Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Жыгар: «Мы робім усё, каб Шынвізэ быў прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасьці»


Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў Уладзімер Жыгар на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў сытуацыю вакол былога намесьніка начальніка бабруйскай калёніі № 2 Дзьмітрыя Шынвізэ, які, па інфармацыі «Нашай Нівы», рэпатрыяваўся ў Нямеччыну і атрымаў грамадзянства гэтай краіны празь нямецкія карані свайго бацькі Рудольфа Шынвізэ.

— Гэты грамадзянін Рэспублікі Беларусь праходзіў службу ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, і Шынвізэ быў ня проста нейкім шраговым супрацоўнікам, ён быў намесьнікам начальніка калёніі.

Па той інфармацыі, якую мае Belpol, ён быў датычны да негуманнага абыходжаньня са зьняволенымі, у тым ліку з палітвязьнямі, ажыцьцяўляў падчас сваёй службы рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян, менавіта асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах. Ня так даўно ён рэпатрыяваўся па лініі свайго бацькі і прыехаў, пераехаў у Нямеччыну.

Цяпер Belpol знаходзіцца ў кантакце з усімі дэмакратычнымі інстытутамі, якія працуюць па гэтым напрамку. З нашага боку быў накіраваны запыт у нямецкую пракуратуру. Мы таксама ўжо размаўлялі з нашымі нямецкімі партнэрамі па гэтым пытаньні. Таксама будзем яшчэ сёньня мець зносіны з нашымі партнэрамі ў іншых дзяржавах, якія таксама зацікаўленыя ў тым, каб Шынвізэ быў прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасьці.

Так, ён атрымаў грамадзянства Нямеччыны. Як ён патрапіў на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу, нам таксама вядома. Гэта была, умоўна кажучы, аднаразовая віза, па якой ён проста прыехаў у Нямеччыну, і там ужо непасрэдна ў паліцыі атрымаў пашпарт грамадзяніна Нямеччыны.

Мы адправілі запыт у Міністэрства замежных спраў наконт гэтай справы. Для нас вельмі важна, каб было ўзьнятае пытаньне вось аб чым: калі ён запаўняў анкеты пры рэпатрыяцыі, ці паказваў ён гэтую частку сваёй біяграфіі. Таму што калі ён не паказваў гэтага, калі ён, скажам так, падмануў Нямеччыну, тады гэта можа разглядацца ў тым ліку як ухіленьне ад пакараньня на тэрыторыі Нямеччыны, паводле іх законаў.

Мы таксама стараемся падключаць усіх нашых партнэраў зь нямецкай палітычнай сфэры для таго, каб яны таксама накіроўвалі запыты па парлямэнцкай лініі ў пракуратуру Нямеччыны. Гэта трэба для таго, каб яна дала канкрэтны адказ па тым, як ён наогул запаўняў гэтыя дакумэнты. Бо адносна яго можа дзейнічаць міжнародная юрысдыкцыя, гэта значыць унівэрсальная. Мы хочам ведаць, ці разглядаюць яны такое пытаньне зноў-такі ў адпаведнасьці з канвэнцыяй ААН, і ўсё іншае.

Гэтая праца дастаткова няпростая, таму што гэта такі першы рэальны выпадак. Магчыма, першы і апошні. Таму тут вельмі важна адпрацаваць гэта максымальна, з максымальным эфэктам для нас.

— Я ведаю, што ў санкцыйных сьпісах быў начальнік трумы на Акрэсьціна, ягоныя намесьнікі, а вось ці былі там кіраўнікі асноўных калёній, дзе гінулі палітычныя заняволеныя? Як шмат людзей увогуле, якія ў гэтай сыстэме працуюць, знаходзяцца ў санкцыйных сьпісах?

— На жаль, зараз сытуацыя такая, што гэтага ня так шмат, як нам хацелася б. Таму што пытаньні правоў чалавека ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне зараз адыходзяць на другі плян. Калі мы маем зносіны з нашымі партнэрамі, лябіруем тыя ці іншыя санкцыйныя кейсы, то стаўка робіцца ў асноўным на ўдзел тых ці іншых фізычных асоб або юрыдычных асоб у вайне супраць Украіны. І калі застаюцца вольныя слоты з нагоды, напрыклад, уключэньня тых ці іншых людзей у санкцыйныя сьпісы, людзей, якія парушаюць правы чалавека ў Беларусі, вядома ж, гэта робіцца.

Але, паўтаруся, як правіла, стаўка робіцца менавіта на ўдзел тых ці іншых людзей, тых ці іншых фізычных, юрыдычных асоб у вайне супраць Украіны. Гэта праблема, таму што апроч усяго іншага, безумоўна, існуюць лябісты рэжыму, якія максымальна імкнуцца перашкаджаць увядзеньню тых ці іншых санкцый, лябіююць, каб увогуле санкцыі ў прынцыпе не прымаліся. І нам даводзіцца, апроч бюракратычных момантаў, якія маюцца ў Эўропе, пераадольваць і такое супраціўленьне. Але мы яго ўсё яшчэ пераадольваем, і гэта добра.

— А ці ёсьць у беларускіх праваабаронцаў, усіх тых арганізацый, якія займаюцца сытуацыяй з палітвязьнямі, нейкі шырокі сьпіс людзей, якія працуюць у гэтай сыстэме?

— Насамрэч яго, напэўна, няма. Ён, у прынцыпе, ёсьць у Belpol, бо ў Belpol ёсьць у распараджэньні ўсе базы дадзеных, і мы ведаем, хто, які чалавек, у які час і дзе праходзіў службу ў тых ці іншых органах унутраных спраў, альбо Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Гэта ёсьць, і таму, калі да нас зьвяртаюцца тыя ж самыя праваабаронцы, журналісты, мы можам гэтую інфармацыю верыфікаваць, пацьвердзіць, што гэта так, ці, напрыклад, абвергнуць, сказаць, што сытуацыя абсалютна іншая.

Такая самая сытуацыя адбылася і з выданьнем «Наша Ніва»: калі яны зьвярнуліся з пытаньнем [пра Шынвізэ], мы пачалі яго сумесна разглядаць, і ў канчатковым выніку выйшлі на такі артыкул, які паказвае, што не шараговы карнік, а чалавек, які сапраўды ўдзельнічаў у палітычна матываваных рэпрэсіях у дачыненьні да асоб, якія былі асуджаныя і знаходзіліся ў папраўчай калёніі № 2, ён цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне. І гэта было для нас, вядома, вельмі непрыемным званочкам, бо мы вельмі часта чуем выразы аб тым, што беларусам не хапае віз.

І выпадак Шынвізэ — гэта толькі публічны кейс. Ёсьць яшчэ некалькі падобных кейсаў літаральна за апошнія некалькі тыдняў. Яны насамрэч трошкі іншыя, але ўсё роўна мы гаворым пра былых ці цяперашніх прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Эўрапейскага Звязу. Можа, не такіх, канечне, высокапастаўленых, але ўсё ж. І ўзьнікае пытаньне: дык у нас ёсьць праблемы зь візамі ці не? Таму што такія людзі трапляюць на тэрыторыю Эўрзьвязу дастаткова беспраблемна.

Зноў паўстае пытаньне вэрыфікацыі, таму што калі мы не вэрыфікуем беларусаў, якія прыяжджаюць, гэта пагражае як нашай бясьпецы, так і бясьпецы дзяржаў, куды яны прыяжджаюць. І гэтае пытаньне мы імкнемся паднімаць усюды і максымальна спрабуем лябіяваць стварэньне нейкага вэрыфікацыйнага цэнтру, альбо зацікаўліваць дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу, каб яны зьвярталіся наконт вэрыфікацыі. Не абавязкова да нас. Гэта можна рабіць, напрыклад, праз Аб’яднаны пераходны кабінэт, праз Народную амбасаду, праз прадстаўніцтва дэмакратычных сіл у тых ці іншых краінах. Але, галоўнае, каб гэта было. Нам галоўнае, каб адбывалася гэтая вэрыфікацыя, таму што сытуацыя сапраўды дастаткова такая складаная.

  • У Баруйскай калёніі, дзе працаваў Дзьмітрый Шынвізэ, сядзеў палітвязень Ігар Леднік, якому не аказалі належную мэдычную дапамогу і ён памёр, там сядзеў палітвязень Юрась Зянковіч, дагэтуль знаходзіцца Эдуард Бабарыка, у калёніі у № 2 у Бабруйску першы тэрмін адбываў нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG