Пра тое, як сталічныя ўлады зьбіраюцца вырашаць праблему, расказаў намесьнік дырэктара і галоўны інжынэр «Гаррамліўнесьцёку» Аляксей Фільчанкаў. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва «Минск-Новости».
У сталіцы функцыянуе сетка ліўневай каналізацыі працягласьцю 2125,9 км. Падземныя інжынэрныя камунікацыі правяраюць штомесяц, каб пераканацца, што яны ў добрым стане і не забітыя сьмецьцем. Штогод праводзяць унутраныя абсьледаваньні з спускам у калодзеж або з выкарыстаньнем тэлеінспэкцыі, а пасьля надзвычайных сытуацыяў — няплянавыя праверкі.
Для паскарэньня скіду вады пры падтапленьнях адмыслоўцы розных службаў часам адкрываюць дажджапрымальныя краты і люкі назіральных калодзежаў. Магутны струмень, натуральна, зацягвае ў іх паверхневае сьмецьце, а таксама пясок з вулічна-дарожнай сеткі і зямлю з траўнікаў.
Пры праектаваньні ліўневых калектараў зважаюць, каб іх дыямэтры адпавядалі плошчы вадазбору з патройным запасам. Аднак рэкордныя ападкі часам перавышаюць нават гэтыя парамэтры. Летнія дажджы часта ідуць палосамі, закранаючы толькі асобныя раёны, у той час як рэльеф Менску зь яго ўзвышшамі і нізінамі спрыяе рэгулярным падтапленьням.
У ліквідацыю наступстваў падтапленьняў залучаюць розныя гарадзкія службы згодна з плянам «Пасэйдон». Цалкам ухіліць падтапленьні мог бы дыямэтар ліўневай каналізацыі каля 6 мэтраў —амаль як тунэль мэтро. Але такі праект горад ня зможа рэалізаваць праз шчыльную забудову і разьмяшчэньне інжынэрных сетак.
Чыноўнік расказаў, што ўлады робяць, каб даць рады падтапленьням. За апошнія гады ў Менску пунктаў, дзе паўтараюцца падтапленьні, паменела з 150 да 100. У рамках праграмы паляпшэньня сытуацыі рэалізуюць некалькі буйных праектаў. Напрыклад, будуецца калектар дыямэтрам 2 мэтры да ачышчальных збудаваньняў вёскі Яркава, які дапаможа зьнізіць нагрузку на дзейныя магістралі.
Таксама ўлады заплянавалі будаўніцтва трох аварыйных выпускаў у праблемных раёнах вуліц Ванеева, Васьняцова і Пляханава. Адзін зь іх ужо на стадыі прыёму ў эксплюатацыю, два іншыя завяршаюць. Праекты аналягічных дадатковых збудаваньняў рыхтуюць для Маскоўскага і Фрунзэнскага раёнаў сталіцы, дзе інтэнсіўная забудова прыводзіць да пашырэньня асфальтавага пакрыцьця, а яно воданепранікальнае.
На стадыі праектаваньня калектарная галіна на Партызанскім праспэкце, якая мае перадухіляць падтапленьні ў праблемных зонах гэтага раёну. Найбольшую ўвагу зараз надаюць праектаваньню такіх спарудаў у комплексе «Паўночны Бераг». Раней у раёне «Менск-Мір» увялі ў эксплюатацыю магутны калектар даўжынёй звыш 3 км.
Форум