МУС Нямеччыны на старонцы сайта з апісаньнем гуманітарных праграм паведаміла, што «цяпер працэдуры гуманітарнага прыёму прыпыненыя».
Сярод тых, хто мог атрымліваць нямецкія гуманітарныя візы, былі і ўладальнікі пашпартоў Беларусі і Расеі, якія «падвяргаюцца асаблівай рызыцы ў сувязі з вайной, прасоўваньнем ідэй дэмакратыі і правоў чалавека або крытыкай рэжыму».
Прыпыненыя таксама асобныя гуманітарныя праграмы для грамадзян Аўганістана, Сырыі.
Узмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі стала часткай пагадненьня новай кіроўнай кааліцыі. У выніку ў траўні ўрад ФРГ зацьвердзіў законапраект аб адмене магчымасьці паскоранага атрыманьня грамадзянства замежнікамі і магчымасьці ўзьяднаньня асобных груп бежанцаў з чальцамі сям’і.
Праваабаронцы адзначаюць, што прыпыненьне не датычыцца людзей, якія ўжо знаходзяцца ў Нямеччыне па гуманітарнай візе. Падаўжэньне часовага пасьведчаньня на права жыхарства па гэтай падставе працягнецца ў звычайным парадку.
Па дадзеных выданьня The Bell, затрымкі з ухваленьнем рашэньняў назіраюцца ўжо некалькі тыдняў.
Вядома, што з пачатку 2022 года гуманітарныя візы атрымалі каля 3000 расейцаў.
Як паведамляе @dw_belarus, па гэтай праграме Нямеччына прыняла з 2020 па 2024 гады 267 грамадзян Беларусі, найбольш такіх віз беларусы атрымалі ў 2022 годзе — 125.
Форум