымых правакацыяў у Літве не вызначаюць якога-небудзь аднаго, да якога рыхтавацца найперш.

«Гэта можа быць даволі вялікае кола ўсемагчымых рэчаў, да якіх мы гатовыя. [...] Мы гатовыя да ўсякага разьвіцьця сытуацыі, да ўсякага разьвіцьця дзеяньня і не адхіляем ніводнага з магчымых варыянтаў», — дадаў ён.

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначыў, што ўжо ёсьць зацьверджаны плян на выпадак такіх правакацыяў.

«Усе тыя захады, што прадугледжаныя, маюць пэўны грыф сакрэтнасьці. Гэта непублічная інфармацыя. Проста магу запэўніць у тым, што наша служба, як і іншыя службы Міністэрства ўнутраных справаў, гатовая. Раней быў падрыхтаваны і зацьверджаны плян захадаў, які прадугледжвае супольныя дзеяньні прадстаўнікоў памежнай службы, паліцыі, іншых службаў, такіх, як служба грамадзкай бясьпекі», — паведаміў Рустам Любаеў.

Паводле яго, прадугледжана таксама ўзаемадзеяньне з арміяй і іншымі дзяржаўнымі структурамі. «Да гэтых вучэньняў мы ўжо рыхтаваліся пэўны час. Будуць дысьлякаваныя, натуральна, дадатковыя сілы і сродкі на дзяржаўнай мяжы. І наша служба будзе ахоўваць мяжу ва ўзмоцненым рэжыме», — падкрэсьліў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў.

У той жа час літоўскія ўлады пакуль што ня бачаць «асаблівай небясьпекі» ад правядзеньня вучэньняў «Захад-2025».

12 жніўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што галоўная мэта вучэньняў «Захад-2025», якія будуць праходзіць з 12 да 16 верасьня, падпарадкавана праверцы магчымасьцяў Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію. Колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не паведамляюць.

13 жніўня міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што на вучэньнях «Захад-2025» адпрацуюць таксама «плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і „Арэшніку“».

Спачатку ўлады Беларусі падкрэсьлівалі, што гэтыя вучэньні плянавыя і рэгулярныя, але апошнім часам усё часьцей сьцьвярджаюць, што яны сталі адказам «на мілітарызацыю» ў суседніх Польшчы і краінах Балтыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG