У сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі працягваецца канфэрэнцыя Helsinki+50, прысьвечаная пяцідзесяцігодзьдзю падпісаньня Хэльсынскіх пагадненьняў. 1 жніўня на адной з пляцовак канфэрэнцыі адбылася сустрэча, прысьвечаная правам чалавека ў Беларусі, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
У ёй ўдзельнічалі Сьвятлана Ціханоўская і беларускія праваабаронцы Натальля Сацункевіч зь «Вясны» і Кацярына Дзяйкала зь Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Натальля Сацункевіч сярод іншага расказала пра перасьлед, які зьведалі і працягваюць на сабе адчуваць «вясноўцы», у тым ліку лідэр арганізацыі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, палітзьняволены Алесь Бяляцкі.
«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі сур’ёзнай. Рэпрэсіі працягваюцца і прымаюць новыя формы — многія зь іх адбываюцца моўчкі, без грамадзкай увагі. У „Вясьне“ мы вітаем кожнае вызваленьне. Кожнае вызваленьне — гэта выратаванае жыцьцё і сямʼя, што вяртае свайго блізкага чалавека. Мы заклікаем усе ўрады і арганізацыі працягваць працу для вызваленьня ўсіх палітвязьняў і дапамагчы спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.
Сёньня ў турмах усё яшчэ знаходзяцца больш за 1 000 палітвязьняў, уключна зь ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім. Алесь — мой калега, заснавальнік і кіраўнік Праваабарончага цэнтру „Вясна“. Чацьвёра сяброў „Вясны“ знаходзяцца ў турме ў вельмі цяжкіх умовах. Яны пад пастаянным ціскам з боку турэмнай адміністрацыі, вымушаныя працаваць шэсьць дзён на тыдзень, не атрымліваюць належнай мэдычнай дапамогі і дастатковага харчаваньня», — расказала Натальля Сацункевіч.
Паводле Сацункевіч, «вясноўцам» стала працаваць складаней, бо людзі ў Беларусі сур’ёзна рызыкуюць, калі кантактуюць з праваабаронцамі. Але і ў такіх складаных умовах «Вясна» штомесяц атрымлівае да тысячы запытаў аб дапамозе, паведаміла праваабаронца.
«Людзі напалоханыя, семʼі палітвязьняў зьведваюць пакараньні толькі за салідарнасьць і падтрымку, некаторым выстаўляюць крымінальныя абвінавачаньні. „Вясна“ працягвае працаваць у выгнаньні нягледзячы ні на што. Але нават за мяжой мы не ў бясьпецы. Мяне афіцыйна вышукваюць у Расеі.
Маіх калегаў завочна асудзілі на 5 гадоў турмы — толькі за тое, што яны давалі інтэрвію незалежным мэдыя ці крытыкавалі рэжым. Уявіце: пяць гадоў турмы толькі за інтэрвію. Але мы працягваем працаваць. Бо людзям у Беларусі па-ранейшаму патрэбныя наш голас і падтрымка», — сказала Натальля Сацункевіч на канфэрэнцыі ў Хэльсынкі.
У вязьніцах Беларусі з 2020 году трымаюць валантэрку «Вясны» Марфу Рабкову, з 2021 году — «вясноўцаў» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча, трэці год за кратамі былая «вясноўка», актывістка Human Constanta Наста Лойка. Праваабаронцаў «Вясны» былога палітвязьня Леаніда Судаленку і Алену Масьлюкову летась завочна асудзілі на зьняволеньне нібыта «за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў). Выйшаў на волю 18 красавіка 2025 году.
Форум