Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаную праваабаронцу Насту Лойку на паўгода перавялі ў «памяшканьне камэрнага тыпу»


Наста Лойка. Архіўнае фота
Наста Лойка. Архіўнае фота

Раней ад Насты Лойкі даходзілі зьвесткі аб праблемах са здароўем.

Зьняволеную праваабаронцу Насту Лойку перавялі ў «памяшканьне камэрнага тыпу» (ПКТ) на паўгода, піша ініцыятыва Dissidentby. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла і «Наша Ніва» з спасылкай на свае крыніцы.

Паводле крыніц Свабоды, апошні ліст ад Насты быў 20 ліпеня, там было напісана, што «наступнай перадачы ня будзе», што можна ўспрымаць як намёк на зьмену ўмоваў яе ўтрыманьня.

ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, від пакараньня ў калёніі за парушэньне рэжыму. Тым, хто ў ПКТ, выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасьцельную бялізну. Яны могуць выходзіць з камэры раз у дзень на паўгадзінны шпацыр, «атаварка» для іх абмежаваная адной базавай велічынёй, ад родных яны могуць атрымаць толькі адну бандэроль ці дробны пакет за паўгода.

Насту Лойку затрымалі 22 кастрычніка 2022 году, а ў чэрвені 2023 году на закрытым працэсе асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня паводле 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці або звады»). Восеньню таго ж году праваабаронцу зьмясьцілі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі.

Падставаю для крымінальнай справы стаў удзел Насты ў напісаньні справаздачы аб перасьледзе анархістаў Беларусі ў 2018 годзе. У дакладзе крытычна ацэнена дзейнасьць міліцыі, што сьледчыя ўспрынялі як «распальваньне варожасьці» да прафэсійнай групы сілавікоў.

Вядома, што у калёніі Наста Лойка працуе на швацкай вытворчасьці. Раней ад Насты даходзілі зьвесткі аб праблемах са здароўем.

Беларускія праваабаронцы прызналі Насту Лойку палітзьняволенай, а таксама уганаравалі яе Прэміяй праваабарончай супольнасьці Беларусі за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG