На сёньня фонд атрымаў 151 заяўку на дапамогу 244 дзецям палітзьняволеных — ужо вызваленых і тых, хто яшчэ ў няволі.
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 эўра. Звычайна бацькі і апекуны выдаткоўваюць гэтыя грошы на адзеньне, сшыткі і кнігі. Былым палітзьняволеным даводзіцца сплочваць прысуджаныя штрафы дзяржаве, спрабаваць уладкаваць сваё жыцьцё наноў у іншай краіне, і таму гэтая дапамога вельмі каштоўная, адзначылі ў фондзе.
«Найбольшыя выдаткі, калі зьбіраю дзяцей у школу, гэта адзеньне, абутак, заплечнікі. Напрыклад, нам патрэбныя мінімум чатыры пары абутку. Плюс будуць тры рэпэтытары. У мяне няма іншага выйсьця: трэба выжыць, пракарміць сябе і дзяцей. Таму я адкладаю, але ўсё роўна кожны верасень — гэта яма ў бюджэце. Таму я заўсёды ўдзячная любой падтрымцы, любой суме. Гэта скарб для мяне ў сытуацыі, калі можаш разьлічваць толькі на сябе», — гаворыць Ангеліна, адна з атрымальніц дапамогі.
На 19 жніўня BYSOL выплаціў дапамогу 82 дзецям з 244. Збор сродкаў працягваецца.
Форум